Top.Mail.Ru

Хто пазмагаецца за ўвагу журы і аўдыторыі ў конкурсе ігравога кіно «Лістапада»?

«Кожны з выбраных намі фільмаў — гэта шчырая размова з душой іншага чалавека»


Вось і наступіў доўгачаканы момант: сёння ўвечары пачынаецца ХХХІІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». З 30 кастрычніка па 6 лістапада гледачоў чакаюць паказы найлепшых стужак — з некалькіх тысяч заявак для васьмі конкурсных праграм было адабрана больш як 130 фільмаў з 55 краін. Акрамя таго, адбудуцца сустрэчы са знакамітымі прадстаўнікамі кінаіндустрыі. А галоўнае — наперадзе безліч яркіх эмоцый, адкрыццяў і знаёмстваў.

Асноўны конкурс на любым кінафестывалі — гэта магчымасць не проста адчуць трэндавыя павевы, але і прасачыць, як змяняюцца герой і аўтарскія падыходы ў кінематаграфічным мастацтве. На ХХХІІ Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у конкурсе ігравога кіно прадставяць паўтара дзясятка фільмаў з Марока, Кітая, Расіі, Пакістана і іншых краін свету. Пра адбор, тэндэнцыі і прыклады для пераймання на экране размаўляем з праграмным дырэктарам конкурсу ігравога кіно Янікай Прэсцінскай.

Жывая гісторыя ўзаемадзеяння

— Яніка Уладзіміраўна, ужо апублікавана праграма сёлетняга «Лістапада», але, здаецца, што колькасць удзельнікаў конкурсу ігравога кіно зменшылася. Колькі фільмаў у выніку ўвайшло ў праграму і дзе мы іх убачым?

— Фестываль — гэта як жывы арганізм, дзе часам нешта мяняецца ў рэальным часе. Фільмаў у асноўным конкурсе ігравога кіно стала менш. І гэта звязана не з фестывалем, а з тым, што ў кожнага ўдзельніка сваё жыццё, свае ўмовы, таму часам хтосьці выбывае. З адабраных заявак гледачам і на суд журы прадставім 15 карцін. Усе яны (за выключэннем фільма адкрыцця «Бацька Мінай. Партызанская легенда», яго ўбачым у кінатэатры «Масква») будуць паказаны ў кінатэатры «Цэнтральны».

Адзначу таксама, што на паказы да нас прыязджаюць дэлегацыі, якія прадстаўляюць той ці іншы фільм на фестывалі. Вельмі хочацца, каб у нас атрымалася жывая гісторыя ўзаемадзеяння гледачоў і стваральнікаў кінастужак.

— Калі вярнуцца да этапу адбору заявак і фарміравання праграмы конкурсу, наколькі складаным быў выбар?

— Я ўпершыню на «Лістападзе» выступаю ў якасці праграмнага дырэктара конкурсу ігравога кіно. У 2024 годзе была дырэктарам пазаконкурснай праграмы. І вельмі ўдзячная, што арганізатары аказалі мне такі давер. Заяўкі мы ўжо са жніўня пачалі праглядаць. Кожную вывучалі ўважліва і скрупулёзна, хоць іх было парадку 700. І цяпер гатовыя прапанаваць гледачам найлепшыя з заяўленых фільмаў.

— Калі паглядзець на геаграфію адабраных у праграму конкурсу карцін (Кітай, Камбоджа, Марока, Пакістан і г. д.), то прасочваецца такая, можна сказаць, скіраванасць на Усход. Чымсьці абумоўлены такі выбар?

— У многім гэта заслуга самога фестывалю «Лістапад», які на працягу доўгіх гадоў свайго існавання імкнецца прапаноўваць гледачу добрае кіно. Вялікая работа была праведзена да мяне. І зараз ужо на наш кінафорум жадаюць прыехаць і паказаць сябе тыя краіны, якія бачаць тут для сябе прастору для росту, магчымасці выхаду на новыя этапы развіцця. Любая пляцоўка, у тым ліку фестывальная, мае на ўвазе, што ў людзей з’явіцца новае бачанне перспектыў, адкрыюцца новыя гарызонты.

Калі мы гаворым пра адабраныя фільмы, то, найперш, нам важна, каб гэта былі кінаработы, на якія гледачы адгукнуцца душой. Нам важны менавіта такі ўзровень узаемадзеяння кінамастацтва з шырокай аўдыторыяй. Кожны з выбраных намі фільмаў — гэта шчырая размова з душой іншага чалавека.

Фільмы, якім верыш

— Якія тэндэнцыі можна адсачыць у развіцці кінамастацтва і пра што варта падумаць стваральнікам кіно?

— Для мяне, напрыклад, актуальная тэма тэхналагічнага складніка. Цяпер мы жывём у век тэхналогій, маем у сваім распараджэнні штучны інтэлект. Але нават калі гэты інструмент ужо стаў неад’емнай часткай штодзённага жыцця, то ў кіно ў цэнтры ўсяго — асоба, ігра, мастацтва. І ў гэтым ніякі штучны інтэлект не павінен, і, думаю, не зможа замяніць чалавека. Мне самой падабаецца кіно, якое адгукаецца і якому верыш. Нават, напрыклад, далучаючы да фільма непрафесійных акцёраў, мы ў выніку атрымаем жывыя эмоцыі на экране, якім глядач верыць і якія раздзяляе. А вось ШІ можа стварыць бездакорную карцінку, аднак выдаць чалавечыя інтанацыі і жывыя эмоцыі ён не здолее.

— Якімі былі вашы асабістыя крытэрыі адбору?

— У першую чаргу высокая мастацкая каштоўнасць. Яшчэ мне заўсёды важна, якая ідэя закладзена аўтарамі ў кінастужцы. І ў нас дэвіз сёлета на фестывалі «Глядзі. Жыві. Цані», што таксама адлюстроўваецца ў выбраных намі фільмах. Ідэі, іх майстэрскае ўвасабленне і адлюстраванне рэальнага жыцця — гэта тое, што аб’ядноўвае кінастужкі нашай праграмы і робіць іх блізкімі для гледачоў. Думаю, нават тая скіраванасць на Усход, пра якую вы казалі, узнікла з-за таго, што ёсць агульначалавечыя каштоўнасці (жыццё, сям’я, чалавечыя ўзаемаадносіны), і яны ўсім нам сугучныя. Кожны з фільмаў для мяне асаблівы, бо стварае свой настрой, з’яўляецца непаўторным адлюстраваннем жыцця.

— На якія фільмы вы рэкамендавалі б схадзіць абавязкова?

— Усе фільмы, якія глядач убачыць на вялікім экране, расказваюць пра асобу ў розных кантэкстах. Праграму ігравога кіно я фарміравала вачамі чалавека, які любіць жыццё і людзей. На кожную з гэтых работ можна глядзець па-рознаму. Там, напрыклад, можна прасачыць лёс мужчын і жанчын, пачынаючы з юнацтва і да старасці. Ці мы можам бачыць, як учынкі герояў становяцца прыкладам для іншых пакаленняў. У фільмах таксама падымаецца тэма жыццёвых дасягненняў чалавека, яго трансфармацыя. Гэта адбываецца на фоне таго, што ўсіх нас звязвае адзіная прастора, імя якой — час і жыццё. І сюжэты паказваюцца на фоне велічна прыгожых прыродных краявідаў. Разам з тым мы можам разумець, наколькі ўсе розныя, з улікам, што жывём у розных краінах, з рознымі культурамі, маем адметныя каштоўнасці, якія прывіваюцца нам. Але ідзе і рост асобы, мы пражываем перыяды, якія робяць нас наймацнейшымі, найлепшымі і наймудрэйшымі. Кожны гэта пражывае, заўважае і пачынае цаніць. Спадзяюся, кінастужкі з нашай праграмы дадуць гледачам веру ў тое, што з любой сітуацыі можна знайсці выйсце. Таму, калі мы гаворым пра тэматыку фільмаў, я раю паглядзець іх усе, каб адчуць паўнату жыцця ў сучасным свеце.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю