Пакуль у Авазу зляталіся кіраўнікі дзяржаў СНД, у Мінску ў чацвер прайшло другое пасяджэнне Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Тут сабраліся кіраўнікі вышэйшых судовых органаў Беларусі, Таджыкістана, Казахстана, Арменіі (дыстанцыйна), Кыргызстана, Расіі, Узбекістана, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі і Выканаўчага камітэта СНД.
Ключавая пляцоўка для плённага партнёрства
У прывітанні ўдзельнікам пасяджэння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным, што мерапрыемства праходзіць у перыяд 35-годдзя ўтварэння СНД. «Гэта аб’яднанне стала ключавой пляцоўкай для плённага партнёрства краін постсавецкай прасторы на аснове раўнапраўнага дыялогу, узгодненых падыходаў і нацэленасці на паляпшэнне жыцця людзей», — гаворыцца ў прывітанні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівае значэнне для забеспячэння абароны правоў грамадзян і арганізацый краін Садружнасці мае супрацоўніцтва ў сферы правасуддзя па збліжэнні нацыянальных прававых сістэм, абмене вопытам і ўкараненні перадавых практык. «Сёння на першы план выходзяць канкрэтныя задачы, сярод якіх узаемнае прызнанне і выкананне судовых пастаноў, удасканаленне механізмаў прававой дапамогі, лічбавізацыя судовай дзейнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт і выказаў упэўненасць, што гэта сустрэча будзе садзейнічаць выпрацоўцы сумесных эфектыўных рашэнняў па актуальных пытаннях правасуддзя, умацаванню гуманітарных, эканамічных і прававых сувязяў паміж нашымі народамі.
Комплексная ацэнка
Старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі Андрэй ШВЕД паведаміў, што ў рамках Савета ўпершыню прааналізавана практыка прызнання і выканання судовых рашэнняў краін Садружнасці:
— Мы пастараліся комплексна паглядзець, як на практыцы ў дзяржавах СНД прымяняюцца палажэнні міжнародных дагавораў аб прызнанні і выкананні судовых рашэнняў, якія падыходы з’яўляюцца ўжо агульнымі, у якіх пытаннях захоўваюцца адрозненні і, самае галоўнае, якія праблемы патрабуюць нашага сумеснага абмеркавання і вырашэння.
Па яго словах, прызнанне і выкананне замежных судовых рашэнняў з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў міжнароднай прававой дапамогі. Ад таго, наколькі эфектыўна дзейнічае гэты інстытут, у многім залежыць рэальная судовая абарона грамадзян і арганізацый за межамі дзяржавы, у якой вынесена рашэнне. Інакш кажучы, судовае рашэнне павінна захоўваць сваё практычнае значэнне і тады, калі неабходнасць яго выканання выходзіць за нацыянальныя межы.
Абагульненне судовай практыкі паказала, што краіны СНД у гэтай сферы ўзаемадзейнічаюць дастаткова актыўна. Склалася неабходная міжнародная прававая база, назапашаны значны вопыт узаемадзеяння судоў і іншых кампетэнтных органаў.
У цэлым Андрэй Швед падкрэсліў каштоўнасць праведзенай сумеснай работы. Першы падрыхтаваны ў рамках Савета аналіз практыкі прызнання і выканання замежных судовых рашэнняў даў магчымасць убачыць пытанні, якія патрабуюць далейшага сумеснага асэнсавання. Старшыня Вярхоўнага Суда выказаўся наконт працягу такой аналітычнай работы.
Дзейнічаць на апярэджанне
Абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння і не менш важнае пытанне, якое датычыцца лічбавізацыі працэсаў судаводства.
— Ніякі штучны інтэлект не заменіць суддзю, яго сумленне, яго ўнутраныя перакананні, веданне законаў, — заўважыў Андрэй Швед. — Але тыя тэхналогіі, якія мы будзем укараняць і ўжо ўкараняем у практыку нашых судоў, даюць магчымасць значна аптымізаваць працэс судаводства, паскорыць многія моманты і забяспечыць больш якасны і поўны разгляд спраў.
Разам з вырашэннем традыцыйных задач ва ўмовах імклівай лічбавай трансфармацыі грамадства судовая сістэма сутыкаецца з новымі маштабнымі выклікамі. Яны патрабуюць не проста своечасовага рэагавання, але і на аснове судовай практыкі — фарміравання апераджальнага заканадаўства для належнай абароны правоў грамадзян у лічбавай сферы, лічыць Старшыня Канстытуцыйнага Суда Беларусі Сяргей СІВЕЦ:
— Эфектыўнае ажыццяўленне правасуддзя, надзейная абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, забеспячэнне вяршэнства права выступаюць надзейным фундаментам стабільнасці ў дзяржавах СНД.
Па яго словах, менавіта судовая ўлада адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні прамога дзеяння Асноўнага Закона, напаўненні рэальным зместам канстытуцыйных гарантый для зацвярджэння прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці.
Сяргей Сівец дадаў, што ўдасканаленне судовых працэдур, уключаючы практыку разгляду спраў аб прызнанні і выкананні рашэнняў нацыянальных судоў, служыць умацаванню агульнай прававой прасторы і павышэнню даверу грамадзян да інстытутаў дзяржаўнай улады. Паслядоўнае збліжэнне правапрымяняльнай практыкі ў гэтай сферы — трывалая аснова для ўмацавання агульнай прававой прасторы, развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў паміж краінамі Садружнасці.
Выключна практычны характар
Таксама Андрэй Швед агучыў на пасяджэнні прапановы Вярхоўнага Суда Беларусі для ўдасканалення міжнародна-прававых механізмаў супрацоўніцтва судовых сістэм краін СНД. А што датычыцца рашэнняў Савета старшынь вярхоўных судоў СНД, яны будуць мець выключна практычны характар, падкрэсліў ён:
— Гэта дазволіць з улікам практыкі прызнання, выканання судовых рашэнняў забяспечыць вяршэнства закона ў дзяржавах СНД, а таксама атрымліваць аператыўнае і, галоўнае, поўнае выкананне рашэнняў судоў. Правасуддзе можа перамагаць толькі тады, калі рашэнне суда выканана ў поўным аб’ёме.
Сяргей РУЧАНАЎ, Віктар ЛЮБІМАЎ
Фота БелТА