Нягледзячы на капрызы надвор’я, сёлета паўночны рэгіён сабраў у дзяржаўныя засекі больш за 1 млн тон збожжавых і зернебабовых з улікам рапсу і часткова зерня кукурузы, уборка якога яшчэ працягваецца. Плануецца дасягнуць агульнага намалоту ў 1,2 млн тон. Два раёны — Аршанскі і Віцебскі — чарговы раз пацвердзілі статус жытніцы рэгіёна, намалаціўшы больш як па 100 тысяч тон зерня. У тройцы лідараў таксама Докшыцкі раён.

«Галоўнае — як працавалі людзі»
У суботу Мёры прымалі працаўнікоў вёскі з раёнаў Віцебшчыны на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2026». Прывітанне ўдзельнікам і гасцям свята накіраваў Прэзідэнт краіны. Яго зачытаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, які дадаў, што аграрыі паўночнага рэгіёна не спасавалі ў складаных умовах надвор’я, убіралі ўраджай, выкарыстоўваючы кожную хвіліну:
— Віцебская вобласць завяршае цыкл «Дажынак», традыцыйнага фестывалю-кірмашу, які нарадзіўся па ініцыятыве Прэзідэнта 30 гадоў таму. Мы сёння ўбачылі, з якой цікаўнасцю праходзяць па прыгожых лакацыях людзі. Змянілася аблічча раённага цэнтра, і ў гэтым таксама ёсць сэнс «Дажынак». Але самае галоўнае — магчымасць падвесці папярэднія вынікі ўборкі ўраджаю, сказаць дзякуй людзям, якія жывуць на гэтай зямлі, якія робяць унёсак у харчовую бяспеку краіны. Многа было зроблена ў плане падтрымкі аграрыяў з боку дзяржавы: толькі на закупку тэхнікі накіравана звыш 115 мільёнаў рублёў. Набыта больш за тысячу адзінак тэхнікі, у тым ліку каля 400 трактароў, палова з якіх — энерганасычаныя. Гэта важка, я не прыпомню такога ўкладу. Але галоўнае — як працавалі людзі.

Вялікі ўклад у агульны ўраджай
Віцебская вобласць адносіцца да зоны экстрэмальнага земляробства, а некаторыя раёны — нават крытычнага. І ў гэтых няпростых умовах аграрыі рэгіёна штогод здзяйсняюць подзвіг — уносяць вялікі ўклад у агульны ўраджай краіны, адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ:
— Асабліва хочацца пахваліць рэкардсменаў-статысячнікаў — Аршанскі і Віцебскі раёны. Вы ведаеце, за 30 гадоў, на працягу якіх мы адзначалі фестывалі-кірмашы «Дажынкі», сталіцы рэспубліканскіх і абласных свят змяніліся да непазнавальнасці. Сёння мы захапляемся Мёрамі.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нагадаў, што гэтымі днямі кіраўнік дзяржавы пабываў у Верхнядзвінскім раёне і паставіў перад Віцебшчынай сур’ёзныя задачы — падцягнуць галоўныя галіны: турызм, сельскую гаспадарку, лясную галіну.
— І калі да канца пяцігодкі мы выканаем усе пастаўленыя задачы і рэалізуем планы, мы не пазнаем поўнач Віцебшчыны ў добрым сэнсе, як сказаў Прэзідэнт. Я ўпэўнены, што вам гэта пад сілу, як і той багаты ўраджай, які вы сабралі, — сказаў Уладзімір Пярцоў.

На думку намесніка Прэм’ер-міністра Юрыя ШУЛЕЙКІ, усё неабходнае для руху наперад у паўночнага рэгіёна ёсць, і нічога катастрафічнага і крытычнага ў Віцебскай вобласці няма:
— Уся краіна працуе ў зоне крытычнага земляробства. У вас багаты, цудоўны рэгіён, у вас моцныя, загартаваныя поўначчу нашай краіны людзі, у вас сёння з’яўляюцца вельмі амбіцыйныя моцныя задаткі ўвайсці ў тройку лідараў. Усё ў вашых руках. Так, дрэннае надвор’е, так, цяжкая зямля, так, недзе мала тэхнікі, так, недзе стамляюцца сёння людзі. Але паверце, ніхто, акрамя чалавека, не апрацуе гэту зямлю.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр РАГОЖНІК пацвердзіў, што ў няпростых умовах надвор’я працаўнікі вёскі пераадолелі самі сябе. Сёлета Віцебшчына ўстанаўлівае ўласныя рэкорды па вытворчасці алейнага семя рапсу, прывагах жывёлы, надоях малака, поўнасцю забяспечвае сябе кармамі.
— Мы не падвялі Прэзідэнта. Але нам належыць яшчэ вельмі многае зрабіць. Я хачу, каб мы былі ў тройцы лідараў, і гэта нам па сілах. Вы таленавітыя і працавітыя людзі, нам трэба ісці толькі наперад, — заклікаў Аляксандр Рагожнік.

Добрыя традыцыі
Да свята ў Мёрах правялі маштабнае добраўпарадкаванне, якое закранула больш за 150 аб’ектаў, у тым ліку цэнтральную плошчу і размешчаны побач парк. Малая архітэктурная форма вышынёй каля 4,5 метра, устаноўленая там, стане сімвалам раёна. У ёй адлюстраваны яго славутасці — жураўлі, «журавіны», «Ельня», вадаспад, касцёл.
Папрыгажэлі і вуліцы: больш за 20 участкаў заасфальтавана, пешаходная зона на набярэжнай поўнасцю вымашчана пліткай. Таксама праведзены капітальны рамонт жылфонду, новае аблічча атрымалі ўстановы адукацыі і культуры. Да свята змяніліся Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Ельня» і горад Дзісна.
Перш чым распачаць вялікае заслужанае гулянне ў гонар людзей працы, дэлегацыі наведалі СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. А. Тамко і ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар воінаў-вызваліцеляў Мёраў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама яны азнаёміліся з тэматычнымі пляцоўкамі раёнаў і ўстаноў адукацыі вобласці.

Знакавай падзеяй у чарадзе святочных мерапрыемстваў стала адкрыццё спецыялізаванай залы бокса мясцовай ДЮСШ. Гэта сапраўды патрэбны аб’ект для райцэнтра, дзе актыўна і паспяхова развіваецца бокс. Тут створана сучасная база з рынгам і трыбунамі, трэнажорамі і душавымі, якая абяцае стаць кузняй будучых чэмпіёнаў.
Правафланговыя
Безумоўна, галоўнай падзеяй фестывалю-кірмашу стала ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання працаўнікоў вёскі, якія вызначыліся ў сёлетняй уборачнай кампаніі. Некалькі гадзін на цэнтральную сцэну паднімаліся лепшыя з лепшых, а ўзнагароджанне перамяжоўвалася святочнымі нумарамі ў выкананні артыстаў беларускай і расійскай эстрады, творчых калектываў вобласці. У адрас герояў жніва гучалі шматлікія віншаванні і падзякі.
Сярод раёнаў вобласці першае месца на ўборцы ўраджаю заняў Аршанскі. Гэта вынік працы 13 сельскагаспадарчых арганізацый і дзвюх сялянска-фермерскіх гаспадарак. Уборцы падлягала амаль 29 тысяч гектараў іх плошчаў. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў звыш 128 тысяч т без уліку кукурузы пры ўраджайнасці 44,6 ц/га, у тым ліку рапсу 25 тысяч т пры ўраджайнасці 28,4 ц/га.
Ушаноўвалі ордэна Леніна сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Ларынаўка» раёна-перадавіка, дзе намалот склаў амаль 11 тысяч т, а ўраджайнасць — 72,8 ц/га. Таксама ўзнагародзілі плеяду хлебаробаў, занятых на валаўтваральным прадпрыемстве Аршаншчыны, у адкрытым акцыянерным таварыстве «Агракамбінат «Юбілейны». Яго намалот — 40,6 тысячы т, ураджайнасць — 59,3 ц/га.

— Аршанскі раён традыцыйна штогод збірае звыш 100 тысяч тон збожжа, — паведаміў старшыня Аршанскага райвыканкама Леанід МОЙЖЫК. — Хаця мы і размяшчаемся ў зоне рызыкоўнага земляробства, на такі добры вынік уплываюць урадлівасць нашых глеб, даволі высокі бал і механічны склад пашы. Але найперш — людзі, якія ўмеюць належным чынам арганізаваць працу, захоўваюць тэхналогіі, вядуць сельгаскампаніі ў аптымальныя тэрміны. Нашы людзі асабліва адказна рупяцца падчас жніва, каб сабраць ураджай без страт.
Мінулай восенню аграрыі Аршанскага раёна павялічылі азімы клін. Традыцыйна азімыя культуры даюць высокую ўраджайнасць. Да таго ж, змяншаецца аб’ём работ падчас веснавой сяўбы, вызваляецца тэхніка для падкормкі пасеваў, апрацовак іх сродкамі абароны. Такая ж схема захавана сёлета. Адразу пасля «Дажынак» механізатары вярнуліся да азімай сяўбы і працягваюць уборку кукурузы на зерне.
Асаблівасць бягучага года заключаецца ў тым, што на гэта зроблена высокая стаўка. Набыты якасны насенны матэрыял скараспелых сартоў гэтай культуры, яе плошчы значна павялічаны і дасягнулі амаль 4,3 тысячы га. На гэты момант спарадкавана болей за 10 працэнтаў ад неабходнага, разлічваюць на ўраджайнасць 100 ц/га. Гэта залог таго, што з якасным, энергетычна насычаным кормам будзе зімаваць жывёла.

«Спадчынай жывём — душой багацеем»
Надзвычай папулярнай аказалася выстаўка «Золата роднай зямлі», дзе былі прадстаўлены снапы і караваі ўсіх раёнаў, а таксама праходзіў конкурс лялек ручной работы. Сюды прыходзілі прадстаўнікі розных раёнаў, старанна аглядалі шэдэўральныя вырабы, і кожная група прытрымлівалася адной і той жа высновы: «Нашы самыя лепшыя!». На памяць засталіся фота каля экспанатаў з родных мясцін.
Слоган тэматычных падворкаў раёнаў «Спадчынай жывём — душой багацеем» адлюстроўваў, што традыцыі мінулага арганічна ўплеценыя ў дзень сённяшні.
Набярэжная возера Мёрскага — выдатная маляўнічая лакацыя для прэзентацыі раёнаў. Аздабленне падворкаў у народным стылі, з выкарыстаннем фларыстычных кампазіцый, беларускіх лялек, арнаментаў, гаспадары ў адмысловых уборах, найгрышы на народных інструментах, сяброўскі жарт — і вось госці настроены на прыўзняты лад.
— Настрой выдатны! Усюды сапраўднае свята, спрадвечнае свята працы і ўраджаю, — падзяліўся ўражаннямі лепшы камбайнер вобласці Максім СЯРНОЎ з ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна. — Сваім сёлетнім намалотам у звыш 4 тысяч т збожжа я задаволены. За вынік 3 тысячы т, якога я дасягнуў першым на Віцебшчыне, мне падарылі матацыкл «Мінск», а сёння больш важкі прыз — аўтамабіль «Джылі». Думаю, яго асноўным вадзіцелем будзе мая жонка Алеся. Гэта справядліва, бо яна з дзецьмі Паўлам і Яўгеніяй — мой надзейны тыл. Усё, што я раблю, найперш раблю для іх. Наогул, убіраць хлеб, карміць свой народ высакародна і адказна.
Дарэчы, гэта ўжо дзясятыя «Дажынкі», дзе Максіма Сярнова ўшаноўвалі як лідара жніва — тры апошнія гады ён становіцца пераможцам спаборніцтва. У сельскай гаспадарцы працуе 11 гадоў. Яму пашчасціла рупіцца ў адной з лепшых гаспадарак вобласці, бо добра ўбіраць, калі ёсць важкі колас, надзейная тэхніка, зладжана працуюць усе службы і людзі. Перадавік пайшоў па слядах бацькі Станіслава Сярнова, які і цяпер працуе на «Амкадоры» ў роднай гаспадарцы, сушыць сабранае сынам збожжа. Ёсць надзея, што дынастыю працягне сын Максіма — зямлі патрэбныя тыя, хто любіць яе і будзе клапаціцца пра яе.
Будзе хлеб — будзе і песня
Багацце і разнастайнасць святочных лакацый уражвала. Азартных балельшчыкаў і волатаў-удзельнікаў сабралі абласная спартакіяда па сілавых відах спорту, спаборніцтвы па колцы дроў. Натоўп, які запоўніў адноўленую набярэжную, дружна вітаў відовішчнае флайборд-шоу на вадзе.
Мноства гледачоў сабралася на вялікі канцэрт «Будзе хлеб — будзе і песня», галоўнымі хедлайнерамі якога выступілі Аляксандр Буйноў і група «Дразды». Не пуставалі «мужчынскія» лакацыі: выстаўка сельгастэхнікі «ТэхнаАграФэст» і рэтра-аўтамабіляў.
Шматлюдна, пераважна ад сем’яў з дзецьмі, было на іміджавых пляцоўках розных арганізацый, якія прэзентавалі сваю дзейнасць, прапаноўвалі квэсты, віктарыны, інтэрактыўныя дзеянні. Сярод іх — пляцоўка акадэміі ветэрынарнай медыцыны «Айбаліт-Тур», МНС, МУС, БРСМ, сацыяльных цэнтраў, банкаў, Белпошты і Белтэлекама. Яркую кропку ў завяршэнні вялікага свята паставіў святочны феерверк над возерам.
— Мы дамовіліся і прыехалі на свята з Верхнядзвінска і Мінска, на шчасце, у Мёрах у нас жывуць агульныя знаёмыя, — расказалі сем’і Дарафеевых і Шацілаў. — Любім такія мерапрыемствы, у якіх адчуваецца душа народа, дзе ўсё шчыра, гасцінна, дзе ўсе родныя. Купілі сувеніры ад майстроў Віцебшчыны і розныя гасцінцы вытворчасці мясцовых прадпрыемстваў: каўбасы з Мёраў, верхнядзвінскія сыры, знакаміты віцебскі хлеб са знакам якасці — хочацца падзяліцца часцінкай свята з тымі, хто сюды не трапіў.

— Мы ездзім практычна на ўсе «Дажынкі» і запэўніваем: гэта самае прыгожае і душэўнае беларускае свята, — зазначылі самадзейныя артысты з Гарадка. — Наш райцэнтр прымаў першыя абласныя «Дажынкі» ў 2014 годзе, і да іх горад проста абнавіўся, набыў сучасны выгляд. Усё, зробленае тады, мы беражом і падтрымліваем. Той фестываль-кірмаш сапраўды ўдыхнуў новае жыццё ў нашу радзіму. Гэта і маштабныя спартыўныя спаборніцтвы на лыжа-ролернай трасе, і ХХХ Дзень беларускай пісьменнасці, і многае іншае. Праўда, з надвор’ем на «Дажынках» нам не пашанцавала. А ў Мёрах — сонца, можна гуляць і атрымліваць асалоду, што людзі і робяць. Усе ветлівыя адзін з адным, усмешлівыя. Станоўчыя эмоцыі проста праз край, і мы шчаслівыя радаваць землякоў, якія шануюць зямлю і ўслаўляюць яе працай.
А завяршыўся святочны канцэрт яркім феерверкам.
Да сустрэчы ў Докшыцах!
Важкі сімвалічны сноп як эстафету галоўнага свята хлебаробаў гаспадары абласных «Дажынак-2026» у асобе старшыні Мёрскага райвыканкама Аляксандра Ярахновіча перадалі жыхарам Докшыцкага раёна — яго прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала. Раёну, які ён узначальвае, належыць уключыцца ў аб’ёмную, адказную, хвалюючую падрыхтоўку, каб наступны фестываль-кірмаш не саступаў папярэдняму.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара і БелТА