У панядзелак Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын з рабочым візітам прыбыў у Таджыкістан. У Душанбэ сёння адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС. У першы дзень рабочай камандзіроўкі кіраўнік беларускага ўрада правёў шэраг двухбаковых сустрэч.
Так, Аляксандр Турчын сустрэўся з Прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Цянам, бакі абмеркавалі ўмацаванне ўсепагоднага і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Прэм’ер-міністр Беларусі звярнуў увагу, што роўна праз тры месяцы Беларусь і Кітай адзначаць знамянальную дату — 35-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. «За гэты час паміж краінамі сфарміравана стратэгічнае партнёрства, устаноўлены даверны палітычны дыялог, наладжаны і развіваюцца эканамічныя сувязі, арганізавана рэгіянальнае і гуманітарнае ўзаемадзеянне», — заявіў Аляксандр Турчын.
Кіраўнік урада асабліва адзначыў, што сёння Кітай у Беларусі ўспрымаецца як праўдзівы сябар, які з’яўляецца прыкладам у сферы дзяржаўнага будаўніцтва і адказных паводзін на міжнароднай арэне. «Разлічваем, што кітайскія сябры таксама бачаць наша шчырае стаўленне ва ўмовах, калі сёння ў свеце ёсць нямала жадаючых убіць клін у беларуска-кітайскае партнёрства», — акцэнтаваў увагу Прэм’ер-міністр.

Ён адзначыў, што доўгачаканы візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь у юбілейны год стане яркім маркерам узаемаадносін дзвюх краін. «Прэзідэнт Беларусі гатовы аказаць свайму дарагому сябру найвышэйшы ўзровень гасціннасці. Лідары дзвюх краін паставілі задачу напаўняць партнёрства канкрэтным практычным і матэрыяльным зместам. Гэта сфера адказнасці і прамы абавязак урадаў дзвюх краін», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Кіраўнік беларускага ўрада падзякаваў кітайскаму боку за канструктыўнае правядзенне 14 кастрычніка ў Пекіне пасяджэння камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. «Ведаю, што перагаворы паміж ведамствамі насілі насычаны і змястоўны характар», — рэзюмаваў Прэм’ер-міністр.
Паводле БелТА і прэс-службы беларускага ўрада
Дарэчы
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Таджыкістане Аляксандр ХУДАЛЕЕЎ падкрэсліў, што сёлета супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана выйшла на новы ўзровень. «Тавараабарот павялічыўся без малога на 30 %. Радуюць тэмпы развіцця экспарту. Думаю, што на сённяшні момант не цалкам вычарпаны ўвесь патэнцыял нашага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Худалееў.
Ён нагадаў, што адкрыліся прамыя авіязносіны паміж Мінскам і Душанбэ, таму варта зрабіць акцэнт на сферы турызму. «Асаблівай увагі заслугоўвае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, культурнае ўзаемадзеянне. У гэтай сферы сёння ёсць шэраг новых паслуг, здольных зацікавіць як таджыкскі, так і беларускі бок», — адзначыў дыпламат.