Top.Mail.Ru

Доля насельніцтва Беларусі з мінімальна прымальным узроўнем фінансавай адукаванасці сёння складае 43 %

Цвярозы разлік

Лічбавыя сэрвісы адкрылі доступ да зберажэнняў і інвестыцый мільёнам людзей, але разам з магчымасцямі выраслі і рызыкі. Аб сучасных тэндэнцыях у сферы інвестыцый, фінансавай адукаванасці і развіцці лічбавых тэхналогій даведаліся ў экспертаў.

Звышвысокая прыбытковасць —вялікая рызыка

На дадзены момант у Беларусі адкрыта каля мільёна рахункаў па каштоўных паперах. Лічба вялікая, але, як адзначае дырэктар Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Анатоль ШАРШУН, не ўсе рахункі з’яўляюцца актыўнымі, бо далёка не кожны ўладальнік часта здзяйсняе па іх аперацыі. Тым не менш дынаміка на рынку станоўчая: па словах спецыяліста, аб’ём аперацый на карпаратыўным сегменце рынку каштоўных папер Беларусі дасягнуў 13,9 млрд рублёў, што на 27 % вышэй за паказчык аналагічнага перыяду 2025 года. Агульны аб’ём эмісіі карпаратыўных каштоўных папер складае каля 90 млрд рублёў.

У сусветнай практыцы самымі папулярнымі каштоўнымі паперамі застаюцца менавіта акцыі і аблігацыі. Перад тым як купіць акцыі, спецыялісты рэкамендуюць вывучыць гісторыю эмітэнта на Адзіным партале фінансавага рынку. Ён працуе з 2016 года і змяшчае справаздачнасць і інфармацыю аб істотных падзеях кампаній, у тым ліку гісторыю выплаты дывідэндаў. Калі ў мінулым іх не было, вялікі шанц таго, што іх не будзе і надалей. Але варта ўлічваць, што палітыка выплат можа мяняцца ў залежнасці ад стратэгічных мэт грамадства.

А вось звышвысокая прыбытковасць, як ні парадаксальна, нярэдка азначае вельмі высокую рызыку страты ўкладанняў.

«Калі рыначныя стаўкі знаходзяцца крыху вышэй за стаўку рэфінансавання, прапановы ў 30, 50, 100 ці нават 200 % гадавых нясуць вялікую рызыку невяртання інвестыцый. Важна захоўваць цвярозасць мыслення і быць маральна гатовым да магчымай страты сродкаў», — падкрэсліў Анатоль Шаршун.

Дарэчы, за дзевяць месяцаў гэтага года і колькасць інцыдэнтаў, і агульная сума ўрону ад кібермахляроў у сферы фінансаў скараціліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. А значыць, паспяхова працуюць тэхнічныя рашэнні — банкі і плацежныя сістэмы навучыліся хутчэй распазнаваць падазроныя аперацыі і блакіраваць іх.расслабляцца рана. 

Ільвіная доля ашуканскіх інцыдэнтаў — 93 % — звязана з сацыяльнай інжынерыяй, расказала начальнік аддзела фінансавай адукаванасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Юлія САКОВІЧ. Таму ўсё яшчэ важным застаецца развіццё фінансавай дасведчанасці насельніцтва, чым Нацбанк займаецца з 2013 года.

«Кожныя два гады праводзіцца даследаванне таго, ці валодае насельніцтва ведамі і ўстаноўкамі, якія неабходныя для прымальнага функцыянавання на фінансавым рынку. Бачым, што ключавы паказчык эфектыўнасці ў галіне фінансавай адукаванасці павышаецца. Доля насельніцтва з мінімальна прымальным узроўнем фінансавай адукаванасці сёння складае 43 %, да 2030 года плануем павысіць яе да 50 %», — расказала Юлія Саковіч. Праўда, усё ж куды важней, як чалавек паводзіць сябе ў рэальнай сітуацыі. Многія разумеюць, што трэба чытаць дакументы перад іх подпісам, не давяраць незнаёмцам асабістую інфармацыю, асабліва па тэлефоне, аднак усё яшчэ нярэдкія выпадкі, калі гэтыя веды не прымяняюцца на практыцы.

На чале ўсяго — камфорт і зручнасць

У многім менавіта дзякуючы рабоце, праведзенай для развіцця фінансавай пісьменнасці ў насельніцтва, паскоранымі тэмпамі сталі развівацца і лічбавыя тэхналогіі ў гэтай сферы. Сёння бескантактавыя тэхналогіі і QR-коды для аплаты крок за крокам выцясняюць наяўныя з паўсядзённага грашовага абароту.

Аб гэтым сведчыць і статыстыка: доля безнаяўнага грашовага абароту ў краіне за першае паўгоддзе 2026 года склала 66,9 %, адзначыла Вольга АНТАНОВІЧ, галоўны спецыяліст Асацыяцыі беларускіх банкаў. Два дзесяцігоддзі таму, калі паказчык быў у раёне 1-2 %, пра гэта можна было толькі марыць. Але сёння дзякуючы мэтанакіраванай рабоце рэгулятара і ўсёй банкаўскай супольнасці тэхналогіі паспяхова эканомяць час і сілы беларусаў.

На падыходзе новы прадукт — сэрвіс «Крок», які, пачынаючы ўжо з 1 снежня, банкі краіны будуць прапаноўваць выкарыстоўваць юрыдычным асобам. Ён дазваляе аплачваць тавары і паслугі пры дапамозе QR-кода. «Яго перавага ў тым, што грашовыя сродкі, якія паступаюць ад пакупніка прадаўцу, імгненна залічваюцца на рахунак апошняга. І, адпаведна, могуць выкарыстоўвацца для правядзення якіх-небудзь аперацый юрыдычнай асобай. Гэта значыць, павялічваецца хуткасць абарачальнасці грашовых сродкаў», — расказала галоўны спецыяліст Асацыяцыі беларускіх банкаў.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю