Top.Mail.Ru

Ключавыя акцэнты пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС

20.10.2026 | 10:49

У аўторак працягнуўся рабочы візіт Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына ў Таджыкістан. Цэнтральнай падзеяй другога дня камандзіроўкі стаў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС. Традыцыйна пасяджэнне праводзілася ў двух фарматах: у вузкім складзе, дзе абмяркоўваліся найбольш адчувальныя пытанні, і ў пашыраным — з падключэннем усіх дэлегацый.



«Бачым значны патэнцыял у прамысловай кааперацыі»

Рэспубліка Беларусь ганарыцца тым, што нашымі ключавымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца менавіта краіны — члены ШАС, заявіў, выступаючы на саміце, Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Кіраўнік урада адзначыў, што па выніках 2025 года на іх прыйшлося больш за 76 % знешняга гандлю таварамі нашай краіны.

«Такія вынікі падмацоўваюць нашу глыбокую перакананасць у неабходнасці засяродзіцца на праектах, здольных забяспечыць доўгатэрміновы рост узаемнага гандлю і інвестыцый. Асаблівае значэнне мае фарміраванне ўстойлівых вытворчых ланцужкоў, уключаючы кааперацыю ў прамысловасці, у тым ліку ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, лічбавай эканоміцы і іншых перспектыўных сектарах», — пракаментаваў ён.

Беларусь разглядае кожную сустрэчу ў фармаце ШАС як непасрэдную магчымасць перайсці ад агульных дэкларацый да канкрэтных дамоўленасцяў, падкрэсліў Прэм’ер-міністр: «Нашы краіны маюць узаемадапаўняльныя вытворчыя і тэхналагічныя кампетэнцыі. І мы можам цалкам задзейнічаць іх у сумеснай дзейнасці».

Па словах Аляксандра Турчына, падмуркам пашырэння гандлю можна лічыць транспартную ўзаемазвязанасць: Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні найважнейшых транспартных напрамкаў Еўразіі і зацікаўлена ў далейшым развіцці маршрутаў, якія злучаюць дзяржавы ШАС. «Бачым значны патэнцыял у прамысловай кааперацыі. Прапануем задзейнічаць рэсурсы краін ШАС для стварэння кааперацый-

ных праектаў і вытворчасці найбольш запатрабаваных відаў прадукцыі, у тым ліку аўтамабільнага, сельскагаспадарчага машынабудавання, навукаёмістых вырабаў, — канкрэтызаваў кіраўнік урада. — Важную ролю ў гэтай сувязі заклікана адыграць прымаемае сёння Палажэнне аб Банку даных інвестыцыйных праектаў у сферы прамысловасці дзяржаў — членаў ШАС».

«Дзяліцца вопытам і ўмацоўваць шматбаковае ўзаемадзеянне»

Беларусь мае вялікі вопыт у галіне жывёлагадоўлі, раслінаводства, вытворчасці і перапрацоўкі прадуктаў харчавання, працягнуў Прэм’ер-міністр. «Наша краіна гатова дзяліцца вопытам і ўмацоўваць шматбаковае ўзаемадзеянне для дасягнення ўстойлівага развіцця і харчовай бяспекі, — звярнуў увагу Аляксандр Турчын. — Сучасная эканоміка ўсё больш вызначаецца не столькі наяўнасцю рэсурсаў, колькі здольнасцю ствараць і ўкараняць тэхналогіі. Практычна ўсе галіны сёння праходзяць лічбавую трансфармацыю. Таму ўзаемадзеянне ў сферы ІT неабходна разглядаць у першую чаргу як інфраструктуру для развіцця ўсяго эканамічнага вымярэння ШАС».

Беларусь падтрымлівае ініцыятывы па фарміраванні агульнай навукова-інавацыйнай прасторы арганізацыі і лічыць важным забяспечыць яе сувязь з рэальным сектарам эканомікі, акцэнтаваў Прэм’ер-міністр: «Навука будзе хутчэй увасабляцца ў тэхналогіях, а тэхналогіі — у новых вытворчасцях».

Пашырэнне эканамічных сувязяў патрабуе адпаведнай фінансавай інфраструктуры, адзначыў Аляксандр Турчын: «Рэспубліка Беларусь падтрымлівае найхутчэйшае стварэнне Банка развіцця ШАС як ключавога інструмента фінансавай незалежнасці і эканамічнай інтэграцыі на прасторы ШАС. Лічым прынцыпова важным, каб гэта структура стала ўнікальным па сваім мандаце шматбаковым банкам развіцця, які забяспечвае доступ да доўгатэрміновага інвестыцыйнага фінансавання без палітычных агаворак».

Кіраўнік урада выказаў перакананне, што стварэнне такога механізма фінансавага суправаджэння праектнай дзейнасці зможа аказаць магутны станоўчы эфект на эканомікі дзяржаў — членаў ШАС, надаць дадатковую ўстойлівасць нашым кантактам і ўмацаваць фінансавы суверэнітэт рэгіёна. «Банк развіцця ШАС можа выступіць ядром разлікова-плацежнай сістэмы нашай арганізацыі для паступовага 

павелічэння долі нацыянальных валют у знешнегандлёвых і інвестыцыйных аперацыях», — заўважыў Аляксандр Турчын.

«ШАС мае ўнікальныя магчымасці. Важна ператварыць гэта ў канкрэтныя эканамічныя вынікі»

Прэм’ер-міністр Беларусі падкрэсліў: «З улікам важнай ролі гуманітарнага і навукова-адукацыйнага вымярэння ў дзейнасці ШАС бачыцца неабходным умацаванне ўстойлівых, інстытуцыйна аформленых мадэляў супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кадраў, развіцця даследаванняў і ўключэння моладзі. Пацвярджаем гатоўнасць працягваць і маштабаваць удзел у навуковых і адукацыйных механізмах, якія спрыяюць фарміраванню гарызантальных навуковых сувязяў і ўключэнню маладых людзей у рэалізацыю сумесных праектаў. Гатовыя ўсяляк садзейнічаць раскрыццю патэнцыялу Універсітэта ШАС».


Аляксандр Турчын адзначыў, што ўсе ініцыятывы «Шанхайскай сям’і» аб’ядноўвае агульная задача — сфарміраваць бясшвоўную прастору ШАС для руху тавараў і капіталу, прамысловай кааперацыі і забеспячэння ўстойлівых харчовых ланцужкоў для тэхналагічнага ўзаемадзеяння і больш цесных кантактаў паміж нашымі народамі: «Сёння ШАС мае ўнікальныя магчымасці. Важна ператварыць гэта ў канкрэтныя эканамічныя вынікі. У новыя прадпрыемствы. У новыя транспартныя маршруты. У новыя інвестыцыі. У новыя тэхналогіі. У рост узаемнага гандлю. І, у канчатковым выніку, у павышэнне дабрабыту нашых народаў. Прапаную і далей рухацца менавіта ў гэтым кірунку — ад дамоўленасцяў да канкрэтных спраў, ад асобных праектаў да ўстойлівых механізмаў супрацоўніцтва».

* * *

Па выніках саміту кіраўнікі ўрадаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ўзгаднілі і зацвердзілі шэраг дакументаў па выніках пасяджэння ў Душанбэ. У іх ліку — сумеснае камюніке, якое зафіксуе вынікі сустрэчы, прысвечанай 25-годдзю ШАС.

Узгоднены яшчэ чатыры дакументы: Канцэпцыя стварэння адзінай лічбавай платформы для кіравання мультымадальнымі наземнымі грузавымі перавозкамі, План мерапрыемстваў на 2026 — 2030 гады па рэалізацыі праграмы шматбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзяржаў — членаў ШАС, Канцэпцыя стварэння лічбавай платформы ШАС для развіцця міжнародных мультымадальных грузавых перавозак і Палажэнне аб Банку даных інвестыцыйных праектаў у сферы прамысловасці дзяржаў — членаў ШАС.

Паводле БелТА і прэс-службы 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю