Дарэчы, суботніка магло б і не быць, калі б стараста вёскі Янкавічы Ганна Пазнякова сумесна з работнікамі мясцовай улады не распрацавалі эскіз-праект, які на конкурснай аснове адобрылі спецыялісты райвыканкама, а пасля праект быў адзначаны і на абласным узроўні Віцебскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Такім чынам Янкавіцкі сельвыканкам выйграў конкурс на абсталяванне для дзіцячай гульнявой пляцоўкі, выканаўшы абавязковую ўмову 10-працэнтнай аплаты ўласнымі сродкамі ад 20 тысяч рублёў, у якія абышлося абсталяванне. Дапамогу ў гэтым мясцоваму сельвыканкаму аказалі грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» і прыватны санаторый «Лясное».
Зборку і ўстаноўку дзіцячай гульнявой пляцоўкі рабілі ўжо не на пустым месцы. Пустку на месцы знесенага і тут жа «пахаванага» ў мінулыя гады будынка былой сталовай упрыгожылі малымі архітэктурнымі формамі, пасадзілі туі, усталявалі лаўкі. Ужо мелася добрая агароджа.

Мужчыны капалі ямкі рыдлёўкамі, вымаючы цэглу і друз рукамі, запаўнялі пясочніцу пяском і нівеліравалі няроўнасці, а жанчыны займаліся прыборкай тэрыторыі. Асабістыя мотаблок і бетоназмешвальнік, прадастаўленыя Мікалаем Хамчаноўскім, былі вельмі запатрабаваныя.
Не засталіся ўбаку і будучыя карыстальнікі дзіцячай пляцоўкі: раўнялі пясок у пясочніцы, падносілі каменьчыкі ў ямкі для цэментавання. Абсталяванне для дзіцячай гульнявой пляцоўкі размяшчаецца ў самым цэнтры вёскі Янкавічы. Адпачыць тут на лавачках могуць і дарослыя, чакаючы паштовую машыну ці проста бавячы час у добрае надвор’е. Суботнік адбыўся на карысць агульнай справе, пацвердзіўшы спрадвечнае: талакой можна і горы звярнуць.
Аляксандр Матошка, фота аўтара
в. Янкавічы, Расонскі раён