Кастрычнік развітаўся з намі мякка і незласліва — яго апошнія дні ў Беларусі былі цяплей за кліматычную норму на 1–3 °C. Начныя мінімумы склалі 1–7 °C, а дзённыя максімумы — 6–12 °C. Таму ў сёлетняга другога месяца восені ёсць усе шанцы ўвайсці ў пяцёрку самых цёплых кастрычнікаў Беларусі, адзначылі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Аднак як бы нам ні хацелася і надалей атрымліваць асалоду ад не па сезоне камфортнага надво’я, з календаром усе ж не паспрачаешся — наперадзе перадзім’е. Тэмпературны фон пачаў зніжацца, чакаюцца туманы і слабыя галалёды, дажджы будуць пераходзіць у першы снег.
І лістапад практычна з першых дзён не стаў цырымоніцца — узяў курс на пахаладанне, каб вярнуць тэмпературны фон у кліматычнае рэчышча. У пачатку другой паловы тыдня ўмовы надвор’я будзе вызначаць вобласць высокага атмасфернага ціску і халодныя, вільготныя паветраныя масы з поўначы Еўропы.
У сераду толькі па поўначы і паўночным усходзе краіны пройдзе малаактыўны атмасферны фронт, які прынясе ў гэтыя раёны невялікія дажджы. Магчымы мокры снег. Уначы і ўранку месцамі чакаецца туман. Вільготнасць паветра высокая. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны. Ноччу і раніцай — ад мінус 1 да 4 °C цяпла, у разгар дня — ад плюс 2 °C па поўначы краіны да 6 °C па поўдні.
У чацвер у большасці раёнаў чакаюцца дажджы, па ўсходзе — з мокрым снегам. Вецер паўночны ўмераны, уначы і раніцай месцамі туман. Вільготнасць паветра захаваецца высокая. Ноччу тэмпература складзе ад мінус 2 да плюс 3 °C, днём — ад 1 °C цяпла па ўсходзе краіны да плюс 8 °C у заходніх раёнах.
У пятніцу «дырыжыраваць» надвор’ем прадоўжаць вобласць высокага атмасфернага ціску і халоднае паветра паўночных мораў. Ёсць вялікая верагоднасць лакальных кароткачасовых дажджоў. Вецер паўночна-заходні, паўночны ўмераны, уначы і ўранак месцамі туман — бачнасць да паўкіламетра. Ноччу і раніцай будзе ад мінус 3 да плюс 3 °C. Днём пацяплее да 4 °C па ўсходзе і да 8 °C вышэй за нуль па паўднёвым захадзе.
Віктар ЛЮБІМАЎ