Top.Mail.Ru

Знайсці кадры, якія вырашылі ўсё!

20.10.2026 | 11:17

Тэхніка, транспарт, механізмы, агрэгаты, інфраструктура... Усё гэта было неад’емным складнікам эвакуацыйных мерапрыемстваў 1941–1942 гадоў. Аднак нельга не ўспомніць галоўны рухаючы рэсурс таго вялікага, амаль Серафімовіцкага «Жалезнага патоку» свайго часу — людзей. Працоўная мабілізацыя рабочай сілы для абароннага сектара прамысловасці СССР стала асобным галаўным болем кіраўнікоў-вытворцаў усіх узроўняў. Заводам і фабрыкам тэрмінова патрабавалася даўкамплектаванне кадраў, якія былі страчаныя пры эвакуацыі, пайшлі ў апалчэнне, — і туды пацяклі дзясяткі тысяч цывільных, часта малалетнія, узроставыя і непрыдатныя да ваеннай службы асобы абодвух полаў. Масавы набор на мяжы 1941–1942 гадоў быў параўнальны з колькасцю людзей, якія ўдзельнічалі ў асобных этапах партызанскага руху акупаваных савецкіх рэспублік.


У зямлянках

Так, «у 1942 годзе на шэсць найбуйнейшых прадпрыемстваў авіяцыйнай прамысловасці ў Паволжы паступіла самая значная за ўсю вайну партыя рабочых — 75 940 чалавек... Кадравы склад прадпрыемстваў Паволжа рэзка памаладзеў, а на долю жанчын да канца вайны прыпадала прыкладна 1/3 персаналу заводаў» (фонды Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Самарскай вобласці). Усяго, па няпоўных даных, на абаранпрам за час вайны ў той ці іншай меры працавала ад пяці да сямі мільёнаў чалавек.



Пытанне работнікаў паўстала асабліва востра ў канцы 1941-га, калі кадры прадпрыемстваў, якія перамяшчаліся і без таго ў няпоўным складзе, сталі выгружацца на новым месцы. І людзі ўбачылі тыя няпростыя ўмовы, у якіх ім давядзецца працаваць.

Падсялялі па тры-чатыры сям’і ў адну кватэру, размяшчалі ва ўсе, хоць трохі прыдатныя для жыцця, падвалы, паддашкі, калідоры і прасторныя пад’езды, а нярэдка і падземныя сховішчы для агародніны. На ўскраінах населеных пунктаў, якія прынялі перасяленцаў, з’явіліся зямлянкі. Многія прадпрыемствы, як, напрыклад, Новасібірскі завод № 185, што стаяў удалечыні ад населеных пунктаў, мелі свае гарадкі для рабочых. Гэта дазваляла паступова пашыраць іх, прымаючы новых жыхароў, што давала імпульс да павелічэння аб’ёмаў прадукцыі.


Летам 1945 года на гэтым прадпрыемстве працавалі 20 000 чалавек, у той час як да прыняцця магутнасцяў пасля эвакуацыі колькасць была больш сціплай — 3500. Вось як узгадваў рэаліі тых цяжкіх гадоў у сваёй кнізе «Ракеты і людзі» вучоны-канструктар Барыс Чарток: «У Білімбай прыбылі раніцай 7 лістапада. Ён сустрэў нас дваццаціградусным марозам. Нягледзячы на свята — 24-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі — абвясцілі „ўсенародны аўрал“ па разгрузцы эшалона. Мясцовая ўлада ўсіх прыбылых часова размясціла ў прасторным „божым храме“ — царкве — проста на халоднай каменнай падлозе. Пакуль жанчыны ўладкоўвалі ў царкве дзяцей і наладжвалі быт, увесь мужчынскі склад пачаў перацягваць абсталяванне на аддадзены ў наша распараджэнне чыгуналіцейны завод. Па сведчанні мясцовых жыхароў, завод быў пабудаваны ў часы Кацярыны Вялікай. За некалькі дзён да нас сюды прыбыў калектыў канструктарскага бюро верталётных арганізацый Камава-Міля і агрэгатнага завода Прывалава, які вырабляў парашутна-дэсантнае абсталяванне. Выконваючы загад Шахурына (наркама авіяпрама СССР. — Аўт.), інжынеры выехалі з Масквы на „эмцы“ як былі, у летнім абмундзіраванні. Іх падарожжа на аўтамабілі па расійскіх дарогах таго часу доўжылася пятнаццаць дзён. Але яны паспелі прыбыць на месца да прыходу эшалона, адваяваць у іншых прэтэндэнтаў на завод асноўную частку плошчы, падрыхтаваць царкву да размяшчэння людзей з далейшым рассяленнем іх па драўляных хатах мясцовых жыхароў».

Напружаныя адносіны паміж прадпрыемствамі, асабліва іх кіраўнікамі, таксама мелі месца... Часам яны выліваліся ў сутыкненні інтарэсаў нядаўна эвакуіраваных прадпрыемстваў. Так, напрыклад, маёмасць аднаго з механазборачных заводаў, якая перапраўлялася з Рыбінска ва Уфу, стала прадметам «бою мясцовага значэння» паміж дырэкцыямі двух раней перакінутых на Урал прамысловых гігантаў.


Матэрыяльныя каштоўнасці перавозіліся на баржах, але з надыходам халадоў іх рух спыніўся. І ў гэты момант знаходлівыя суседзі вырашылі — ні многа ні мала — прысвоіць сабе чужыя станкі і абсталяванне. Дзеля выканання прамысловага плана ў імя Радзімы і фронту, але прысвоіць...

Яшчэ адна праблема, якая замінала справе, — разнабой кадравага складу абаронкі: мабілізаваныя часта не маглі паўнавартасна замяніць прызваных рабочых. Танкавая, парахавая, суднабудаўнічая, авіяцыйная вытворчасці часоў вайны пакутавалі ад недастатковасці аўтаматызацыі працы. Грубая ручная праца адразу адбракоўвала вельмі многіх нядаўна мабілізаваных. Напрыклад, аперацыю па перамешванні цэлюлозы (з якой атрымлівалася выбуховае рэчыва — піраксілін) у чанах спецыяльнымі алюмініевымі вілкамі вытрымлівалі вельмі нямногія. Працаваць гадзінамі ў летнюю спякоту, надзеўшы касцюм хімабароны, было вельмі складана. І шэраг прадпрыемстваў доўгі час пакутаваў ад хранічнага недахопу патрэбных кандыдатаў на ладны спіс спецыяльнасцяў. Часткова гэту праблему вырашыла вяртанне дэмабілізаваных па раненні або хваробе франтавікоў-рабочых у прамысловасць, калі небяспека паражэння мінула. Усяго да станкоў і пракатных станаў у 1943 — 1945 гадах вярнулася каля 250 000 дзеяздольных ветэранаў з заводскім мінулым.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, асноўная маса вытворцаў-кіраўнікоў і рабочых выявіла поўную самаадданасць, дысцыплінаванасць і самаарганізацыю. Інакш планы, спушчаныя абаронцы Дзяржаўным камітэтам абароны, немінуча былі б правалены з катастрафічнымі для нашай краіны вынікамі.

Зімовыя тоны

Што яшчэ дапамагло хутчэй пераадолець зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці, выкліканае стратамі вайны, чыгуначнымі заторамі, экстраардынарнымі ўмовамі перакідвання цэлых галін вытворчасцяў на ўсход? На дапамогу прыйшлі звычайная чалавечая знаходлівасць, жаданне працоўных калектываў хутчэй зрабіць свой унёсак у разгром ворага.


Так, напрыклад, перапраўка бранявых станаў з прадпрыемстваў Ленінграда і Марыупаля ў Ніжні Тагіл і Магнітагорск па чыгунцы заняла пэўны час. Але краіна не магла спыніцца без бронелістоў для сярэдніх і цяжкіх танкаў — іх запасы імкліва змяншаліся, фронт меў патрэбу ў тэхніцы, ваенная сітуацыя прастояў не даравала. Тым больш што на Магнітагорскі металургічны камбінат паступіў вялізны заказ на вытворчасць некалькіх соцень баявых машын. Эвакуіраваны дэсант інжынераў і галоўны механік «Магніткі» Мікалай Рыжэнка задаліся пытаннем: чаму б не паспрабаваць катаць браню на блюмінгу? На зусім не прызначаным для гэтага цяжкім стане, што выкарыстоўваецца для папярэдняга абціскання сталёвых зліткаў вялікага папярочнага сячэння.


У якасці замены бранявога стана блюмінг ніхто з сусветных вытворцаў ні разу не выкарыстоўваў — такой практыкі проста не існавала, бо трываласць дадзенага агрэгата была недастатковая для работы з падобнымі загатоўкамі. Дырэктар камбіната Рыгор Носаў, асабіста правёўшы шэраг разлікаў і заручыўшыся дазволам наркама чорнай металургіі Івана Тэвасяна, з некаторай асцярогай прыступіў да рэалізацыі задуманага. На заводзе выдатна разумелі: паломкі блюмінга з далейшым гарантаваным доўгім прастоем прадпрыемства ім не даруюць, назваўшы рызыкоўную навацыю авантурай і злачынствам. І будуць мець рацыю!

Паводле легенды, Носаў у дні праверкі навацыі на практыцы не расставаўся з пісталетам, каб застрэліцца ў выпадку правалу да таго, як за ім прыедуць прадстаўнікі кампетэнтных органаў са спагнаннем за паломку. Гэта гісторыя, хутчэй за ўсё, міф. Але міф характэрны: асцярогі былі самыя сур’ёзныя. Аднак праект аказаўся цалкам прыдатны да выканання: неўзабаве пасля пачатку Вялікай Айчыннай многія савецкія прадпрыемствы, не чакаючы падвозу з захаду эвакуіраванага абсталявання, асвоілі пракат стальной брані на дарагім блюмінгу, які не спецыялізаваўся на гэтым. Навацыя ператварала любую вытворчасць, абсталяваную самым простым станам такога тыпу, у пункт па выпуску жыццёва важнай прадукцыі — танкавай і суднавай брані.

Унікальную па паспяховасці аперацыю — пашырэнне плошчаў Уральскага алюмініевага завода ў Каменск-Уральскім — савецкія будаўнікі і вытворцы ажыццявілі на працягу лічаных месяцаў. Прычым нябачаным у свеце спосабам — без чарцяжоў, праектаў і каштарысаў, па памяці, не выкарыстоўваючы краны і дамкраты, з мінімальнай механізацыяй працы, без аўтатрактарнай тэхнікі. Нават не адцягваючыся на пабудову бытавых памяшканняў. Галоўнай задачай было паспець да восеньскіх халадоў.


Пастанова № 70 Дзяржаўнага камітэта абароны прадпісвала пашырыць Уральскі алюмініевы завод і пабудаваць крыніцу энергіі для яго — Краснагорскую ЦЭЦ — пры садзейнічанні з боку мясцовых улад толькі будматэрыяламі. 

Канчатковая мэта (выплавіць 84 тысячы тон у год да студзеня 1942-га) гучала для персаналу прадпрыемства як прысуд. Такія тэрміны і аб’ёмы неабходнай выпрацоўкі здаваліся недасягальнымі! Але, па сведчанні выдання «Урал — фронту: нарысы працоўнага подзвігу» (1987 год), новы дырэктар Яфім Слаўскі рашуча ўзяўся за справу, разумеючы: альтэрнатывы няма. На Урал неўзабаве павінны былі прыбыць яго калегі і абсталяванне з Дняпроўскага, Волхаўскага і Ціхвінскага алюмініевых заводаў, якія эвакуіраваліся. Прадпрыемства трэба было тэрмінова пашыраць, бо яно засталося адзіным у краіне, якое выпускала сілумін — сплаў алюмінію з крэмніем, неабходны для выпуску рухавікоў. Дарэчы, на сярэдні танк ішло каля 500 кг сілуміну, на самалёт — 100–270 кг. Замены яму зусім не было. Да восені 1941-га ў запасах дзяржавы сплаву засталося на 3-4 месяцы выпуску актуальнага аб’ёму танкаў. Правал задачы і па пашырэнні Уральскага алюмініевага завода, і па будаўніцтве Краснагорскай ЦЭЦ пагражаў спыненнем вытворчасці баявых машын да зімы 1941–1942 гадоў. Ніякі «ленд-ліз» і блізка не змог бы закрыць гэты недахоп. Наступствы правалу адразу ж адбіліся б на сітуацыі, што склалася на франтах Вялікай Айчыннай вайны, і гэтыя «метастазы» страшна было нават уявіць. За ходам будаўніцтва асабіста назіраў наркам каляровай металургіі Пётр Ламака, які пераехаў у Каменск-Уральскі.
Ужо да канца восені адказнае заданне было выканана: у цэхі-новабудоўлі заехала абсталяванне з іншых часткова эвакуіраваных прадпрыемстваў, але большую частку самых важных элементаў завода стварылі з нуля. Труба для абпальвання сыравіны наладжвалася, здавалася б, паспешліва, але прапрацавала без адзінай аварыі ўсю вайну і яшчэ дзясяткі гадоў. Уральскі гігант за 1941 — 1945 гады выплавіў каля 300 тысяч тон алюмінію, абышоўшы сукупны аб’ём вытворчасці 20 стандартных умоўных нямецкіх алюмініевых заводаў.

У скарбонку мірнага жыцця

Эвакуацыя савецкай абароннай прамысловасці лета 1941-га — вясны 1942 года дазволіла выратаваць ад захопу некалькі тысяч абаронных вытворчасцяў рознага калібру. Толькі адзін Урал «прытуліў» каля 667 прадпрыемстваў, у тым ліку больш за 15 — з БССР. Але, забяспечыўшы Чырвоную Армію ўсім неабходным для Перамогі, эвакуацыя пакінула савецкім рэспублікам яшчэ адзін задзел — пасляваенны. Назад, у ранейшыя месцы дыслакацыі, цалкам вярнуліся толькі некалькі соцень заводаў. У большасці сваёй пад рээвакуацыю трапілі касцякі прадпрыемстваў з найменшай колькасцю асноўнага парка абсталявання.


Былыя заводы — «байцы» Вялікай Айчыннай — пусцілі на новай глебе глыбокія карані. Напрыклад, у Омскай вобласці Сібірскай федэральнай акругі Расіі да гэтага часу працягвае працаваць частка папярэдніка цяперашняга Віцебскага прыборабудаўнічага завода. Эвакуацыйны задзел дазволіў СССР у рэкордныя тэрміны — ужо ў 1948 годзе — аднавіцца з руін вайны. Разведанымі ў ліхалецце запасамі вугалю, жалезнай руды, нафты і газу Расія і Казахстан, напрыклад, карыстаюцца дагэтуль. Неверагодна, але факт: знаходкі ваеннага часу нявычарпаныя і сёння.

Аляксей СЕРАБРАКОЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю