Top.Mail.Ru

Унучка ўдарніцы і маці-гераіні Ніны Баранавай са Шклоўскага раёна — пра сапраўдныя каштоўнасці, працоўныя дынастыі і любоў да роднай мовы

20.10.2026 | 09:31

Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны ў аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна адкрыўся помнік мясцовай жыхарцы Ніне Баранавай, якая за свае працоўныя поспехі атрымала зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Жанчына была не толькі ўдарніцай, але і шматдзетнай маці — нарадзіла і выхавала 10 дзяцей. Сёння ў гэтым аграгарадку працуе і выхоўвае дзяцей яе ўнучка Наталля Стрыжанава, дарэчы, падпісчыца газеты «Звязда».


Знакамітая гаспадарка

Наталля Стрыжанава — настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы аграгарадка Гарадзец. Яе бабуля працавала тут жа, у мясцовым саўгасе, які цяпер называецца ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец». Менавіта гэту гаспадарку ў 1987 годзе ўзначаліў будучы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Да таго часу Ніна Баранава ўжо была на пенсіі, але шмат хто з яе радні прадоўжыў ганаровую справу. У тым ліку сын Уладзімір і нявестка Ларыса — бацькі Наталлі Стрыжанавай. І сама Наталля не аднойчы школьніцай прыбягала на ферму дапамагаць маці.


— Нас, дзяцей, у сям’і было пяцёра, а я самая старэйшая, — успамінае яна. — Дапамагала бацькам і дома, і на рабоце. Сваіх кароў было дзве, пакуль маці адну доіць, я — другую. І ў саўгасе пастаянна — то цялят паіла, то буракі палола, то лён прыбірала. Некалькі разоў нават бачыла там нашага будучага Прэзідэнта. Вельмі быў патрабавальны, строгі. За парадкам глядзеў, каб было чыста. І працавітых людзей вельмі паважаў. Быў у адносінах да іх вельмі просты. Помню, як мая цётка запрасіла яго на вяселле. Яна разам са сваім абраннікам працавала ў гэтай гаспадарцы.

І Аляксандр Рыгоравіч прыняў запрашэнне. Ад саўгаса падарыў сужэнцам тэлевізар — па тых часах вельмі каштоўная рэч.

Бабуліны ўрокі

Па ўспамінах Наталлі Уладзіміраўны, у маладосці бабуля марыла стаць настаўніцай. Але была старэйшая ў таксама шматдзетнай сям’і, і ў яе не хапіла часу вучыцца — трэба было ісці працаваць.

Унучка рэалізавала яе мару. Парады мудрай бабулі ўвесь час дапамагалі будаваць ёй асабістае жыццё. Пасля педкаледжа (МДУ імя А. Куляшова яна скончыла ўжо завочна) маладая настаўніца паехала працаваць у суседнюю вёску Уланава, дзе і знайшла сваю другую палавінку. Хутка і вяселле адгулялі.

Ніна Мітрафанаўна ніколі не адмаўлялася дапамагчы, нават калі стала старэнькай і хворай. У сталым узросце даглядала гадавалую праўнучку — старэйшую дачку Наталлі.

Дом на гары

Бацькоўскі дом асабліва дарагі сэрцу ўнучкі. Яго будаваў яшчэ яе дзед у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Дом атрымаўся вялікі, прасторны, утульны. І месца вельмі прыгожае. Побач вялікі сад.

Успаміны пра бязвоблачнае дзяцінства ў гэтым доме выклікаюць у Наталлі слёзы. Раптоўна пайшоў з жыцця бацька, некалькі гадоў таму памерла маці — абодвум было крыху за 60.

— Усё ў доме засталося, як пры жыцці мамы, — кажа суразмоўніца. — Нават яе хатнія кветкі пэўны час раслі. Любім там збірацца сем’ямі.

Сакрэт шчасця

На погляд Наталлі Стрыжанавай, сакрэт шчасця вельмі просты: любі сваю зямлю, працуй, выхоўвай дзяцей і будзеш шчаслівы. Сям’я ў яе таксама вялікая — з мужам Дзмітрыем яны выхоўваюць трох дачок.

— Шматдзетнасць у нашых сем’ях — гэта прыклад бабулі, — аргументуе яна. — Дзеці — падмурак сям’і, разам любая работа ідзе спарней. У маім дзяцінстве работы было шмат. Рана ўставалі, па гаспадарцы шчыравалі, але ўсё паспявалі. Маці раніцай бегла на ферму, і мне трэба было братоў, сясцёр у школу і садок сабраць, адзенне папрасаваць. Знаходзіўся час і на гульні, і на рэчку, куды мы збягалі пры першай магчымасці. Хадзілі ў грыбы, ягады. Па дарозе са школы забягала ў бібліятэку, набірала кніг і, пакуль дома нікога не было, залазіла на печку і чытала. Гэта былі неверагодна шчаслівыя хвіліны...

Зорка Героя

Помнік Ніне Баранавай адкрылі падчас сёлетніх абласных «Дажынак» у Шклове. На ўрачыстасць сабралася шмат прадстаўнікоў вялікай сям’і ўдарніцы і маці-гераіні. Прыехалі нават нашчадкі з далёкага Санкт-Пецярбурга. Месца выбрана невыпадкова. Непадалёк ад помніка — школа і сельскі Дом культуры, дзе ёсць пакой воінскай і працоўнай славы. А там — куточак, прысвечаны Ніне Баранавай, дзе захоўваюцца яе асабістыя рэчы і ўзнагароды, у тым ліку зорка Героя Сацыялістычнай Працы.

— На прыкладзе маёй бабулі сёння выхоўваецца моладзь, — з гонарам адзначае ўнучка. — Слава яе не сапсавала, яна заставалася такой жа сціплай і простай, якой была і да ўзнагароджанняў. Некалькі гадоў таму, калі раён рыхтаваўся адзначыць сваё стагоддзе, яе прозвішча было ўнесена ў кнігу «Слава і гонар Шклоўшчыны».

Той высокі ўзровень, які задала Ніна Баранава, стаў прыкладам для яе дзяцей, унукаў і праўнукаў. Старэйшая дачка Наталлі — Ксенія — пайшла па слядах маці. Скончыла МДУ імя А. Куляшова і вярнулася ў родны Гарадзец настаўніцай пачатковых класаў. Так падоўжылася яшчэ адна прыгожая дынастыя. Сярэдняя дачка — Кацярына — знайшла работу на Мінскім аўтазаводзе, а Ульяна яшчэ школьніца — вучыцца ў 9 класе. Усе дзяўчаты старанныя, працавітыя, выхаваныя на любові да роднай зямлі і традыцый. Яны добра ведаюць, якую стваральную сілу мае сумленная праца. Іх прабабуля — прамое таму пацвярджэнне.

— Мы вельмі любім чытаць газету «Звязда», — падкрэслівае Наталля Уладзіміраўна. — У ёй шмат цікавых артыкулаў пра працавітых і таленавітых людзей. Летам адсочвалі матэрыялы пра хлебаробаў. Вельмі ганарымся, што Шклоўскі раён годна паказаў сябе падчас жніва і атрымаў першую ўзнагароду ў вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю. А яшчэ я люблю «Звязду» за родную мову, якую сама з задавальненнем выкладаю ў нашай мясцовай школе.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва
Наталлі СТРЫЖАНАВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю