У Полацкім раёне Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын пабываў на полі ААТ «Новыя Гараны». Гаспадарка ўбірае кукурузу на зерне, у сярэднім атрымліваючы 92 ц/га. Для дэманстрацыі прадставілі энерганасычаныя камбайны, у тым ліку высокай праходнасці на паўгусенічным ходзе вытворчасці «Гомсельмаш». На полі тэхніка прадэманстравала два тыпы ўборкі кукурузы — на карнаж (зернестрыжнёвай сумесі) і на зерне.

«Вырошчванне кукурузы на зерне з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў на бліжэйшыя 4-5 гадоў, мы яго будзем развіваць. Як паказала практыка, кукуруза ў рэгіёне расце. Калі з ёю працаваць па тэхналогіі, то мы зможам атрымліваць добры вынік, — расказаў журналістам выконваючы абавязкі старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч. — У гэтым годзе мы пераадолеем планку па намалоце зерня кукурузы больш як 200 тыс. т. Такога ўраджаю ў гісторыі Віцебскай вобласці яшчэ не было».
Ён таксама адзначыў, што гэта культура асабліва каштоўная для кармавой базы. «Яна дасць магчымасць забяспечыць жывёлагадоўлю неабходным аб’ёмам фуражу, без кукурузы мы не абыдземся. Галоўнае — гэта тэрміны ўборкі. Ва ўмовах нашага рэгіёна неабходны пэўны парк тэхнікі, каб гэту культуру своечасова ўбіраць», — дадаў Сяргей Ляўковіч.
Ён праінфармаваў, што ў наступным годзе паўночны рэгіён плануе зрабіць першыя закупкі новых беларускіх камбайнаў для ўборкі кукурузы, якія дапамогуць збіраць ураджай і на пераўвільготненай глебе.

Міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў растлумачыў, якія перавагі мае айчынная тэхніка, вырабленая на «Гомсельмашы»: «На параўнальных выпрабаваннях даказана, што наша машынабудаванне ідзе ў нагу з часам. Такія ўзоры з’явіліся дзякуючы аграрыям, таму што яны задаюць той тэмп, які павінны трымаць вытворцы сельгастэхнікі. Беларуская тэхніка на 10-15 працэнтаў больш прадукцыйная ў параўнанні з замежнымі аналагамі, а таксама ў тры разы таннейшая».
Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Кулак у размове з журналістамі расказаў, як вытворцы новай сельгастэхнікі працавалі ў цесным кантакце з аграрыямі, каб задаволіць усе іх патрэбы. «Не стаяць на месцы час і тэхналогіі, мы актыўна нарошчваем аб’ёмы ўборкі кукурузы і на зерне, і на сілас. З-за асаблівасцей надвор’я на палях з’яўляюцца пераўвільготненыя ўчасткі. З аднаго боку, летам мы шукаем вільгаць і ідзём у больш нізкія ўчасткі, а на час уборкі гэта працуе супраць нас».

Таму сумесна з Міністэрствам прамысловасці ўзнікла пытанне выхаду з дадзенай сітуацыі і вырашэння гэтай праблемы. Было прапанавана некалькі варыянтаў, і сёння мы іх бачым на полі. Дзякуючы новай айчыннай тэхніцы мы забяспечым уборку кукурузы на складаных участках. Я думаю, што, прайшоўшы выпрабаванні, яна сябе поўнасцю зарэкамендуе. Патрэба ў ёй у аграрыяў ёсць, таму што праходнасць адыгрывае значную ролю падчас уборачнай кампаніі. Мы бачым, што часам нават на палях са збожжавымі летам ёсць падтапленні, і там таксама патрэбны такія камбайны, — растлумачыў ён.
У час рабочай паездкі ў паўночны рэгіён Прэм’ер-міністр таксама пабываў у ААТ «Віцебскдрэў». Аляксандр Турчын на нарадзе з кіраўніцтвам аблвыканкама, гарвыканкама і прадпрыемства абмеркаваў, як рэалізуецца інвестыцыйны праект па мадэрнізацыі цэха МДФ.
Урад плануе разгледзець наяўныя праблемныя пытанні і прапановы па іх вырашэнні. «Я хачу, каб мы сёння прынялі ўсе неабходныя рашэнні. І ва ўстаноўленыя тэрміны, аб якіх мы дамовіліся, напружаныя тэрміны — да ліпеня 2028 года, былі завершаны ўсе будаўніча-мантажныя работы і прадпрыемства пачало нармальнае функцыянаванне — выпуск прадукцыі», — падкрэсліў ён.
Мадэрнізацыя вытворчасці МДФ праводзіцца для абнаўлення і нарошчвання вытворчых магутнасцей, па праекце яны ўзрастуць да выпуску 150 тыс. куб. м прадукцыі ў год. Таксама дасць магчымасць перайсці на больш сучасныя тэхналогіі, пашырыць асартымент прадукцыі з магчымасцю выпуску больш канкурэнтаздольнага фармату пліт з шырокім дыяпазонам таўшчыні. Частку тэхналагічнага абсталявання тут плануюць замяніць.
Мадэрнізацыя вытворчасці МДФ-пліт на ААТ «Віцебскдрэў» прадугледжвае аднаўленне і нарошчванне магутнасцяў прадпрыемства. Аб гэтым па выніках нарады паведаміў журналістам генеральны дырэктар ААТ «Івацэвічыдрэў» (кіруючая кампанія «Віцебскдрэва») Аляксандр Ільніцкі.

Калі да закрыцця цэха МДФ на мадэрнізацыю тут выраблялі 72 тысячы кубаметраў прадукцыі за год, па завяршэнні работ плануюць атрымліваць да 150 тысяч кубаметраў МДФ. Чакаецца, што пасля частковай замены тэхналагічнага абсталявання і іншых аднаўленняў не толькі павялічыцца аб’ём выпускаемай прадукцыі. Прадпрыемства стане выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, што дазволіць пашырыць асартымент, у тым ліку выпускаць пліты, якія адпавядаюць высокім сучасным стандартам, з розным дыяпазонам таўшчыні і спажывецкімі якасцямі.
Нагадаем, год таму дзейнасць прадпрыемства і яго няпростае фінансавае становішча сталі адной з тэм вялікай нарады ў Прэзідэнта. Напачатку гэтага года ААТ «Віцебскдрэў» абараніў бізнес-план інвестпраекта, рэалізацыя якога ўдыхне новае жыццё ў прадпрыемства.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА