Беларускія лясы — найкаштоўнейшы аднаўляльны рэсурс, які мае вялікае значэнне для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забеспячэння яе эканамічнай, энергетычнай і харчовай бяспекі. На жаль, сур’ёзную шкоду лясному фонду наносяць частыя ў апошнія гады ўраганы і моцныя вятры, якія ператвараюць тысячы гектараў дрэў у бураломы. Для аднаўлення страчанага ляснога багацця ў Беларусі стартавала штогадовая рэспубліканская акцыя «Дай лесу новае жыццё».
Яна заклікана захаваць і прымножыць «зялёнае золата», сфарміраваць беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў. Сёлета новыя лясы створаць прыкладна на 800 участках (агульнай плошчай больш за 900 га). Плануецца пасадзіць звыш 4 млн сеянцоў і саджанцаў розных відаў лясных парод: елка, лістоўніца, бяроза, дуб і іншыя. Прычым значная ўвага будзе ўдзелена тэрыторыям, пашкоджаным ураганамі.
Традыцыйна да акцыі далучаецца мноства неабыякавых да прыроды людзей: грамадскія арганізацыі, працоўныя калектывы, моладзь, мясцовыя жыхары, дзяржаўныя органы.

У 2025 г. унёсак у аднаўленне лясоў у рамках кампаніі зрабілі больш за 50 тыс. чалавек, якія высадзілі каля 18 млн раслін, стварылі лясы на плошчы 1,6 тыс. га. Сёлета плануецца ўдзел каля 100 тыс. чалавек.
Так, уклад у аднаўленне «зялёнага золата» ў Калодзішчанскім лясніцтве Бараўлянскага спецлясгаса ўнеслі члены Савета Рэспублікі. Тут у канцы ліпеня 2025 года моцныя ветры пашкодзілі каля 120 га лесу.
— Лес — гэта перш за ўсё экалогія і здароўе людзей, а таксама значная частка эканомікі краіны. Мы пастаўляем на экспарт не толькі драўніну, але і вырабы, якія сёння выпускаюць нашы прадпрыемствы, — пракаментавала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. Яна звярнула ўвагу, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў з радасцю ўдзельнічаюць у такіх акцыях, бо гэта магчымасць пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы і зрабіць нешта карыснае для сваёй краіны. Стыхія нанесла сур’ёзную шкоду і неабходна зрабіць усё, каб захаваць лясы для будучых пакаленняў.
Далучылася да рэспубліканскай акцыі і каманда Міністэрства эканомікі і падведамасных арганізацый. Агульнымі намаганнямі на плошчы каля 3 га ў Бялыніцкім лясгасе былі высаджаны саджанцы елкі і сасны.

— Дрэваапрацоўка — адна з ключавых галін эканомікі, і сёння мы робім стаўку на глыбокую і безадходную перапрацоўку драўніны, рэалізацыю інвестыцыйных праектаў па выпуску высокамаржынальнай прадукцыі. Але падмуркам для ўстойлівага развіцця галіны застаецца захаванне і прымнажэнне прыроднага капіталу, — заўважыў міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР. — Таму пасадка лесу — гэта адначасова клопат аб экалогіі і інвестыцыі ў эканоміку на дзесяцігоддзі наперад. Лес, які мы высаджваем сёння, стане рэсурсам для прадпрыемстваў пад кіраўніцтвам. і асновай новых працоўных месцаў для будучых пакаленняў.
Як расказалі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, сёлета ад разгулу стыхіі было пашкоджана больш за 18 тысяч га лясных насаджэнняў, з якіх амаль 7 тысяч га патрабуюць правядзення суцэльных санітарных вырубак. Найбольш пацярпелі такія лясгасы, як Вілейскі доследны, Жлобінскі, Бягомльскі.
Яшчэ адна праблема нашых лясоў — усыханне, выкліканае кліматычнымі зменамі. Каб спыніць негатыўныя працэсы, такія ўчасткі таксама аператыўна распрацоўваюцца і ў далейшым патрабуюць аднаўлення.

Больш за 10 тыс. саджанцаў елкі і вольхі на плошчы каля 4 га высадзіў у Рудзенскім лясніцтве (Пухавіцкі раён) працоўны дэсант Міністэрства інфармацыі, у складзе якога былі і прадстаўнікі нашага выдавецкага дома.

— Нам прыемна, што наша інфармацыйная каманда ў 90 чалавек робіць унёсак у развіццё лясной гаспадаркі. Бо лес — гэта наша багацце. Удзел у такім важным працэсе прымушае чалавека ганарыцца, ён гэтым, у добрым сэнсе слова, хваліцца і дае пэўны прыклад, — падзяліўся першы намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ.
Беларускі лес — візітная картка Беларусі, але захаваць яго для будучых пакаленняў можна толькі разам. Рэспубліканская акцыя «Дай лесу новае жыццё» працягнецца да 24 кастрычніка 2026 г. Каб узяць у ёй удзел, трэба звярнуцца ў лясгас ці лясніцтва. Там падкажуць участкі, дзе патрабуецца дапамога, забяспечаць пасадачным матэрыялам і інвентаром.

Александрына ПАРШЫНА
Фота БелТА