Стымул для Чэрыкава
Чэрыкаў — сярэднестатыстычны раённы цэнтр Магілёўскай вобласці, дзе жыве каля 12 тысяч чалавек. З суб’ектаў гаспадарання тут — лясгас, «Жылкамунгас», ПМК № 280, тры сельгасгаспадаркі, плюс — сацыяльная сфера і філіялы пошты, Белтэлекама, іншых ведамстваў. З прыватнага бізнесу да нядаўняга часу былі толькі фотаэлектрычная станцыя магутнасцю 4 мегаваты і некалькі прадпрымальнікаў, якія займаюцца перапрацоўкай лесу. З мінулага года штуршком для развіцця эканомікі раёна стала яшчэ і рыбная вытворчасць — участак прадпрыемства «Рыбгас «Палуж». Гэта адзіны на ўсю рэспубліку і ўнікальны ў маштабах СНД аб’ект па атрыманні аплодненай ікры вясёлкавай фарэлі і малька. Ён пабудаваны ў рамках рэалізацыі інвестпраекта «Адзін раён — адзін праект» і з’яўляецца складнікам агульнага з Краснапольскім і Хоцімскім раёнамі кластара. Якія ж перспектывы адкрываюцца для Чэрыкаўшчыны са з’яўленнем інавацыйнай вытворчасці, высвятлялі на месцы.
Для невялікага раёна, які пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС і ўваходзіць у спіс разам з шасцю іншымі ў праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны, гэта сапраўды прарыўны праект. Чэрыкавам ужо зацікавіліся і кадры, і маладыя спецыялісты, і будучыя дылеры. Праект, як вядома, цалкам імпартазамяшчальны. Раней паняцце «беларуская фарэль» было вельмі ўмоўным. Па ікру трэба было ехаць у Еўропу, тую ж Польшчу. Зараз, як той казаў, усе шляхі вядуць у Чэрыкаў.
— Першая выпрабавальная партыя аплодненай ікры ўжо ёсць, — удакладняе начальнік вытворчага ўчастка Уладзімір Штылёў. — Два нашы інкубатары дазваляюць мець адначасова 1,5 мільёна штук малька. Сёння ў нас ёсць сегалеткі, матачны статак і статак, які мы рыхтуем на першы квартал будучага года. Для нерасту ствараюцца ўмовы, набліжаныя да натуральных. Рыба знаходзіцца ў асобных басейнах, дзе за неабходнымі параметрамі — высокая якасць вады, гідрахімія, асвятленне — наладжаны выразны аўтаматычны кантроль.
На ўчастку тры вытворчыя цэхі — інкубатар і 2 для матчынага статка, у кожным з якіх фарэль нагульвае вагу і напрыканцы дае патомства. Цікава, што з ікры першапачаткова з’яўляюцца на свет адны самкі. Самцоў тут атрымліваюць рэверсным метадам з дапамогай гарманальнага ўздзеяння.
Прадпрыемства апроч ўсяго яшчэ і навукаарыентаванае, тут вядуцца даследаванні ў мэтах развіцця фарэляводства.
— Шчыльна ўзаемадзейнічаем з навукова-даследчым цэнтрам Інстытута рыбнай гаспадаркі, — расказвае Уладзімір Штылёў. — Нядаўна яго супрацоўнікі ўзялі генетычны матэрыял для аналізу і правялі чыпіраванне. Па нумары чыпа можна адсачыць усю інфармацыю па кожнай рыбе — калі яна нераставала, якое патомства дала, а заадно папярэдзіць выпадкі роднасных сувязяў.
Чыпіраваннем сёння на прадпрыемстве займаюцца самастойна. Мікраэлектронную прыладу можна ставіць на плаўнік, але фарэль — рыба байцовая і ў сутычках можа страціць яе. Таму чып уводзяць непасрэдна пад скуру. Чыпіруюць выключна дарослых асобін, якія дасягнулі вагі каля кілаграма.
Работа на вытворчым участку наладжана кругласутачная. Аўтаматыка кантралюе падачу корму, ачыстку вады. Дублюючы манітор, дзе можна адсочваць працэс работы ўсяго абсталявання, ёсць і ў пакоі рыбаводаў. Параметры кантралююцца, у тым ліку ручным спосабам. Рыбаводы правяраюць тэмпературу вады, утрыманне ў ёй кіслароду. Штодзень ва ўласнай лабараторыі аналізуецца гідрахімія.
Нядаўна да калектыву далучыўся Аляксандр Лабанаў, які праходзіць адпрацоўку пасля Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Выпускніку факультэта біятэхналогіі і аквакультуры падабаецца, што прадпрыемства сучаснае, ёсць дзе прымяніць веды.
— Спачатку працаваў у рыбнай гаспадарцы «Лахва» пад Бялынічамі, некалькі месяцаў практыкаваўся ў Краснаполлі, зараз прыехаў у Чэрыкаў, — кажа ён. — Прынялі гасцінна, далі пакой у інтэрнаце. Мяне ўсё задавальняе. І тое, што гарадок маленькі, зусім не бянтэжыць. Я — дамасед, люблю чытаць. Дома ў Оршы ў мяне вялікая бібліятэка. Але я і сюды некалькі кніг прывёз. Падабаецца Толкін, Лаўкрафт.
Ключы ад кватэры
На ўчастку створана ўжо 16 працоўных месцаў, але штат яшчэ фарміруецца. Працуюць як мясцовыя, так і прыезджыя — са Слаўгарада, Краснаполля, Асіповічаў, Віцебска, Гомельскай вобласці. Былы работнік чэрыкаўскай ПМК № 280 Віталь Маскалёў вырашыў памяняць месца працы і вось 7 месяцаў ён ужо кантралёр КПП.
— Прыйшлося прайсці вельмі строгую медыцынскую камісію, — кажа ён. — На шчасце, ніякіх адхіленняў у здароўі не знайшлі. Прайшоў інструктаж і працую. На работу грэх скардзіцца. Знайсці ў Чэрыкаве нешта з добрай зарплатай праблематычна.

Усе работнікі вытворчага ўчастка забяспечваюцца спецадзеннем, для іх прадугледжаны пакой для адпачынку, душавыя, пральня. З жыллём таксама праблем няма.
— Спецыялісту з Віцебскай вобласці адразу ж далі ключы ад службовай двухпакаёўкі, — сведчыць Уладзімір Штылёў. — Сёлета нам выдзяляюць яшчэ адну арэндную кватэру. Непадалёк ад нас будуецца шматпавярховік, дзе за намі зарэзервавана яшчэ 4 арэндныя кватэры. Калі чалавек з іншага горада і яму зусім няма дзе жыць, прапануем месца ў інтэрнаце. Райвыканкам нам у гэтым пытанні заўсёды ідзе насустрач.
Намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Алена Сляпцова:
— У рэалізацыю інавацыйнага праекта па будаўніцтве вытворчага ўчастка рыбгаса «Палуж» было ўкладзена болей чым 30 мільёнаў рублёў, прадугледжана стварэнне больш за 20 новых працоўных месцаў. Падобнага праекта ў Беларусі няма і кожны раз, калі пра яго будуць казаць, заўсёды будзе гучаць «у Чэрыкаве». Хтосьці пачуе і прыйдзе сюды развіваць свой бізнес.
Калі Прэзідэнт прыязджаў у Краснаполле на рыбгас «Палуж», ён даручыў пабудаваць яшчэ некалькі прадпрыемстваў па перапрацоўцы рыбы. Два цэхі плануецца ўзвесці ў нашым раёне. Ужо нават падабралі пляцоўку плошчай 30 гектараў. Ёсць яшчэ адна ідэя на перспектыву, якую мы зараз актыўна прасоўваем. Гэта стварэнне вытворча-турыстычнага комплексу з выкарыстаннем мясцовай мінеральнай вады. Па сваім складзе яна вельмі карысная. Раней у раёне быў санаторый «Сож», дзе гэтай вадой лячыліся. Можна зрабіць адну свідравіну для піцця, другую для бальнеатэрапіі. Да санкцый гэты праект вельмі хацеў ажыццявіць літоўскі інвестар. Магчыма, ім зацікавіцца яшчэ нехта.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва суразмоўнікаў