Top.Mail.Ru
0

Чым уразіла наша краіна блогераў з Індыі

«Раім усім абавязкова пабываць у Беларусі»

Гэта ўжо другі этап папулярызацыі Беларусі праз аб’ектывы камер блогераў. Першымі сталі госці з Кітая. Цяпер прыйшла чарга блогераў-мільённікаў з Індыі. У Гродзенскай вобласці праграма была разлічана на два дні. Расказваем, што паказвалі гасцям і што яны думаюць пра Гродзеншчыну і Беларусь у цэлым.

«У вас усюды прыгажосць і парадак»

Праграма першага дня прадугледжвала наведванне замкавага комплексу «Мір» і Палацава-паркавага комплексу «Вялікі Свяцк Валовічаў». За падарожжам блогераў назірала 45-мільённая аўдыторыя — столькі падпісчыкаў у суме ў шасцярых гасцей. Яны прафесіяналы сваёй справы і дасведчаныя вандроўцы.

На тварах гасцей чыталася непадробная цікавасць. 

Яны былі сапраўды ўражаныя ўбачаным, нягледзячы на тое, што ў іх за плячыма вялікі досвед вандраванняў. Напрыклад, блогер Арбаз КХАН наведаў 39 краін, і Беларусь стала саракавой:

— Мяне ўразіла культура і гасціннасць беларусаў. 

У вас тут прыемная і прыязная атмасфера. Мірскі замак вельмі ўражлівы! Мне ў цэлым вельмі цікавая гісторыя, бо я вывучаю яе ва ўніверсітэце. І ўразіла тое, што замак унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Цяпер у вас усюды прыгажосць і парадак, нягледзячы на тое, што гарады пацярпелі ад вайны ў мінулым, а насельніцтва страціла мільёны людзей. Гэты факт уразіў мяне да глыбіні душы.

«Тут я адчуваю сябе ў бяспецы»

Блогер Прыянка ШАРМА апроч прыгажосцяў звярнула ўвагу на бяспеку ў Беларусі:

— На вуліцах я адчуваю сябе ў бяспецы. Для мяне як для дзяўчыны гэта вельмі важна. Магу спакойна хадзіць і нічога не баяцца. Таму смела рэкамендую сваім падпісчыкам наведаць Беларусь і ўбачыць яе прыгажосць на свае вочы. Мяне ўразілі чысціня і парадак на вуліцах. 

А ў Свяцку больш за ўсё — фрэскі. Іх маштаб і сувязь з антычнасцю і сюжэтамі таго часу. І асабіста для мяне аказалася прыемным сюрпрызам наяўнасць вегетарыянскай ежы, з гэтым у мяне праблем не ўзнікла.

У другі дзень у гасцей таксама былі класныя лакацыі. Ніяк не магло абысціся без агляднай экскурсіі па каралеўскім Гродне. Блогеры прагуляліся па гістарычным цэнтры і ўбачылі яго галоўныя славутасці. Мясцовая архітэктура аказалася для іх нязвыклай і незвычайнай, таму інфлюенсеры дэталёва захавалі гарадскія пейзажы на камеры, каб паказаць сваім фаловерам. Далей госці з Індыі наведалі агратурыстычны комплекс «Каробчыцы», шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы і Лідскі замак.

Даступны спосаб заявіць аб сабе

Як адзначыла намеснік старшыні камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна ЛІДЗЯЕВА, у рэгіёне актыўна падтрымліваюць сучасныя фарматы:

— Таму арганізацыя тураў для замежных блогераў са шматмільённай аўдыторыяй вельмі актуальная і выкарыстоўваецца ўжо на працягу некалькіх гадоў. Публікацыі лідараў меркаванняў у сацсетках імгненна фарміруюць попыт на паездкі ў Беларусь і ствараюць вобраз бяспечнай і цікавай краіны. Гэта адзін з самых даступных спосабаў заявіць аб сабе. Індыйскі рынак — адзін з перспектыўных. 

І хоць Індыя пакуль не ўваходзіць у топ-5 краін па турпатоку, дынаміка ўражвае: усяго за 8 месяцаў уязная плынь адтуль да нас вырасла ў 2,7 раза. За гэтым рэгіёнам будучыня.

Часта думаюць, што ўвосень турыстычны сезон завяршаецца. Але Гродзеншчына гатова прымаць гасцей круглы год. Для жыхароў гарачых краін (Індыі, ААЭ, Узбекістана) наша прахалодная восень ці зімовы снег — чыстая экзотыка. Магчымасць назіраць за чатырма сезонамі, паехаць зімой да Дзеда Мароза — рэдкае, дзіўнае ўражанне для тых, хто жыве ў гарачых краінах. Так што змена пары года не спыняе турызм, яна толькі мяняе дэкарацыі, адкрываючы нашы галоўныя перавагі.

Ініцыятарам такой формы папулярызацыі нашай краіны стала Нацыянальнае агенцтва па турызме. Сёння вандроўцы сапраўды нярэдка выбіраюць туры, натхняючыся ўражаннямі і досведам іншых людзей. І найлепш гэта працуе праз відэаблогераў: яны паказваюць класныя маршруты і жывыя эмоцыі, якія хочацца перажыць самому. У праграму ўключаюць аб’екты, якія адлюстроўваюць гісторыка-культурную спадчыну, аўтэнтычнасць і самабытнасць нашай краіны, а таксама падкрэсліваюць яе традыцыйную гасціннасць.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю