Top.Mail.Ru

У 1944 годзе пасля вызвалення рэспублікі ад фашыстаў нашы жанчыны даказалі, што могуць усё. Сведчанне таму — публікацыі тагачаснай «Звязды»

Тылавая гвардыя

Гарады разбураныя, заводы і фабрыкі ўзарваныя, разрабаваныя, многія вёскі дашчэнту спаленыя... А ў Беларусі ўжо праз некалькі месяцаў пасля вызвалення пачынаюць працаваць прадпрыемствы. У той час казалі: «Вярнуліся сапраўдныя гаспадары». Ім не патрэбны былі дырэктывы, рашэнні прымаліся па-франтавому. Як, напрыклад, на Мінскім хлебазаводзе, дзе не чакалі, пакуль прышлюць неабходныя матэрыялы, а праявілі максімум уласнай ініцыятывы і ў кароткі тэрмін адрамантавалі прадпрыемства. На толькі адноўленых заводах і фабрыках ішло навучанне работнікаў, пераважна моладзі і жанчын, што ўпершыню прыйшлі на прадпрыемствы.

На палях з усходам сонца ў ліпені—жніўні 1944-га працавалі жнеі — ад падлеткаў да састарэлых жанчын. Многія перавыконвалі нормы, часам на 150-200 працэнтаў. Вяскоўцы згадвалі, як у гады акупацыі палявыя работы даводзілася праводзіць уначы альбо ўдзень, калі расстаўляліся партызанскія вартавыя, а пры набліжэнні ворага людзі хаваліся ў лесе. 

«З вялікім уздымам і радасцю сяляне выйшлі на свабоднае, вызваленае поле. Закіпела праца, панесліся песні», — пісалі журналісты «Звязды» з камандзіроўкі па Дзяржынскім раёне. Адзін з калгаснікаў падзяліўся, што сваё звяно называе «тылавой гвардыяй». Людзі на вызваленай тэрыторыі верылі, што самаадданай працай яны таксама робяць унёсак у Перамогу.

Вяскоўцы здавалі ў фонд Чырвонай Арміі пуды хлеба. Адна з гаспадарак, што прыняла рашэнне, каб перадаць больш збожжа, чым пастаўлена планам, — калгас «XVІ партз’езда» Чачэрскага раёна. Тут на ўсеагульным сходзе мясцовая жанчына Параска Новікава заявіла: «Праклятыя немцы выгналі майго мужа на катаргу ў Германію. Яны выгналі яшчэ многа нашай моладзі. Каб хутчэй разграміць немца і вярнуць у свае родныя хаты нашых мужоў, дачок, сыноў, мы павінны ўсямерна дапамагчы нашай Чырвонай Арміі».

Жыхары вызваленай Беларусі збіралі сродкі і на тэхніку для фронту. Напрыклад, мінчане — на пабудову авіяэскадрыллі «Савецкая Беларусь». Сужэнцы Іван і Аляксандра Бойка на свае зберажэнні набылі танк, на якім іх экіпаж удзельнічаў у вызваленні суседніх рэспублік...

Калі пагартаеце старонкі «Звязды» 1944 года, заўважыце, што «тылавая гвардыя» пераважна складалася з жанчын. Яны ўздымалі сельскую гаспадарку, разбіралі завалы, закладалі выбоіны на разбураных дамах, станавіліся каля станкоў, перавучваліся на будаўнікоў. У гэты час яны паверылі, што здольныя на многае...

Дом для Ганны

«Жанчына ў калгасе — вялікая сіла», — падзялілася з журналістамі «Звязды» Марыля Дзенісевіч з сельгасарцелі «Дэкада абароны» Азярычанскага сельсавета Рудзенскага раёна. Яна расказала, што многія жанчыны, калі пасля вызвалення паўстала пытанне аб аднаўленні гаспадаркі, сумняваліся: «Што мы зробім без мужчын». Нават калі ўласнымі сіламі сабралі ўраджай, гаварылі: «Жніво — гэта не ворыва, не сяўба, не будаўніцтва. Там мы без мужчын наўрад ці справімся». Але заўсёды знаходзіліся тыя, хто сваім прыкладам даказвалі, што яны гатовыя замяніць мужоў, што б’юцца на фронце. У выніку хутка і іншыя жанчыны пачыналі прасіць у брыгадзіра мужчынскую работу, самі аралі, сеялі.

Нешматлікія мужчыны, што былі ў арцелі, звозілі лес, будавалі хаты, стараліся перасяліць з зямлянак кабет, чые сыны і мужы яшчэ не вярнуліся з вайны. Адной з такіх навасёлаў стала Ганна Пракопчык з сельгасарцелі «Звязда». Яе пяцігадовая дачка падзялілася з журналістамі: «Мяне немцы кінулі ў ваду. Я плакала». Гэта было падчас акупацыі, фашысты распраўляліся з вяскоўцамі. Ганну схапілі, калі яна з дзецьмі хацела ўцячы ў лес. Калі ёй удалося вырвацца з рук немцаў, яна не знайшла сваіх малых дачок. «Бегаючы па двары, Ганна пачула як быццам з-пад зямлі ціхі прыглушаны голас... Жанчына некалькі хвілін прыслухоўвалася, потым пачала рваць на сабе вопратку, валасы, кідацца ва ўсе бакі... Голас даносіўся са студні, на дне па грудзі ў вадзе стаяла Ліда, Маня была мёртвая». Вёскі раёна ператварыліся ў папялішчы; хто змог выжыць, падаўся ў лес, цэлыя сем’і сталі партызанскімі. А ў жніўні 1944 года азярычанскія гаспадаркі аднымі з першых завяршылі жніво, засеялі азімыя...

Узнімем з руін і папялішчаў родны Мінск!

З такім дывізам у 1944 годзе выйшаў не адзін нумар «Звязды». Сакратар Варашылаўскага РК КП(б)Б горада Мінска Я. Савіцкая падзялілася, што перад кіруючымі органамі паўстала пытанне «з чаго пачаць». Гаспадарка сталіцы была разбураная на 80 працэнтаў; тысячы мінчан, што засталіся без кватэр і дамоў, туліліся ў непрыдатных памяшканнях. Уцякаючы, ворагі ўзарвалі электрастанцыю, папсавалі каналізацыю, пакінулі горад без вады і святла. Была разгорнута вялізарная па размаху праца. Матэрыялы для будоўлі здабываліся з руін. З першых дзён пасля вызвалення жыхары самі ў вольны ад працы час выходзілі на разбор завалаў, падрыхтоўку школ да навучальнага года (за вайну ў сталіцы іх ацалела менш за палову). З такіх ініцыятыў нараджаліся вулічныя камітэты, ужо праз некалькі месяцаў іх былі сотні. Кіравалі імі пераважна жанчыны. Актывісткі аднаго з такіх камітэтаў, што ўзначаліла т. Матавілава, з першага дня прыходу Чырвонай Арміі адкрылі і абсталявалі шпіталь для параненых, пазней — дзіцячы садок.

Трэцяга кастрычніка 1944 года ў Мінску адбылася першая пасля вызвалення сталіцы сесія Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных з удзелам прадстаўнікоў партыйных, прафсаюзных, камсамольскіх арганізацый, воінскіх часцей і грамадскіх арганізацый горада. На ёй было прынятае рашэнне аб усеагульным удзеле працаздольных гараджан у аднаўленні сталіцы. Усталяваны нормы працоўных гадзін для рабочых, служачых, студэнтаў і школьнікаў. На разбор завалаў людзі выходзілі ў вольны пасля работы і вучобы час. Гараджанам выдаваліся асабовыя кніжкі ўдзельнікаў аднаўлення Мінска. Ставілася задача ў найкарацейшыя тэрміны адбудаваць і азеляніць горад. Першы арганізаваны працоўны выхад мінчан — 8 кастрычніка 1944 года. 

«У гісторыі Мінска гэты дзень застанецца вядомым як дата, з якой пачалося падняцце з руін беларускай сталіцы. Людзі даставалі з руін цэглу, жалеза, разбіралі рэшткі апаленых пажарам, парасколваных і ўжо нягодных да аднаўлення сцен, расчышчалі пляцоўкі пад новыя забудовы», — пісаў у «Звяздзе» Кузьма Чорны. У той дзень выйшлі 33 тысячы чалавек, за 6 гадзін разабрана, ачышчана і ўкладзена штабялямі 1 316.000 цаглін, сабрана металу 1.065 тон, нарыхтавана шчэбню 2.050 кубаметраў, укладзена ў штабялі бутавага камення 403 кубаметры, ачышчана плошчаў 15 500 квадратных метраў, засыпана ям і бомбавых варонак 2.500 кубаметраў. Сярод дзясяткаў рэпартажаў — расказ пра працу вучаніц і настаўніц Другой сталінскай жаночай школы, якія разбіралі завалы Палаца піянераў і акцябрат. Дзяўчынкі кіркамі адбівалі цэглу, перадавалі яе канвеерам. 150 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ выйшлі на папялішчы вучэбных карпусоў. Факультэты наладзілі спаборніцтва. Прадстаўніцы розных факультэтаў падбадзёрвалі сябровак: «А ну, дзяўчаты, не пасаромце! Пацягнем дружней!». Будаўнічыя кадры рыхтаваліся адразу на аб’ектах. Тры дні ішло навучэнне з нуля брыгадзіраў і звеннявых. Пасля тыя атрымлівалі канкрэтнае заданне і людзей, якім ужо самі перадавалі, чаму навучыліся. «Выкладчыца харэаграфічнага вучылішча тав. Тагер прыбівала дранку як запраўскі штукатур. Таваравед Дома ленінградскага гандлю тав. Якаўлева арудавала кельмай і пэндзлем, як быццам бы звычайнымі для яе інструментамі. Брыгада служачых камунальнага банка — бухгалтары, касіры, інспектары — на чале з Вольгай Чарняевай штукатурылі кватэры. Такім чынам дом № 15 па вуліцы Ракава стаў аб’ектам аднаўлення і адначасова школай масавага навучання працоўных будаўнічым спецыяльнасцям». Там працавалі 32 брыгады — 1035 чалавек. Сакратар Куйбышаўскага райкома ВКП(б) М. Закржэўская расказала «Звяздзе», што так у раёне за кароткі час было створана 235 будаўнічых брыгад, падрыхтавана 2860 будаўнікоў розных спецыяльнасцяў.

Прыклад мінчан падхапілі жыхары іншых населеных пунктаў, у розных кутках Беларусі людзі выходзілі з упэўненасцю, што змогуць не толькі аднавіць усё тое, што разбурана, але і развіваць сваю краіну: «Адбудуемся, зажывём!»

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю