Top.Mail.Ru

Як не памыліцца пры пасадцы зімовага часнаку?

20.10.2026 | 16:59

Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ расказаў садоўнік Дзмітрый Кастрыцкі


Ён адзначыў, што часнок любіць добрае асвятленне, а вось у цені ён расце дрэнна. «Лепш за ўсё гэта культура развіваецца пасля бабовых, напрыклад, пасля гароху або фасолі, а таксама пасля кабачкоў і гарбузоў», — адзначыў ён.

Садоўнік расказаў, што часнок добра адклікаецца на арганічныя ўгнаенні, таму пад перакопку ўносяць перапрэлы кампост або перапрэлы гной у норме 
10 л на 1 кв. м. «Свежы гной уносіць нельга», — падкрэсліў Дзмітрый Кастрыцкі. 

Ён таксама расказаў, што, акрамя арганічных угнаенняў, прымяняюць і мінеральныя, напрыклад комплексныя саставы, якія змяшчаюць азот, фосфар і калій. «Аднак у восеньскі перыяд азот засвойвацца не будзе, таму лепш выбіраць угнаенні з мінімальным утрыманнем гэтага элемента. Напрыклад, падыдзе спецыялізаванае восеньскае ўгнаенне, багатае на калій і фосфар. Яно ўносіцца ў норме 50-60 г на 1 кв. м. Арганічныя і мінеральныя кампаненты раўнамерна размяркоўваюць па паверхні, пасля чаго праводзяць глыбокую перакопку», — растлумачыў садоўнік. 

Акрамя гэтага, паводле слоў Дзмітрыя Кастрыцкага, часнок фарміруе магутную, глыбокую каранёвую сістэму. «Каб на працягу сезона расліне хапала сілкавання для ўтварэння буйной галоўкі, неабходна строга вытрымліваць схему пасадкі. Паміж радкамі пакідаюць прыкладна 30 см, а паміж зубчыкамі ў радку — 
каля 7-10 см. Для пасадкі адбіраюць толькі буйныя галоўкі часнаку, падзяляючы іх на самыя здаровыя зубчыкі, без механічных пашкоджанняў і прыкмет захворванняў. Далей пачынаюць пасадку: высаджваюць зубчыкі на глыбіню прыкладна 5 см, а лепш за 7 см, і засыпаюць глебай», — адзначыў ён. 

Садоўнік звярнуў увагу, што многія агароднікі на зіму дадаткова мульчыруюць градку галінкамі, лісцем або розным агародным бацвіннем для ўцяплення. «Аднак часнок — холадаўстойлівая і марозаўстойлівая культура, якая не баіцца зімовых халадоў, таму зверху градкі можна нічым не накрываць. Выконвайце гэтыя простыя правілы, і ў вас вырастуць буйныя галоўкі часнаку, якія будуць захоўвацца цэлы год», — растлумачыў Дзмітрый Кастрыцкі.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю