Сярэдзіна кастрычніка напоўнена атмасферай асаблівай гармоніі, утульнасці і светлай урачыстасці. Тыдзень бацькоўскай любові для кожнага — нешта асабістае, а Дзень маці і Дзень бацькі сталі ўжо неад’емнай часткай нашага календара. У гэтыя дні самы час сказаць словы ўдзячнасці і любові самым блізкім людзям, бо становіцца асабліва зразумела: сям’я для большасці з нас — галоўная каштоўнасць. Не толькі паводле даных сацыялагічных апытанняў, але ў душы, у сэрцы, увогуле ў жыцці.
Па ўсёй краіне на гэтым тыдні гучаць цёплыя словы ў адрас мам і татаў. Ва ўсіх рэгіёнах з рук кіраўнікоў шматдзетныя матулі атрымалі Ордэны Маці, паўсюль гаворыцца пра падтрымку сям’і як аснову грамадства і краіны. У Беларусі сям’я, дзеці — адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.
Напісаць пра ўсе мерапрыемствы, якія праходзяць гэтымі днямі ва ўсіх кутках краіны, — не хопіць цэлага нумара. Мы сабралі ўсяго толькі своеасаблівую мазаіку з рэгіёнаў, каб паказаць, наколькі разнастайна праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові, з якой фантазіяй і натхненнем падыходзяць да яго святкавання.
Брэстчына. Пачуцці — праз уласны верш
У Пінску правялі конкурс відэаролікаў сярод чытальнікаў «Мы вечна будзем праслаўляць тую жанчыну, чыё імя — Маці» сярод медработнікаў. Удзельнікі павінны былі выказаць пачуцці да сваіх маці праз паэзію. Больш за тое, неабходна было зачытаць уласны верш на камеру і прадставіць яго на суд журы. Арганізаваны прафсаюзам конкурс, прымеркаваны да Тыдня бацькоўскай любові, праводзілі ўпершыню. Гран-пры прысудзілі санітарцы Пінскай цэнтральнай бальніцы Галіне Лазіцкай. А першае месца — псіхіятру-нарколагу падлеткавага кабінета Міжраённага наркалагічнага дыспансера Святлане Шаціла. Пераможца прызналася, што ў студэнцтве з задавальненнем здымала ролікі для ўніверсітэта. Але здымацца самой у кадры давялося ўпершыню дзеля творчага дэбюту ў конкурсе. Для гэтага прыйшлося паехаць у маляўнічы куток Пінскага раёна, дзе разам са старэйшай сястрой яны і знялі ролік. А натхнілі на вершаваныя радкі маміны вочы.
Віцебшчына. Усміхайцеся, вас здымаюць!
У гэтыя дні Віцебская абласная арганізацыя БРСМ праводзіць абласны маладзёжны конкурс-марафон «Сям'я ў аб'ектыве».
Стартаваў конкурс з медыямарафону «Сняданак для мамы». Удзельнікам неабходна было прыгатаваць крэатыўны сняданак для любімай мамы і сфатаграфаваць гэты момант. Маладыя сем'і ў рамках медыямарафону «Жылі-былі мы» здымаюць відэаролікі, дзе расказваюць гісторыі сваіх сем'яў у казачным стылі. Прайшоў таксама медыямарафон «Малады трэнер» — бацькі разам з дзецьмі запісвалі відэаролікі сумеснага выканання спартыўных практыкаванняў.
Наперадзе яшчэ шмат цікавых мерапрыемстваў: «Сям'я ЗА дабро». «Сям'я ў трэндзе», «Чыста па-сямейнаму», медыямарафон «Тата можа»... Фіналам марафону, дзе падвядуць яго вынікі, стане форум БРСМ «Маладая сям'я: час магчымасцяў», які адбудзецца 21 кастрычніка.
Гомель. Верныя адно аднаму і вытворчасці
На прадпрыемстве «Гомельшпалеры» сямейныя пары, якія шмат гадоў застаюцца вернымі вытворчасці, павіншаваў старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандр Пшонны. Кожнай з шасці сем’яў уручылі падарункі ад канцэрна.
Сярод узнагароджаных — Людміла і Сяргей Музыкіны, якія ўжо больш за 40 гадоў разам. Многія гады працуюць на адным прадпрыемстве. Яна — апаратчык, ён — аператар кацельні.
Кантралёр АТК Наталля і вадзіцель пагрузчыка Віктар Гардзейчык сёлета адзначылі сярэбранае вяселле, а ведаюць адзін аднаго яшчэ з першага класа. Так і ідуць па жыцці разам, іншага шляху ўжо і не ўяўляюць. «Так, мы кожны дзень разам. Усе рашэнні прымаем разам, заўсёды раімся адзін з адным. На работу ідзём удваіх, вяртаемся таксама. Усе святы праводзім у сямейным коле», — падзялілася Наталля.
Гродзеншчына. Мама-БУМ + Тата-ФЭСТ
У Гродне ў Гарадскім цэнтры культуры прайшоў канцэрт для бацькоў «У краіне шчаслівых дзяцей», дзе самыя маленькія артысты павіншавалі іх са святам. У цэнтры рамёстваў «Спадчына» ў Гродне адкрылася выстава жывапісу «Свет, сагрэты мацярынскім цяплом».
Маштабны сямейны фестываль «Мама-БУМ + Тата-ФЭСТ» сёння пройдзе ў Палацы культуры Ліды. Гэта крэатыўнае і вясёлае свята з конкурсамі для мам, татаў і дзяцей, анімацыяй, розыгрышамі прызоў, флэшмобамі. Тэматычныя лакацыі на любы густ, актыўныя фотазоны, выставы-інсталяцыі, майстар-класы і трэнінгі — гэта і многае іншае чакае не толькі ўдзельнікаў, але і шматлікіх балельшчыкаў і гледачоў. Фінальным падарункам фестывалю стане канцэрт найлепшых творчых калектываў Палаца культуры.
Магілёў. Шчасце — у дзецях
У Магілёве ў рамках Тыдня бацькоўскай любові прайшоў абласны форум у падтрымку сям’і, мацярынства і дзяцінства «Дарога любові. Шчасце ў дзецях». На тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага кафедральнага сабора сабраліся шматдзетныя, прыёмныя і маладыя сем’і, прадстаўнікі ўлады, духавенства і грамадскіх арганізацый.
Форум стаў пляцоўкай для дыялогу пра сям’ю як аснову дзяржавы і пра важнасць захавання традыцыйных каштоўнасцяў. Удзельнікі сустрэчы гаварылі пра ролю сям’і і школы ў фарміраванні асобы вучняў, дзяржаўную падтрымку сям’і і шлюбу, пра сямейныя традыцыі. Бацькі дзяліліся сакрэтамі дабрабыту. Прайшоў малебен каля мошчаў блажэннай Матроны Маскоўскай. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства з цікавасцю пазнаёміліся з выставай «Гісторыя Магілёва. Праваслаўныя храмы». Для дзяцей працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі.
— Лічу, што падобныя мерапрыемствы вельмі карысныя для кожнага з нас, — адзначыла прыёмная маці, выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу Наталля СЯРГЕЕВА. — Яны натхняюць і ў чарговы раз падкрэсліваюць, што варта беражліва захоўваць кожнаму з нас сямейныя каштоўнасці.
Міншчына. Зефірныя цюльпаны і роставы мішка
У Клінічным радзільным доме Мінскай вобласці Дзень маці адзначылі асабліва. Ён стаў прызнаннем у любові ўсім жанчынам — і тым, хто толькі што падарыў свету дзіця, і тым, хто ў белых халатах дапамагае гэтаму цуду здарыцца.
З першых хвілін працоўнага дня каля ўваходу супрацоўнікаў сустракалі галоўны ўрач Пётр Масько і старшыня прафкама Таццяна Карповіч. Яны асабіста павіншавалі жанчын і ўручылі ім далікатныя зефірныя цюльпаны — маленькія вясновыя букеты, створаныя, каб падарыць усмешку ў разгар змены. Усё дзеля таго, каб кожная супрацоўніца, ад загадчыцы аддзялення да санітара, зразумела, што яе цэняць у тым ліку як маці.
Галоўным сюрпрызам стаў вялізны роставы мішка, які абдымаў усіх жадаючых і пазіраваў для фатаграфій. Удзень супрацоўнікаў чакаў святочны канцэрт з цёплымі песнямі пра маці і сям’ю. Асаблівую значнасць падзеі надала прысутнасць ветэранаў радзільнага дома — тых, хто стаяў ля вытокаў традыцый установы.
Мінск. Прыгажосці ўсе ўзросты падуладныя
Нацыянальная школа прыгажосці ў Мінску стала пляцоўкай для сустрэчы, якая аб’яднала свята прыгажосці, гутарку аб актыўным даўгалецці і прэзентацыю праекта «Новая Я» — тэатра моды, студыі мадэлінгу і клуба для жанчын «сярэбранага» ўзросту.
Па ініцыятыве Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у Мінску праходзяць сустрэчы, прысвечаныя актыўнаму даўгалеццю. Усё часцей мінчане сталага ўзросту звяртаюцца да дэпутатаў з пытаннямі аб тым, як арганізаваць свой вольны час, пазнаёміцца з аднагодкамі, знайсці новыя заняткі і заставацца ўцягнутымі ў грамадскае жыццё.
Праект «Ваш вопыт — наш гонар», прымеркаваны да Тыдня бацькоўскай любові і Дня маці, сабраў жанчын ветэранскіх арганізацый сталіцы — тых, чыя мудрасць, стойкасць і жыццёвы шлях з’яўляюцца прыкладам для многіх пакаленняў.