Закурыў — і не прачнуўся
Толькі за верасень 2026 года ў краіне здарыліся 424 пажары, у якіх загінулі 30 чалавек. Галоўныя прычыны застаюцца нязменнымі ўжо не адно дзесяцігоддзе. Асабліва ў жылым сектары — па статыстыцы, менавіта на яго прыпадае каля 96 працэнтаў загінулых. «Самая галоўная прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём. У большасці выпадкаў — падчас курэння ў стане алкагольнага ап’янення. Такім чынам, партрэт загінулага вельмі выразны: выпіў, закурыў, заснуў — не прачнуўся», — расказаў прадстаўнік МНС.

Другое месца ў гэтым «антырэйтынгу» ў ратавальнікаў займаюць парушэнні правілаў уладкавання і эксплуатацыі электраабсталявання, электрасетак, а трэцяе — пячнога ацяплення. Яно, дарэчы, патрабуе пільнай увагі гаспадароў увесь ацяпляльны сезон. Перш за ўсё, печ нельга выкарыстоўваць, калі ў ёй ёсць трэшчыны або іншыя няспраўныя элементы. Дымаходы павінны быць атынкаваныя і пабеленыя, і белы колер тут не для прыгажосці: калі дзесьці прарываецца дым, па пачарнелай пляме месца будзе лёгка заўважыць.
— Ні ў якім разе таксама нельга распальваць печ гаручымі вадкасцямі, давяраць топку і кантроль за ёй дзецям, складваць або сушыць гаручыя матэрыялы каля печы, асабліва каля адкрытай топачнай адтуліны, — звярнуў увагу Дзмітрый Турчын. — Павінен быць перадтопачны ліст, а запалкі, запальнічкі і іншыя сродкі запальвання нельга пакідаць у даступным для дзяцей месцы.
Пакуль не позна
Каб папярэдзіць насельніцтва нашай краіны, праінфармаваць аб гэтых і іншых правілах бяспекі ў восеньска-зімовы перыяд, прадстаўнікі МНС разам з сацыяльнымі работнікамі і іншымі зацікаўленымі ведамствамі наведваюць дамы адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і тых, хто злоўжывае спіртным. Падчас розных акцый, у тым ліку «Дом без пажару» і «За бяспеку разам», спецыялісты штогод абыходзяць тысячы домаўладанняў.

— За дзевяць месяцаў 2026 года мы абследавалі больш за 530 тысяч домаўладанняў і ахапілі больш за 700 тысяч грамадзян, — расказаў Дзмітрый Турчын. — У прыярытэце — адзінокія і адзінока пражываючыя, інваліды, шматдзетныя, сем’і з сацыяльна небяспечным становішчам для дзяцей. Зразумела, мы ходзім і да іншых грамадзян, але наша работа павінна засяроджвацца на першапрычынах і там, дзе часцей за ўсё ўзнікаюць пажары.
Эфектыўны сродак ратавання
Дарэчы, па адпаведных дзяржаўных праграмах, што дзейнічаюць у нашай краіне ўжо не першую пяцігодку, сацыяльна ўразлівыя катэгорыі могуць атрымаць дапамогу ў рамонце пячнога ацяплення і ва ўсталяванні аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, адзначыў прадстаўнік МНС. За дзевяць месяцаў па праграмах «Сацыяльная абарона» і «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» такім чынам адрамантавалі больш за 7 тысяч печаў і ўсталявалі больш за 50 тысяч АПА. А ў рамках шырокамаштабнай кампаніі з пачатку года ўсталявалі яшчэ каля 111 тысяч такіх прылад.

Па словах Дзмітрыя Турчына, дзякуючы такому распаўсюджванню, з 2002 года АПА выратавалі каля 2,9 тысячы грамадзян, у тым ліку ў 2026-м — каля 90 чалавек, з іх 25 дзяцей. Пры гэтым эфектыўны сродак ратавання не патрабуе нават спецыяльнага абслугоўвання — дастаткова час ад часу мяняць у ім батарэйкі. «У верасні з розніцай у адзін дзень былі выратаваны дзве шматдзетныя сям’і. У першай трое дзяцей прачнуліся ад сігналу, а бацька праз акно выцягнуў іх на руках, усе выжылі. У другім выпадку ўсе былі занятыя сваімі справамі, але дзякуючы гуку АПА паспелі пакінуць памяшканне. Праца ў гэтым кірунку будзе прадоўжана», — расказаў прадстаўнік МНС.
Прафілактыка пажараў у прыватных дамах — клопат не толькі ратавальнікаў, але і мясцовай улады — сельсаветаў. Мы пацікавіліся, што робіцца на месцах, каб папярэдзіць вогненную бяду.
Аксана ГАЛЧЫНСКАЯ, старшыня Пратасаўскага сельсавета Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці:
— У нашым сельсавеце амаль 390 гаспадарак, і печкі яшчэ стаяць у многіх, асабліва ў людзей пажылога ўзросту. Сярод самых частых парушэнняў у такіх домаўладаннях — непабелены дымаход і адсутнасць перадтопачнага ліста. Ёсць некаторыя парушэнні і па пажарных апавяшчальніках: па агульных рэкамендацыях, яны павінны быць па колькасці жылых пакояў, але часам апавяшчальнікаў няма зусім. Аднак у асноўным грамадзяне самі клапоцяцца пра сваю бяспеку і стараюцца не дапускаць парушэнняў.

Жыхары ставяцца да праверак іх домаўладанняў — а мы праводзім іх на працягу ўсяго года, не толькі ў пажаранебяспечны восеньска-зімовы перыяд — адэкватна: парушэнні выпраўляюць, да заўваг — прыслухоўваюцца. Устараненне недахопаў як намі, так і іншымі зацікаўленымі ведамствамі, потым таксама адсочваецца.
Большасць грамадзян разумее, што бяспека — гэта, перш за ўсё, іх асабістая адказнасць. І з кожным годам такіх людзей становіцца ўсё больш. Гэта відаць і па Пратасаўскім сельсавеце — апошнія гадоў дзесяць пажараў у нас, дзякуй богу, не было.
Кацярына ХМЫЛКОВА, старшыня Бараўлянскага сельсавета Мінскага раёна Мінскай вобласці:
— У сярэднім за тыдзень мы сумесна з зацікаўленымі ведамствамі, органамі РАНС абследуем каля 30 дамоў. Насельніцтва дастаткова вялікае, таму ў першую чаргу абследаванне праводзіцца сярод катэгарыраваных грамадзян — толькі іх у нашым сельсавеце пражывае больш за 4 тысячы.
Зразумела, адразу ўсіх абследаваць не ўяўляецца магчымым. Таму акцэнт робіцца на пажылых і адзінока пражываючых людзях, шматдзетных сем’ях і сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Іх бяспека ў восеньска-зімовы перыяд намі асабліва кантралюецца. У тым ліку пры выяўленні антысанітарыі прымаюцца аператыўныя меры рэагавання, пры неабходнасці прыцягваюцца супрацоўнікі міліцыі.
Дарэчы, у рамках тэматычных акцый, напрыклад, «Дом без пажару», мы разам з супрацоўнікамі МНС і іншых ведамстваў абыходзім жылыя дамы, у тым ліку ў выходныя дні. Кожны суб’ект прафілактыкі працуе па сваіх кірунках.
Прыходзячы з праверкай, абавязкова тлумачым мэту візіту. І, калі кагосьці не засталі дома, даведваемся, калі можна прыйсці зноў. Атрымліваецца, з кожным працуем індывідуальна. У тым ліку ў шэрагу выпадкаў катэгарыраваным грамадзянам ТЦСАН прадастаўляе рамонт пячнога ацяплення.
Адзначу, што жыхары, асабліва пажылыя, заўсёды ўдзячныя за тое, што да іх праяўляюць клопат, сочаць, як яны жывуць. На сённяшні дзень па выніках абследаванняў усе домаўладанні, у тым ліку з пячным ацяпленнем, у Бараўлянскім сельсавеце прыведзены ў належны стан.
Аміна НАЗАРАВА. Фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА