Ці цікава жыць на востраве? Хочаце пабываць на ім, не перасякаючы мяжу, акунуцца ў незвычайную атмасферу адзінства з прыродай, атрымаць асалоду ад маляўнічых краявідаў і воднай гладзі? Запісвайце адрас: Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць. Тут ёсць адразу два населеныя пункты з такой прывабнай назвай — Стары і Новы Востраў, размешчаныя за некалькі кіламетраў адзін ад аднаго. Сюды з цікавасцю адправілася і аўтар гэтых радкоў.
Як патлумачыў старшыня Каўбчанскага сельсавета Дзмітрый РАМАНОВІЧ, гэтыя два населеныя пункты — адны з самых аддаленых у Клічаўскім раёне. Яны знаходзяцца на мяжы з Бярэзінскім раёнам Міншчыны і штогод прывабліваюць гасцей сваёй маляўнічай прыродай.
— Большасць тутэйшых жыхароў — людзі пажылога ўзросту. Вёскі з такімі незвычайнымі назвамі не губляюць свайго каларыту ў любую пару года: летам сюды прыязджаюць шматлікія дачнікі, унукі з розных гарадоў да бабуль і дзядуль. Бываюць і турысты. Свая рамантыка тут у любы час года, — удакладняе Дзмітрый Міхайлавіч.
Машына ад райцэнтра шпарка едзе па добрай асфальтаванай дарозе. За размовай мы хутка апынуліся ў вёсцы Стары Востраў. Тут жыве каля 300 чалавек. Вёска акружана лясамі, што робіць гэтыя мясціны такімі прывабнымі для тых, хто шукае цішыню і яднанне з прыродай. Сапраўды, увосень тут асабліва чароўна. Лес апрануты ў залаты ўбор. Паветра свежае, пахне вільготнай зямлёй і грыбамі. Навокал — цішыня і хараство!
Дарэчы, сам старшыня сельсавета родам з гэтых мясцін, таму тут усё яму добра знаёма. У Старым Востраве ён 11 гадоў працаваў у школе настаўнікам фізікі і матэматыкі, быў дырэктарам школы. Зараз жыве з сям’ёй у аграгарадку Коўбча, за 35 км ад Старога Вострава. Дзмітрый Міхайлавіч наш сталы падпісчык — «Звязду» выпісвае больш за дзесяць гадоў дадомуі на сельсавет.
Пра сваю малую радзіму тутэйшыя жыхары расказваюць з асаблівай цеплынёй. Яны рады гасцям і гатовы паказаць мясцовыя славутасці. Вёска стаіць на высокім беразе. Надпіс на камені сведчыць пра тое, што паселішчу ўжо больш за 500 гадоў, але старэйшыя жыхары запэўніваюць, што дату можна смела павялічыць у разы.

У мясцовасці працякае рэчка Бярэзіна і Струга. Сюды прыязджае шмат рыбакоў з розных куткоў Беларусі ў пошуках сваёй «залатой рыбкі». У Старым Востраве ёсць магазіны, дзіцячы садок, бібліятэка, пошта і ФАП.
Мясціны — ягадныя і грыбныя. Сёлета год выдаўся асабліва шчодрым на дары лесу. І зараз дбайныя гаспадары вяртаюцца дадому з поўнымі кошыкамі падасінавікаў. На агародзе вырас добры ўраджай, у садзе яшчэ вісяць яблыкі.
У гэтых краях можна знайсці і цесляроў, якія старанна берагуць дзедаўскае рамяство па вырабе чаўноў. Драўляныя лодкі былі раней вельмі запатрабаваныя тут, і таму майстэрства перадавалася з пакалення ў пакаленне. Сярод майстроў — Генадзь Каліноўскі, заядлы рыбак і майстар на ўсе рукі.
Мы няспешна ходзім са старшынёй сельсавета па вёсцы, гутарым з людзьмі. Па ўсім бачна, што людзі ў Старым Воставе жывуць па сумленні, цэняць працу і шануюць гісторыю роднай старонкі.
Сярод дбайных гаспадароў — Валянціна Яфімаўна і Міхаіл Міхайлавіч Смольскія. Яны неаднойчы станавіліся пераможцамі ў раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні. Некалькі гадоў запар гаспадары адзначаліся дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Высокую планку яны імкнуцца трымаць пастаянна.
Іх хата ў Старым Востраве бачна здалёк: у цёплы час рознакаляровы дыван кветак каля яе прыемна цешыць вока, навокал — чысціня і ўтульнасць. Трымаюць Смольскія немалую гаспадарку, працуюць на зямлі.
Валянціна Яфімаўна і Міхаіл Міхайлавіч — паважаныя жыхары Старога Вострава. Разам яны ўжо больш за паўвека: пазнаёміліся падчас працы ў камсамоле, а вяселле згулялі ў знакавы дзень — 7 лістапада. Выхавалі сына і дачку, маюць унукаў. Іх дзеці жывуць у Бабруйску і Мінску, але часта збіраюцца разам у бацькоўскай хаце.
Хутка будзе добрая нагода прыехаць да іх зноў: сёмага лістапада — важная дата не толькі ў гісторыі краіны, але і ў сямейнай біяграфіі. Дзеці і ўнукі, безумоўна, павіншуюць іх з гадавінай і парадуюцца за сваіх самых родных людзей на свеце.

Міхаіл Міхайлавіч працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі, быў галоўным інжынерам у гаспадарцы. Пазней каля 10 гадоў узначальваў мясцовы дом культуры. Ён — чалавек ініцыятыўны: за любую справу бярэцца — і ўсё ладзіцца ў яго ўмелых руках.
Яго жонка, Валянціна Яфімаўна, доўгі час узначальвала дзіцячы сад. Пад яе кіраўніцтвам дашкольная ўстанова неаднаразова прызнавалася лепшай у раёне. З яе падачы на тэрыторыі пасадзілі фруктовы сад, сталі вырошчваць шматлікія віды агародніны і дэкаратыўныя кусты, на тэрыторыі з’явіліся прыгожыя архітэктурныя формы.
І на пенсіі Смольскія без справы не сядзяць. Яны займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, трымаюць хатнюю гаспадарку, апрацоўваюць немалы ўчастак зямлі. Нядаўна набылі трактар, які дапамагае ў гаспадарцы.
— Пакуль ёсць сілы, трэба рухацца, працаваць, знайсці час для любімай справы. Сваю вёску любім усім сэрцам, радуемся кожнаму дню, імкнёмся бачыць прыгожае ў звычайным і дзелімся сваёй цеплыней з землякамі. Вось наша галоўнае правіла жыцця, — кажуць Смольскія і жадаюць чытачам «Звязды» прытрымлівацца гэтай простай жыццёвай мудрасці.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ, фота аўтара