Восеньскі Мінск — гэта гарачая пара для культуры, і калі хтосьці хоча запаволіць прыход халадоў, то варта завітаць на паказы і сустрэчы ў рамках кінафестывалю «Лістапад». Гэта не толькі самі фільмы і конкурсы, але і свецкая імпрэза, калі прадстаўнікі кінасферы купаюцца ў промнях славы, а публіка імкнецца пагрэцца ў цеплыні вітальных слоў. Такая атмасфера панавала ў сталічным кінатэатры «Масква», дзе афіцыйна стартаваў XXXІІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Горача станавілася ўжо ад агляду бліскучых сукенак і элегантных смокінгаў на традыцыйным чырвоным дыванку, калі людзі авацыямі сустракалі гасцей. Далей атмасфера распальвалася яшчэ больш, па меры таго, як раскрываліся асноўныя інтрыгі сёлетняй праграмы.

Адна з іх датычылася колькасці сцягоў краін-удзельніц: іх вынеслі ўрачыста ў залу і на сцэну падчас цырымоніі адкрыцця, што дадало ёй каларыту розных культур. «Насычаная праграма форуму штогод знаёміць гледачоў з найлепшымі здабыткамі сусветнага кінематографа, раскрывае багацце традыцый і дэманструе смеласць сучасных рэжысёрскіх рашэнняў», — словы з вітання Прэзідэнта Беларусі на адрас асоб са свету кіно, якія прыехалі ў Мінск, зачытала намеснік Прэм’ер-міністра і старшыня аргкамітэта фестывалю Наталля Пяткевіч і вытрымала паўзу для раскрыцця галоўнай інтрыгі.
- Зорны бляск у зале прымушаў трымаць увагу: хто з гасцей выйдзе на сцэну, каб атрымаць спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За захаванне традыцый духоўнасці ў кінамастацтве»? На чырвоным дыванку і ў фотазоне толькі што сустракалі знакамітага расійскага кінаакцёра Дзмітрыя Дзюжава, які ў новым фільме «Раманавы. Адданасць і здрада» сыграў Распуціна. Сур’ёзны і стрыманы, артыст разважаў пра «перасцярогі, каб не дапусціць памылак у гісторыі». Пра тое ж,у прынцыпе, гаварыў перад пачаткам урачыстасці і сёлетні юбіляр, народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін. Страта вялікага савецкага кіно для яго — асабістая драма, пры тым, што здымаўся ён шмат і ў Беларусі, і ў Расіі. Кіно гэтых дзвюх краін сёння аб’ядноўвае рэжысёр Ігар Угольнікаў, які згадваў, як калісьці ацэньваў конкурсныя карціны ў якасці старшыні журы, але гатовы вынесці на суд шырокай публікі сваю новую прэм’еру. Народны артыст Расіі Аляксандр Алешка ўжо прадстаўляў аднойчы на «Лістападзе» фільм, у якім здымаўся. Яму вельмі падабаецца гэты фестываль і Беларусь, а сёлета ў артыста асаблівая місія — быць адным з вядучых цырымоніі адкрыцця, падчас якой звычайна робяць акцэнт на галоўным для Беларусі...
Прыгожыя Кацярына Клімава, Ксенія Алфёрава ды наша Валерыя Арланава ў зіхатліва-чорных сукенках цудоўна глядзеліся ў фотазоне. Пару народных артыстаў Расіі Святланы Дружынінай і Анатоля Мукасея заўсёды не проста акружаюць увагай, а з усіх бакоў абступаюць. Яна прызнаецца, што вельмі любіць гэты фестываль, была тут старшынёй журы. А яго асабістая гісторыя наогул звязаная з Беларуссю: бацька, які быў савецкім разведчыкам, нарадзіўся на Случчыне ў вёсцы Замосце. Паміж паказамі фільмаў і сустрэчамі Анатоль Мукасей не праміне наведаць малую радзіму продкаў, пакуль Святлана Дружыніна будзе ў Мінску ў віры падзей. Яе кінакар’ера налічвае больш за 70 гадоў — гэта варта павагі і прафесійнай супольнасці, і гледачоў...
У нашай краіне Год беларускай жанчыны нагадвае «Лістапад». Спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» сёлета атрымала народная артыстка Беларусі Тамара Міронава. Актрыса Купалаўскага тэатра, яна вельмі запатрабаваная ў кіно. І стала першай беларускай жанчынай, адзначанай гэтай узнагародай.

— Я ўдзячная Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за наша мірнае неба, за нашу цудоўную Беларусь, за яго любоў да жанчын, — сказала са сцэны Тамара Міронава. — Я служыла, служу і буду служыць на карысць беларускага мастацтва!
Адметна, што на сёлетнім «Лістападзе» фільмам адкрыцця стала ваенная драма Ігара Угольнікава «Бацька Мінай. Партызанская легенда», дзе актрыса выканала ролю бабулі, якая ідзе на смерць разам са сваімі ўнукамі — дзецьмі славутага партызана Міная Шмырова, якога ўвасобіў Аляксей Краўчанка, адзін са знакавых для Беларусі артыстаў.
Але менавіта Тамара Міровава — сціплая беларуская жанчына, якая заўсёды трымаецца з гонарам, — стала фактычна галоўнай гераіняй «Лістапада»: яна яшчэ дала яму старт, разбіўшы па даручэнні старшыні Мінскага міжнароднага кінафестывалю Аляксандра Яфрэмава традыцыйную талерку на добры пачатак справы. Беларуская актрыса ўвасобіла яго сёлетнюю сутнасць: з акцэнтам на жаночы пачатак у кіно. Узмацніла яго расійская зорка з іншага пакалення Кацярына Клімава, якая шмат здымалася ў Беларусі, але першы раз удзельнічае ў «Лістападзе». Яна выйшла на сцэну, каб праспяваць песню з карціны «Мы з будучыні», узгадала, што здымалася на апошніх месяцах цяжарнасці ў ролі медсястры, якая выцягвае параненых з поля бітвы..

Фестываль прысвечаны ўсім творчым жанчынам-асобам, якія маюць дачыненне да стварэння стужак — ігравых і дакументальных, кароткаметражных і анімацыйных. Пра сусветных жанчын-кінамайстроў нагадалі іх партрэты і выказванні, выведзеныя на вялікі экран. Насамрэч свет упершыню пабачыў мастацкую кінакарціну, створаную жаночай рукой, у 1896 годзе (рэжысёрам Аліс Гі-Блашэ). Прарыў жаночага кіно ў свеце адбыўся ў 1960-я гады. А ў Беларусі і наогул на постсавецкай прасторы яго «бум» прыйшоўся на першую палову 1990-х. Пры гэтым варта адзначыць, што жаночая прысутнасць у беларускім кіно была на працягу ўсёй яго гісторыі, пачынаючы з першага айчыннага фільма «Лясная быль», створанага паводле аповесці Міхася Чарота (сёлета адзначаецца 100-годдзе з выхаду яго на экран). Ён вызначыў асноўны прыярытэт беларускага кіно на доўгія гады: уласны боль і змаганне за сябе. Свой міжнародны кінафестываль — частка гэтай парадыгмы, якая захоўваецца ў ХХІ стагоддзі.





Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Лізаветы ГОЛАД