Top.Mail.Ru
0

Як пасля ўборкі кукурузы сеюць азімыя

13.10.2026 | 13:40

Гэтымі днямі аграрыі ўбіраюць апошнія гектары кукурузы, і ў палях адразу пачынаецца новы цыкл: глеба ўзворваецца, уносяцца ўгнаенні і ўжо кладуцца радкі насення азімых — аснова будучага ўраджаю. У КСУП «Нясята-АГРА», што ў Клічаўскім раёне Магілёўшчыны, гэты бесперапынны рытм адчуваецца асабліва востра. Тут не любяць спасылацца на надвор’е ці абставіны — тут проста працуюць. Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў поле, каб убачыць, як рупяцца вяскоўцы дзеля будучага багатага ўраджаю.


«Мы стараемся кожны раз рабіць лепш, чым было. Так трэба», — не без гонару кажа дырэктар гаспадаркі Дзмітрый ЛАСЕНКА, які сустракае нас на падворку канторы і адразу запрашае ў поле. КСУП «Нясята-АГРА» спецыялізуецца на раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Восеньская гарачая пара — у разгары. Тут убіраюць кукурузу на сілас, рыхтуюць глебу для будучага ўраджаю, сеюць азімыя. «Дзякуючы падтрымцы дзяржавы паліва своечасова паступае, — кажа дырэктар. — Усе работы вядуцца плаўна, планамерна, прастояў няма. На сілас засталося ўбраць каля 150 гектараў кукурузы з 450 пасеяных», — тлумачыць Дзмітрый Ласенка.


Сіласныя траншэі размешчаны на тэрыторыі жывёлагадоўчых аб’ектаў. На дадзены момант амаль усе закладзены. Па словах дырэктара, засталося запоўніць толькі адну. «Мы паспелі амаль усё ўбраць, адначасова ідзе падрыхтоўка глебы і пасеў, — дадае Дзмітрый Ласенка. — Раслінаводства ў нас — асноўнае, неабходна захоўваць тэхналогію. Таму палі ад кукурузы вызваляюцца хутка, і мы робім своечасовую падрыхтоўку глебы».

Цяпер вядзецца пасеў азімага трыцікале — па плане 280 гектараў, работы выкананы амаль на 90 %. «Яшчэ ў планах — акрамя 70 гектараў трыцікале — паспець пасеяць азімага рапсу 50 гектараў», — удакладніў дырэктар.



Мы едзем у поле. Па дарозе Дзмітрый Мікалаевіч тлумачыць, што адбываецца на палетках яго гаспадаркі. Па правую руку ад шашы працуе беларускі магутны трактар з дыскатарам, які падрыхтоўвае глебу пасля ўборкі кукурузы пад сяўбу. Учора тут стаялі палі з кукурузай, а сёння адначасова ідзе падрыхтоўка глебы і сама сяўба. На другім баку ад шашы бачым апрацаванае поле, якое засяваецца.

На полі працуе механізатар Павел КОЎРЫК. У яго руках — МТЗ 3522, энерганасычаны айчынны трактар. У тэхніцы — 380 конскіх сіл. Калі мы ехалі побач, здавалася, што ўзлятае рэактыўны самалёт. «Гэта турбіна працуе», — спакойна тлумачыць Павел Леанідавіч.

«Мне даверылі такую складаную тэхніку, — усміхаецца механізатар, стаж якога ў сельгаспрадпрыемстве — амаль чвэрць стагоддзя. — Да гэтага на КЗРах працаваў (КЗР-10 „Палессе-Ротар“ — першы беларускі модульны зернеўборачны ротарны комплекс вытворчасці завода „Гомсельмаш“. — „Зв.“). Магу любой тэхнікай кіраваць».


Пытаемся ў Паўла Коўрыка, ці складана працаваць на такім магутным трактары. «Не, нават лягчэй, — кажа ён. — Камфортна, менш стамляешся, кандыцыянер працуе — усё ёсць, не паскардзішся».



Седзячы ў кабіне такой вялізнай машыны, адчуваеш усю моц стальнога трактара. Мы глядзім на прычэп ззаду: колы дыскатара падчас працы паднятыя, аднак калі трэба развярнуцца — адзін націск кнопкі на бартавым камп’ютары — і колы апускаюцца. Дыскатар падразае раслінныя рэшткі, перамешвае іх з зямлёй і выраўноўвае паверхню. Пасля такога апрацоўвання глеба гатова прымаць насенне — можна сеяць адразу. Заўважаем, як пасля дыскатара ідзе ўнясенне ўгнаенняў. Механізатар тлумачыць, што робіцца гэта з мэтай закрыць угнаенне глебай, каб зямля, у якую будзе класціся насенне, добра насыцілася, а не ляжала наверсе. «Гэта поле — 27 гектараў, за тыдзень справімся», — кажа ён.


Не паспявае дыскатар прайсці поле, як следам ідзе раскідвальнік мінеральных угнаенняў. Фосфарныя, калійныя, азотныя — яны, як кажуць тут, фундамент будучага ўраджаю. Фосфар дапамагае караням, калій умацоўвае расліны перад зімой, азот дае сілу для росту. І ўжо паралельна, на суседнім участку, ідзе сяўба азімых. Там працуе іншая тэхніка, і мы бачым, як радкі насення кладуцца ў зямлю. Усё гэта — адзіны бесперапынны працэс. І гэта невыпадкова. Як растлумачылі аграрыі КСУП «Нясята-АГРА», у гаспадарцы выбудаваны свайго роду канвеер, дзе кожная аперацыя ідзе паралельна, без паўз. У сельгаспрадпрыемстве імкнуцца выкарыстоўваць кожны пагодны дзень. На развітанне кідаем позірк на поле. Дыскатар ідзе наперадзе, раскідвальнік — за ім, а на суседнім участку ўжо кладуцца радкі насення. Усё ў адным рытме. І разумееш, што такая зладжанасць — вынік штодзённай працы людзей, якія ведаюць, што зямля не чакае.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ
Клічаўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю