— Аліна, Карына, Дарына, Караліна, Арына, — пералічвае імёны сваіх крывіначак тата. — Усіх люблю, кожная для мяне — самая найлепшая!..
Калі засталіся ўшасцярых, Дзмітрыю не прыйшлося нешта асабліва мяняць у сваім жыцці. У вялікай сям’і няма асобных абавязкаў — усе агульныя. Дзве старэйшыя дачкі — Аліна і Карына — ужо набываюць прафесіі: адна асвойвае спецыяльнасць выхавальніцы ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы, другая вучыцца на повара-кандытара ў Аршанскім каледжы харчавання. Амаль кожныя выхадныя яны прыязджаюць у Круглае, каб дапамагчы бацьку ў выхаванні трох малодшых сясцёр. Дарына — сямікласніца, Караліна — пяцікласніца, а Арына вучыцца ў чацвёртым класе.
.jpg)
Аліна ў будучым годзе заканчвае каледж і збіраецца працаваць у Круглым. Прызнаецца, што ёй падабаецца яе малая радзіма, акрамя таго, тут сям’я, сябры, знаёмыя. Дзяўчына добра вучыцца, займаецца ў ваенна-патрыятычным клубе. Па выніках мінулага года заняла другое месца ў абласным конкурсе на найлепшага навучэнца сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці.
Карына вучыцца на другім курсе каледжа, любіць пабалаваць сясцёр і тату нечым смачным, і гэта ў яе вельмі добра атрымліваецца. Бацька кажа, што гатаваць дачка любіла з дзяцінства, а цяпер істотна ўдасканаліла свае веды:
— Можна толькі пазайздросціць таму хлопцу, якога яна абярэ ў спадарожнікі жыцця. Ды і ўсе мае дочкі — памочніцы. Малодшыя бяруць прыклад са старэйшых, умеюць рабіць усё. Займаюцца ў кружках і секцыях. Караліна, напрыклад, ходзіць на танцы, а Дарына і Арына паважаюць лёгкую атлетыку. На бацькоўскіх сходах заўсёды пра іх добра адгукаюцца. І мне гэта вельмі прыемна чуць.
Дзве кватэры на сям’ю
Дзяржава таксама паклапацілася, каб сям’я мела годныя ўмовы для жыцця. Малодшыя дзеці атрымліваюць дапамогу на Дзень ведаў, іншыя святы. Дарэчы, у распараджэнні Зязюлевічаў — дзве кватэры ў шматпавярховіку райцэнтра. Калі ёсць вольны час, сямейства ездзіць да брата таты ў вёску Гай. Там і прырода цудоўная, і лазня ёсць, дзе можна папарыцца і ўзбадзёрыцца. Час у вёсцы ляціць непрыкметна.
— Я там больш будоўляй займаюся, а дзяўчынкі дапамагаюць цётцы па гаспадарцы або гуляюць са стрыечнымі сёстрамі, — удакладняе шматдзетны бацька. — Бабулі, на жаль, у дачок няма, мая маці даўно памерла. Але ў Оршы жыве яе сястра з мужам — вельмі добрыя і клапатлівыя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы.
«Наш падпольны мільянер»
Некаторыя знаёмыя жартуюць, маўляў, Дзмітрый са сваімі дочкамі — круглянскі варыянт вядомага расійскага сіткама «Татавы дочкі». Аднак жыццё — не серыял, розныя сітуацыі бываюць, але яны пераадольваюцца.
— Мы звычайная дружная сям’я, — кажа Дзмітрый. — Усе складанасці і непрыемнасці ў нас пакрываюцца любоўю, дабрынёй і ўзаемапавагай.
Вядома, накарміць і апрануць пяцярых дзяцей не так проста. Іх бацька спраўляецца. Акрамя асноўнай работы, звязанай з дрэваапрацоўкай, імкнецца падзарабіць.
— Хочацца, каб дзяўчынкі не мелі ні ў чым патрэбы, — тлумачыць Дзмітрый. — Дома заўсёды ляжыць «энная сума» на бягучыя расходы. А вялікія пакупкі робім разам. Яшчэ застаецца і на тое, каб рамонт сучасны зрабіць. Цяпер якраз у адной з кватэр марафет наводзім. Дзяўчынкі дапамагалі шпалеры зняць. Што датычыцца адзення, то тут таксама праблем няма. Як гэта дачок не пабалаваць?! Нешта на маркетплэйсах купляем, Аліна дапамагае падабраць сёстрам строі. І тэлефоны ў дачок сучасныя. Нядаўна дзвюм меншым купіў новыя.

— Наш тата — гэта асобная бязмежная любоў, — гаворыць ад імя ўсіх сваіх сясцёр старэйшая Аліна. — Мы ім вельмі ганарымся. Быць татам пяцярых дачок — гэта ўжо подзвіг, а такім, як ён, — удвайне! Часам нам падаецца, што наш тата нейкі тайны мільянер. Ён закрывае ўсе нашы «хачу», падтрымлівае наша жаночае царства. Гатовы дзеля нас на ўсё. Пасля работы гатуе нам нешта смачнае — а ў яго ўсё атрымліваецца смачным. Ён усё ўмее.
Самы найлепшы Дзед Мароз
Да Дня бацькі дзяўчынкі падрыхтавалі падарункі. Яны лічаць гэта свята вельмі правільным і неабходным. Асабліва калі тата замяняе дваіх бацькоў.
— Калі тата лёг на аперацыю, мы ўсе вельмі хваляваліся, — успамінае Аліна. — На шчасце, усё абышлося. Мы яго вельмі беражом. Зрабілі графік, калі каму ўборку рабіць, і ў нас заўсёды парадак. Вельмі любім збірацца разам. Асабліва на Новы год. Свята цудоўнае! А тата ўмее яшчэ і прыемна здзівіць. Ён не толькі найлепшы тата, але і найлепшы на ўсёй зямлі Дзед Мароз!
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сямейнага архіва Зязюлевічаў