Тэмперамент у нас іншы, больш спакойны і разважлівы. Але ж пачуцці ёсць пачуцці, іх кожны можа перажываць па-свойму, і тут справа не толькі ў традыцыях і тэмпераменце. Напэўна, з гэтага сыходзіла рэжысёр Валянціна Еранькова, калі ставіла спектакль паводле іспанскага драматурга Лопэ дэ Вега «Сабака на сене» ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.
Многія ведаюць гэтую камедыю дзякуючы савецкаму фільму з зорным складам і яркімі спевамі. Што ж, цяпер у нас усё сваё, усе свае. І нават асобны погляд на гэтую гісторыю: няўжо трэба смяяцца з таго, што прычыняе героям пакуты?
І праўда. Графіня Дзіяна зацікавілася сакратаром Тэадора, які не мае знатнага паходжання. Ён разумее, што не можа прэтэндаваць на яе руку, таму круціць раман са служанкай. І чым далей, тым больш гульні на нервах, а таксама на гонары і сацыяльным статусе, які ў часы позняга Адраджэння, калі пісалася п’еса, значыў вельмі шмат. Гэта і высмейваў аўтар. Смех працаваў як зброя: дапамагаў абясшкодзіць у свядомасці людзей многія стэрэатыпы. А калі гэта яшчэ таленавіта ўвасобіць...
Напэўна, цяжка цалкам пазбегнуць параўнанняў з выдатным фільмам, хіба што моладзь, якая яго не бачыла, будзе ўспрымаць гісторыю праз ігру Веранікі Пляшкевіч і Аляксандра Гіронка. І гэта зусім іншыя Дзіяна і Тэадора.
Па-першае, яна не такая фанабэрыстая, як гераіня ў выкананні Маргарыты Церахавай, бо калі закахалася, то разумее, што з сакратаром яе падзяляе сацыяльная прорва — а гэта бяда. Ён, можа, і не такі гарачы, як герой Міхаіла Баярскага, не кідаецца з галавою ў недасяжнае каханне, а зыходзіць з рэальнасці, таму задумлівы, а часам і засмучаны. У выніку мы разумеем: гэтыя двое апынуліся зусім не ў камедыйнай, а вельмі драматычнай сітуацыі. Калі глядзець на яе з сучаснага і беларускага пункту гледжання. Нават разумеючы метад «сабакі, які ляжыць на сене»: сам не з’есць і іншым не дасць. Але як шчыра і глыбока пакутуе наша Дзіяна! А якую гаму пачуццяў перажывае Тэадора, які пастаянна знаходзіцца ў сітуацыі выбару паміж каханнем простым (са служанкай) і элітным (да графіні, якая то падымае яго на вяршыню шчасця, то апускае да зямлі). У тым, што яна графіня, да якой проста так не падыдзеш, сумнявацца не выпадае: прыгожыя строі Дзіяна мяняе на працягу спектакля некалькі разоў. Мастачка Валянціна Праўдзіна прадумала простае візуальнае афармленне, узмацніўшы яго пышнасцю касцюмаў. І калі такая шыкоўная дама пакутуе... Разумееш, што пачуцці маюць страшную сілу. Ды героі яшчэ і спяваюць, перадаючы боль ад нераздзеленага кахання.
Гэта будзе адкрыццём для гледачоў, таму што стваральнікі спектакля адыходзяць ад сцэнічнага аднаўлення савецкай кінаверсіі, прапаноўваючы сваю версію спеўна-музычнага афармлення. Нягледзячы на тое, што «Серэнада Рыкарда» дзякуючы фільму стала асобным хітом, у новым спектаклі не будзе музыкі Генадзя Гладкова. Кампазітар Аляксей Еранькоў адмыслова стварыў музыку для гэтай пастаноўкі, імкнучыся перадаць стан галоўных герояў адпаведна абранаму прачытанню твора. Паводле яго глядач перажывае драму і пакутуе разам з героямі, асабліва ў першым акце.
Усё мяняецца са з’яўленнем графа Лудавіка, у якога даўно знік маленькі сын, але дагэтуль бацькоўскае сэрца не знайшло спакою — і тут бяда. Але ў вобразе графа з’яўляецца артыст Сяргей Чэкерэс — і як па шчаўчку драма ператвараецца ў камедыю. Становіцца зразумела: галоўны герой насамрэч той, чыё сэрца адкрытае для любові і не патрабуе доказаў ці нейкіх пацвярджэнняў. Бо калі ёсць нерастрачаная бацькоўская любоў, то знойдзецца і той, каго можна прыняць за сваё дзіця, надзяліўшы правамі спадчынніка і адарыўшы новымі магчымасцямі, у тым ліку ўступлення ў шлюб з каханай. Таму што каханне — гэта калі ты гатовы абхітрыць увесь горад (дзякуючы кемлівасці слугі Трыстана ў выкананні Сяргея Жбанкова), а потым з чыстым сумленнем прызнацца, што проста не можаш жыць без гэтага чалавека.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА