Top.Mail.Ru
0

І Тыдзень бацькоўскай любові — нагода пра гэта ўспомніць

Безумоўны прыярытэт для дзяржавы, галоўная каштоўнасць для людзей

Удзельнікі круглага стала, які праходзіў у Доме прэсы, абмеркавалі тэму Тыдня бацькоўскай любові, пераемнасці сямейных каштоўнасцяў і дзяржаўнай падтрымкі. Гаворка ішла пра дзяржаўную падтрымку сем’яў з дзецьмі, меры па ўмацаванні інстытута сям’і і развіцці адказнага бацькоўства, захаванне сямейных традыцый, ролю маці і бацькі ў выхаванні дзяцей, дапамогу шматдзетным сем’ям і ўзаемадзеянне дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных арганізацый.

Аб важнасці тэмы сям’і ў інфармацыйнай прасторы гаварыў першы намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ. Ён падкрэсліў: «Сям’я — гэта прыярытэт і велізарнае багацце нашай краіны. Папулярызацыя сям’і, дзетанараджэння, любові і традыцыйных каштоўнасцяў стаіць на чале нашай ідэалагічнай інфармацыйнай палітыкі». Ён таксама адзначыў рост актыўнасці рэгіянальных СМІ ў асвятленні тэмы: «Рэгіянальныя СМІ наступаюць на пяты рэспубліканскім і ўжо выйшлі наперад па колькасці заявак, якія прайшлі ў фінал конкурсу „Моцная сям’я — моцная дзяржава“. Колькасць заявак расце з кожным годам».

Кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена КОМЛІК прывяла важкія лічбы: «У 2026 годзе дзяржаўнай узнагародай, Ордэнам Маці, адзначаны 514 жанчын, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей. Яны сваім прыкладам з’яўляюцца для грамадства ўзорам мацярынскіх клопатаў і самааддачы. Усяго з 1996 года ордэнам узнагароджана амаль 15 тысяч жанчын».

Загадчык маніторынгавага інфармацыйна-метадычнага аддзялення дзіцячага здароўя ДУ РНПЦ «Маці і дзіця» Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Ганна СІМЧАНКА звярнула ўвагу на важнасць сістэмнай работы з падрастаючым пакаленнем і моладдзю, бо гэта стварае аснову для ўсвядомленага бацькоўства, умацавання інстытута сям’і і захавання рэпрадуктыўнага здароўя будучых пакаленняў. «Адказнае бацькоўства пачынаецца з асветы моладзі і фарміравання ў падрастаючага пакалення адказных адносін да ўласнага здароўя, рэпрадуктыўных паводзін і будучага бацькоўства».

У фарміраванні станоўчага вобразу шматдзетных сем’яў 

значную ролю адыгрываюць розныя мерапрыемствы і конкурсы. Напрыклад, дзякуючы такому конкурсу шматдзетных мам, як «Краса Беларусі», пачынае разбурацца міф пра тое, што шматдзетная сям’я — гэта маргінальная сям’я, — лічыць намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі ДУ «РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава», старшыня аб’яднанай арганізацыі навукова-практычных цэнтраў сістэмы аховы здароўя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Іна САЛДАЦЕНКА: «Канкурсанткі даказалі, што шматдзетныя мамы — гэта прыгожыя, паспяховыя, маладыя жанчыны, якія могуць дасягаць вышынь у бізнесе і рэалізавацца ў кар’еры, а не быць замкнёнымі ў чатырох сценах са сваімі жаночымі і дзіцячымі праблемамі», — адзначыла спікер.

Не менш важна і тое, якая атмасфера пануе ў самім доме. Гэтай тэмай працягнула размову шматдзетная маці Ганна МАЦКЕВІЧ, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце факультэта грамадзянскай авіяцыі, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «БСЖ» Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «КРАСА БЕЛАРУСІ 2026», якая падзялілася асабістым бачаннем сямейных каштоўнасцяў:

«Дзіця можа забыць вусныя настаўленні, але запомніць, як да яго ставяцца і якая атмасфера ў доме, калі памыляецца ці прыносіць дрэнную адзнаку. Дом можа стаць або месцам страху, або месцам, дзе заўсёды дапамогуць і падтрымаюць, што б ні здарылася. Сямейныя традыцыі — гэта тое, як у сям’і слухаюць адно аднаго, знаходзяць рашэнне спрэчных пытанняў, сустракаюць увечары пасля працоўнага дня і ставяцца да старэйшых і тых, хто мае патрэбу ў дапамозе».

У Тыдзень бацькоўскай любові трэба ўзгадаць тых, хто штодзённа дапамагае сем’ям адчуць падтрымку. Пра дзейнасць грамадскага аб’яднання, якое яднае жанчын па ўсёй краіне, расказала Іна Салдаценка: «У Беларускім саюзе жанчын больш за 200 тысяч актыўных жанчын рознага ўзросту, адукацыі, статусу і прафесій. Кожная з іх робіць унёсак у рух. Саюз даступнымі спосабамі транслюе ідэі, якія павінны быць прынятыя і ўсвядомленыя грамадствам, і штодзённа падтрымлівае людзей, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы».

З тым, што падтрымка — гэта не толькі словы, але і канкрэтныя справы, таксама згодна маці шасці дзяцей, старшыня раённай арганізацыі Першамайскага раёна грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Кацярына СТАРАВОЙТАВА: «Шматдзетныя бацькі з энтузіязмам удзельнічаюць у спартыўных конкурсах Міністэрства працы не дзеля падарункаў, а дзеля агульных эмоцый усёй сям’ёй. Сем’і могуць разам пабегаць і паскакаць, парадавацца і згуртавацца. Арганізацыя імкнецца ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, у тым ліку ў акцыі „Заплечнік першакласніка“ і навагодніх святах, дзе арганізуюцца ёлкі для дзяцей», — адзначыла маці.

Сям’я была і застаецца галоўнай каштоўнасцю нашага грамадства, а дзяржаўная падтрымка, грамадскія ініцыятывы і штодзённая праца бацькоў разам ствараюць тую аснову, на якой трымаецца краіна.

У рамках святкавання Тыдня бацькоўскай любові ў сталіцы падвялі вынікі XVІ рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям’я — моцная дзяржава». «Звязда» трымае высокі ўзровень — у намінацыі «Лепшыя матэрыялы ў рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтвах, сеткавых выданнях» калектыў рэдакцыі прызнаны пераможцам за цыкл тэматычных публікацый рубрыкі «Матуліна шчасце». 


Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю