Паводле даных канцэрна «Беллеспаперапрам», штогод у нашай краіне нарыхтоўваецца каля 25 мільёнаў кубаметраў драўніны. Багатыя сыравінныя запасы прадвызначаюць шырокае развіццё дрэваапрацоўчай вытворчасці. Стратэгічная мэта — перапрацаваць існуючы запас сыравіны на ўласных прадпрыемствах і забяспечыць рэалізацыю прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. З улікам вострай канкурэнцыі гульцам рынку даводзіцца прадумваць дэталі маркетынгавых стратэгій у літаральным сэнсе слова да кожнага кубаметра. Актуальныя пытанні галіны абмяркоўваліся ў рамках мерапрыемстваў міжнародных спецыялізаваных выставак «Дрэваапрацоўка», «Дарожнае будаўніцтва» і «Аўтасэрвіс. Механіка. Аўтакампаненты».
Правілы гульні
Традыцыйна на згаданых выставачных пляцоўках удзельнікі знаёмяцца з новымі тэхналогіямі, абсталяваннем, альтэрнатыўнымі вытворчасцямі. На майстар-класах экспанентаў можна выпрабаваць інструмент і абсталяванне, а таксама атрымаць кансультацыю непасрэдна ад вытворцаў. Асабліва каштоўна тое, што фармат мерапрыемстваў прадугледжвае абмен экспертнымі меркаваннямі па шырокім спектры пытанняў — ад лесанарыхтоўкі да глыбокай перапрацоўкі. У прыватнасці, у рамках круглага стала «Праблемныя пытанні лесапрамысловага комплексу Беларусі і шляхі іх вырашэння» ўзнімалася тэма эфектыўнай работы дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у новых рэаліях.
У выніку пераарыентацыі экспарту прадукцыі беларускай дрэваапрацоўкі на ўсходні вектар, падкрэсліў генеральны дырэктар Рэспубліканскай лесапрамысловай асацыяцыі Валерый Александровіч, вытворцы пілапрадукцыі сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцяў. З аднаго боку, для нашых экспарцёраў адкрыліся вельмі ёмістыя азіяцкія і блізкаўсходнія рынкі. З другога, неабходна было падстроіцца пад правілы гандлёвай палітыкі новых партнёраў. У прыватнасці, Кітай — адзін з найбуйнейшых імпарцёраў прадукцыі лесапрамысловага комплексу. На гэты напрамак пераарыентаваная частка экспартных патокаў. Аднак прадукцыя дрэваапрацоўкі высокіх тэхналагічных перадзелаў карыстаецца абмежаваным попытам у Паднябеснай, таму што кітайскага спажыўца стараюцца арыентаваць на ўласных вытворцаў. Затое запатрабаваныя якасныя піламатэрыялы. У існуючых умовах неабходна старанна шукаць баланс паміж вытворчымі затратамі і маржынальнасцю.

Нягледзячы на кардынальную перабудову работы галіны, высокі працэнт экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі захоўваецца. Больш за тое — растуць аб’ёмы вытворчасці. На думку вытворцаў, максімальная загрузка вытворчых магутнасцяў на сённяшні дзень — адзіна правільная стратэгія. Больш аб’ёмны выхад прадукцыі дапамагае знізіць удзельны сабекошт за кошт размеркавання пастаянных затрат на большую колькасць адзінак тавару. Арэнда, утрыманне абсталявання, зарплата адміністрацыйнага персаналу і г. д. дзеляцца на аб’ём выпушчаных кубаметраў, які расце, зніжаючы долю выдаткаў у кожным вырабе. Павелічэнне каэфіцыента карыснага выкарыстання сыравіны і нарошчванне аб’ёмаў выпуску дазваляюць атрымліваць большы даход з кожнай адзінкі круглага лесу. Акрамя таго, выхад экспарцёраў на далёкую дугу спалучаны з павелічэннем транспартнага пляча. «Эфект маштабу» дапамагае аптымізаваць і лагістычныя выдаткі. Чым буйнейшая партыя тавару, тым таннейшы кошт перавозкі кубаметра.
На кожным прадпрыемстве, у залежнасці ад спецыфікі вытворчасці, — свае, «фірменныя», маркетынгавыя механізмы. Аднак агульная тэндэнцыя цалкам відавочная — павышаць выхад гатовай прадукцыі з дапамогай тэхналогій. Сёння гэта закон стабільнай вытворчасці. Алгарытмам устойлівай работы падзяліўся намеснік дырэктара вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебская лесапільня» Максім Наркевіч:
— Штогод прадпрыемства апрацоўвае звыш 500 тысяч кубічных метраў лесаматэрыялаў. Больш за 90 % гатовай прадукцыі адпраўляецца на знешнія рынкі. Каб экспартныя пастаўкі ў цяперашніх умовах прыносілі даход, нам неабходна павялічваць аб’ёмы выпуску і такім чынам мінімізаваць затраты на кожны куб прадукцыі. Для максімізацыі выхаду гатовай прадукцыі пры распілоўцы, у першую чаргу, трэба дакладна рассартаваць бервяно па дыяметрах і граматна скласці план раскрою. Задзейнічаем у вытворчасці кожны сантыметр. Зразумела, на ўстарэлым абсталяванні лімітавай дакладнасці і высокай прадукцыйнасці не даб’ешся. Без дадатковых элементаў аўтаматызацыі нельга павялічыць хуткасць апрацоўкі. Таму пастаянна мадэрнізуем вытворчасць для павелічэння працэнта выхаду і павышэння якасці піламатэрыялаў. Гэты аспект вельмі важны, паколькі наша прадукцыя прымяняецца ў будаўніцтве і мэблевай вытворчасці, дзе тэхнічныя характарыстыкі і знешні выгляд матэрыялаў маюць асаблівае значэнне.
Пошук альтэрнатывы
У свой час мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны дазволіла павысіць аб’ёмы вытворчасці на тэхнічна пераабсталяваных прадпрыемствах больш як у 10 разоў. Пры гэтым істотна вырасла і глыбіня перапрацоўкі сыравіны. Аднак большасць буйных лесапільных прадпрыемстваў працуе на замежным абсталяванні. Каб пераадолець наступствы заходніх рэстрыкцый на імпарт тэхнікі і тэхналогій, вытворцы былі вымушаны шукаць альтэрнатыўныя варыянты абнаўлення, рамонту і кіравання вытворчымі магутнасцямі. Своечасовая замена праграмнага забеспячэння на расійскі софт дазволіла прадухіліць блакіроўку станкоў еўрапейскімі вытворцамі. Некаторыя прадпрыемствы, у тым ліку і «Віцебская лесапільня», стварылі ўласныя рамонтныя і механічныя цэхі. У выніку, дрэваапрацоўшчыкі сваімі сіламі вырабляюць шэраг запчастак для вытворчых ліній.
Адзін з папулярных сёння падыходаў у сегменце дрэваапрацоўкі — арганізацыя беражлівай і безадходнай вытворчасці.
Тое, што ўчора лічылася смеццем, сёння — запатрабаваная прадукцыя. Скажам, з высакаякасных тэхналагічных шчэпак вырабляецца цэлюлоза. Пілавінне выкарыстоўваецца для вырабу мэблевых пліт. Таксама шчэпкі і пілавінне пастаўляюцца як на беларускія, так і на расійскія прадпрыемствы. Такім чынам, тыя ж мэблевыя фабрыкі эканомяць на працэсінгу. Пры наяўнасці гатовай сыравіны ім не трэба закупляць лес і абсталяванне для перапрацоўкі, наймаць дадатковы персанал. «Рэшткавай» прадукцыяй дрэваапрацоўкі таксама цікавяцца зелянбуды і вытворцы грунтоў і ўгнаенняў.
Вяртаючыся да правіл гульні на новых рынках, трэба адзначыць вырашальнае значэнне «разумнага» маркетынгу. Маніторынг сітуацыі на гандлёвых пляцоўках як блізкага замежжа, так і далёкай дугі ў цэлым дае магчымасць вызначыцца са своечасовасцю паставак. Падзенне цэн, звязанае, напрыклад, з залішняй прапановай на адным з рынкаў, — сігнал для пастаўшчыкоў пераарыентавацца на іншы. Пры гэтым варта ўлічваць фактар сезоннасці закупак драўніны. Скажам, Кітайскі Новы год асацыюецца ў рэгіёне з зімовым спадам. Заводы па перапрацоўцы, парты і будаўнічыя пляцоўкі сыходзяць на «канікулы». З сакавіка па май будаўнічы сезон ва Усходняй Азіі ўваходзіць у актыўную фазу. Перапрацоўшчыкі актыўна скупляюць дошку і брус для папаўнення запасаў, якія скончыліся за зіму.
Пілапрадукцыя мае абмежаваны тэрмін захоўвання. Таму дасведчаныя дрэваапрацоўшчыкі раяць выбудоўваць план вытворчасці і продажаў на тры месяцы наперад. І мець на гэты перыяд партфель заказаў, каб не дапусціць скарачэння аб’ёмаў вытворчасці. Манеўранасць і ўвага да дэталяў на кожным этапе жыццёвага цыкла тавару — аснова сучасных маркетынгавых стратэгій. У гэтым выпадку каштоўны рэсурс дазволіць вытворцам самім быць, так бы мовіць, у рэсурсе.
Таццяна ШЧАДРАНОК
Фота Белта