Top.Mail.Ru

Мяккі фінал кастрычніка

29.10.2026 | 19:18
І лістапад пачнецца прыкладна ў такім жа тэмпературным рэжыме — цяпло затрымаецца

Кастрычнік да апошняга радуе нас не па сезоне цёплым надвор’ем з перавышэннем кліматычных паказчыкаў на 1–8 °C. І, па прагнозах сіноптыкаў, перадасць гэты тэмпературны трэнд лістападу. Праўда, у выніку змяншэння працягласці светлавога часу сутак (на 4 хвіліны з кожным новым днём) тэмпература паветра ўсё роўна крыху паніжаецца.

У сфарміраванай сінаптычнай сітуацыі (ціхая і вільготная атмасфера) у начныя і ранішнія гадзіны ўзрастае рызыка ўтварэння туманаў, папярэдзілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. У сувязі з пагаршэннем бачнасці, вадзіцелям трэба быць вельмі ўважлівымі на дарогах, захоўваць дыстанцыю і скарасны рэжым.

Пад пераважным уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску ў апошнія дні кастрычніка ападкаў было няшмат, толькі ў асобных раёнах краіны, дзе адчуваецца ўплыў франтальных раздзелаў і няўстойлівых паветраных мас, магчымыя дажджы — ад невялікіх да ўмераных.

Разам з тым, у выніку адвекцыі ўмерана цёплых паветраных мас, начныя мінімумы вагаюцца ад плюс 1 да плюс 9 °C вышэй за нуль, пры праясненнях паветра можа ахалодзіцца да мінус 1 °C, а дзённыя максімумы знаходзяцца ў межах 5–14 °C 

цяпла. У начныя і ранішнія часы ў вільготным паветры ў асобных раёнах краіны могуць згушчацца туманы, а ў найбольш халодныя ночы не выключаны слабы галалёд, папярэджваюць сіноптыкі.

Чаго чакаць напрыканцы гэтага тыдня?

У пятніцу месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 1–7 °C вышэй за нуль, днём — плюс 7–13 °C.

У суботу будзе пераменная воблачнасць, без істотных ападкаў, толькі месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Вецер — паўднёва-заходні ўмераны, вільготнасць — да 80 %.Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 7 °C. Днём паветра прагрэецца ад 6 °C на поўначы Беларусі да 12 °C па поўдні краіны.

У нядзелю — воблачна з праясненнямі. У большасці раёнаў дажджы малаверагодныя. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабыя туман і галалёд, бачнасць складзе да паўкіламетра. Тэмпература паветра ноччу — ад мінус 1 да плюс 4 °C, месцамі — да плюс 6 °C. Днём — ад 5 да 11 °C цяпла.

Майце на ўвазе. «Час стаць прыкметным!»

У асенні перыяд істотны ўплыў на стан аварыйнасці на дарогах аказвае скарачэнне працягласці светлавога дня і пагаршэнне ўмоў надвор’я. З 25 па 31 кастрычніка ў Беларусі праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Час стаць прыкметным!», паведамілі ў прэс-службе МУС.

Супрацоўнікі ДАІ ўзмацнілі нагляд з правядзеннем адпрацовак аварыйна небяспечных участкаў дарог і вуліц населеных пунктаў, нерэгулюемых пешаходных пераходаў у гадзіны пік руху пешаходаў і іншых слабаабароненых удзельнікаў дарожнага руху, асаблівую ўвагу ўдзяляючы іх фізічнаму стану.

Праводзіцца і інфармацыйна-растлумачальная работа сярод насельніцтва: праваахоўнікі расказваюць пра асноўныя пагрозы ў цёмны час сутак, неабходнасць выкарыстання святлоадбівальных элементаў і адзення павышанай бачнасці, адказнасць за ўчыненне правапарушэнняў, правіла бяспечных паводзін на пешаходных пераходах і пры руху на сродках персанальнай мабільнасці.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю