Top.Mail.Ru

«Нам трэба разумна падыходзіць да таго, дзе што рабіць»

Прэзідэнт азнаёміўся са станам спраў у гаспадарцы, якую калісьці сам узначальваў


У чацвер стартавала вялікая камандзіроўка кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскую вобласць. У першы дзень рабочай паездкі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец». Беларускі лідар азнаёміўся з фермай па развядзенні племянной жывёлы мясных парод, а таксама заслухаў даклад аб перспектывах развіцця сельгаспрадпрыемства. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы наведаў мехмайстэрні гаспадаркі. Фінальным акордам першага дня рабочай паездкі Прэзідэнта ў Магілёўскую вобласць стала размова з мясцовымі жыхарамі.

«Рабіць капітальна і тэхналагічна»

Саўгас «Гарадзец» для Аляксандра Лукашэнкі не чужы — ён ім кіраваў да выбрання дэпутатам Вярхоўнага Савета. А ў 1995-м, будучы год як на прэзідэнцкай пасадзе, ён прыехаў менавіта сюды, каб пагутарыць з рабочымі і спецыялістамі. Прыязджаў у гаспадарку Прэзідэнт і восенню 2025 года. Тады была пастаўлена задача — навесці ідэальны парадак. «Тут ёсць магчымасць для таго, каб мець добрую гаспадарку», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Цяпер «АСБ-Агра Гарадзец» у Шклоўскім раёне працуе пад крылом «Магілёўаблгаза». Прэзідэнт асабіста праінспектаваў ход маштабнай мадэрнізацыі гаспадаркі.

Адразу па прыездзе Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чаму знеслі старую ферму. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адказаў, што яна састарэла: «Вы далі даручэнне, мы пабудавалі новую». 

«А калі без даручэння? — адрэагаваў Прэзідэнт. — У гэтым уся наша бяда і нашы праблемы — без даручэнняў мы нічога не робім».

Кіраўнік дзяржавы арыентуе на будаўніцтва па краіне невялікіх ферм па адкорме буйной рагатай жывёлы мясных парод. Гаворка перш за ўсё аб аддаленых тэрыторыях у раёнах, дзе нерэнтабельна займацца малочным кірункам, але кармавая база дазваляе ўтрымліваць параўнальна невялікае мясное пагалоўе. Такія аддаленыя куткі ёсць у кожнай вобласці краіны. 

Для напаўнення такіх ферм трэба развіваць у краіне племянную жывёлагадоўлю. «Трэба варушыцца. Трэба рабіць хутка гэта ўсё», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён растлумачыў, што на невялікіх тэрыторыях, аддаленых ад цэнтраў гаспадарак, з пункту гледжання і лагістыкі і эканомікі, часта нерэнтабельна ўтрымліваць буйны малочнатаварны комплекс. Ды і працоўныя рэсурсы для яго патрэбныя ў большым аб’ёме, а з гэтым у такіх месцах могуць узнікаць праблемы. Але ёсць магчымасць развіваць мясны кірунак, які асабліва цяпер мае добры экспартны патэнцыял і прыносіць прыбытак. «Там 200 гектараў зямельныя ўгоддзі. 200 гектараў могуць пракарміць 100 галоў. Вось узялі і паставілі гаспадарку з усім шлейфам», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што патрэба ў мясе на рынку ўзрастае. «Асабліва ў паўднёвых рэгіёнах. Чаму я чапляюся за Узбекістан? 40 мільёнаў насельніцтва. Ім трэба карміць людзей. І яны з вялікім задавальненнем у нас гатовыя купляць, але я іх цягну, каб яны тут вырошчвалі для сябе. Мы нешта будзем мець, і яны будуць купляць гэтае мяса. У нас будзе стабільны рынак», — перакананы беларускі лідар. 

«Нам трэба разумна падыходзіць да таго, дзе што рабіць. І рабіць капітальна і тэхналагічна», — патрабуе Прэзідэнт.

«Жалезна павінна быць дысцыпліна»

Кіраўнік дзяржавы жорстка папярэдзіў адказных асоб за захаванне дысцыпліны. 

Цяпер важна максімальна эфектыўна задзейнічаць новыя аб’екты, зніжаць выдаткі ў сельгасвытворчасці, забяспечваць прыбытковую работу і разлічвацца па даўгах. І шмат у чым ключ да гэтага — дысцыпліна і выкананне тэхналогій. «Задачу начарціў, намаляваў. Не зроблена — да Хрэніна, міністра абароны. Будуць зімой капаць зямлю і спаць у палатках, — даў параду Прэзідэнт. — Жалезна павінна быць дысцыпліна — гэта не мая выдумка. Іншага шляху няма».

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў неабходнасць падтрымання не толькі працоўнай дысцыпліны, але і дысцыпліны разлікаў з добрасумленнымі работнікамі. Людзі павінны разумець, што іх даход напрамую залежыць ад укладзенай працы. «Усе разгільдзяі і п’яніцы павінны бачыць — хто працуе, той і зарабляе», — сказаў беларускі лідар.

Што датычыцца непасрэдна работ па мадэрнізацыі ў гаспадарцы, Прэзідэнт даў высокую ацэнку ўбачанаму. Як вядома, ён і сам раней працаваў тут кіраўніком.

«Тут курорт. Дзякуй богу, што ў мяне гэтага не было — я б Прэзідэнтам не стаў. Я ніколі не з’ехаў бы з гэтай гаспадаркі, калі б у мяне было гэта ўсё», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да дырэктара ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» Сяргея Сысы, Прэзідэнт падкрэсліў: «Ніхто табе больш нічога не дасць. Ты зразумей, Сяргей, адно. Таму жалезная дысцыпліна. Тут павінен быць парадак, і ты за гэта адказваеш».

«Людзям зарплату не шкадуй. Але гэта павінна быць зарплата, а не дармаплата», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Не дай бог я ўбачу, што будзе горш, чым цяпер. Таму я раю: патрабуй гэта з людзей. Ты ж малады чалавек. Вы — будучыня гэтай краіны. Адсюль вось такія, як ты, павінны вырасці, і мы іх узнімем наверх», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Мадэрнізацыя ў ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» — адна з частак агульнага плана па развіцці Шклоўскага раёна. «Ён павінен быць калі не ўзорам, то прыкладам, у якім кірунку раёны павінны развівацца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Адпаведныя падыходы будуць у бліжэйшы час абмеркаваны на семінары з удзелам Прэзідэнта.

«Нам нічога ламаць не трэба. Але дзесьці даналаджваць будзем»

Прэзідэнту далажылі аб дзейнасці і перспектывах «АСБ-Агра Гарадзец». У папярэдні раз Аляксандр Лукашэнка быў тут з рабочай паездкай у верасні 2025 года. Тады ён крытычна ацаніў убачанае і запатрабаваў навесці ідэальны парадак на ўсіх аб’ектах прадпрыемства, уключаючы машынны двор, малочнатаварны комплекс і сельскагаспадарчыя ўчасткі.

Дырэктар «АСБ-Агра Гарадзец» Сяргей Сыса паведаміў, што агульная плошча сельгасугоддзяў гаспадаркі складае больш за 4,3 тысячы гектараў, з іх раллі — звыш 3,6 тысячы гектараў. Налічваецца звыш 4,4 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Пагалоўе ўтрымліваецца на чатырох жывёлагадоўчых аб’ектах. 

Праграма комплекснай мадэрнізацыі ўключала ў тым ліку будаўніцтва фермы па гадоўлі племянной жывёлы мясных парод на 800 галоў. Таксама быў узведзены прафілакторый для цялят, рэканструяваныя мехмайстэрня, малочнатаварны комплекс «Гарадзец» і дзве фермы па адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы, мадэрнізаваны склад для захоўвання ўгнаенняў.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ў аснове прыняцця рашэнняў аб тых ці іншых пераўтварэннях, стварэнні розных аб’ектаў павінны быць не толькі эканамічныя паказчыкі, але і мясцовыя рэаліі, жыццё людзей. Важна таксама зніжаць выдаткі ў сельгасвытворчасці, забяспечваць прыбытковую працу. І шмат у чым ключ да гэтага — дысцыпліна і захаванне тэхналогій.

Заслухаўшы даклад аб дзейнасці і перспектывах прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка, які сам калісьці кіраваў гэтай гаспадаркай, даў наказ цяперашняму дырэктару: «У цябе наперадзе ўсё жыццё. Прыкладна такім і я прыйшоў у гэту гаспадарку працаваць. Але стартавыя ўмовы розныя. У цябе сёння ёсць усё».

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў сельскай гаспадарцы не павінна быць утрыманскага падыходу. «Трэба глядзець, каго падтрымліваць, каго — не. Гэта не значыць, што мы не будзем падтрымліваць сельскую гаспадарку. Нам нічога ламаць не трэба. Але дзесьці даналаджваць будзем. Грошы трэба ўкладваць туды, куды трэба, каб была аддача. Мы ж чакаем аддачы тут», — адзначыў беларускі лідар. 

«Грошы ўклалі немалыя — патрэбны вынік»

Як далажыла кіраўніку дзяржавы памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец, плануецца, што па выніках работы за 2026 год даходы сельгаспрадпрыемства складуць 19 мільёнаў рублёў, а выдаткі — 29 мільёнаў рублёў. Асноўная частка выдаткаў прыпадае на паліва, камбікорм, запчасткі і іншае. І тут Прэзідэнт зноў звяртае ўвагу на важнасць захавання дысцыпліны і адказнага падыходу. Гэта, напрыклад, беражлівыя адносіны да тэхнікі і яе своечасовае абслугоўванне, барацьба з крадзяжом паліва. Так і выдаткі атрымаецца скараціць. 

«Трэба пытанні, якія ляжаць на паверхні, вырашыць, зняць гэту праблему. З гэтага трэба пачынаць», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. 

Ён таксама даў практычную параду кіраўніку гаспадаркі — не эканоміць на начальніках участкаў. За кожнай тэрыторыяй гаспадаркі павінен быць замацаваны адказны чалавек. Важнасць менавіта такога падыходу стала відавочная нядаўна пасля стараннага аналізу недахопаў работы ў яшчэ адной гаспадарцы Шклоўскага раёна — «Гавяды-Агра».

Кіраўнік дзяржавы ў цэлым хоча даць сур’ёзны штуршок развіццю сельгасвытворчасці на ўсходзе краіны — у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. «Мы ўжо ўсё вам паказалі, як трэба. Будзем патрабаваць. Грошы ўклалі немалыя — патрэбен вынік», — падкрэсліў ён.

У маі 2026 года акцыі ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» перадалі ў гаспадарчае вядзенне РУП «Магілёўаблгаз». Была распрацавана комплексная праграма мадэрнізацыі сельгаспрадпрыемства на 2026-2027 гады з аб’ёмам фінансавання каля 86,5 мільёна рублёў. Яна прадугледжвае будаўніцтва і мадэрнізацыю цэлага шэрагу аб’ектаў, уключаючы ферму па гадоўлі племянной жывёлы мясных парод на 800 галоў. Аляксандр Лукашэнка пабываў на гэтай новай сучаснай ферме і даў высокую ацэнку ўбачанаму.

Яшчэ адным пунктам наведвання ў «АСБ-Агра Гарадзец» сталі рэканструяваныя мехмайстэрні і машынны двор. Тут таксама праз год пасля прыезду і сур’ёзнай крытыкі з боку кіраўніка дзяржавы быў наведзены належны парадак.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зроблена ўсё добра. Задаволеныя ўмовамі і мясцовыя работнікі, меркаваннем якіх пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што трэба сачыць за станам тэхнікі, беражліва яе эксплуатаваць і своечасова абслугоўваць. 

«Пачынайце працаваць так, каб вы ні ад каго не былі залежныя»

Фінальным акордам першага дня рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы на Магілёўшчыну стала размова з жыхарамі аграгарадка Гарадзец. Прэзідэнт падвёў вынікі наведвання аднайменнага прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі б у яго часы тут былі створаны тыя ўмовы, якія ёсць цяпер, магчыма, ён застаўся б тут, і далейшы лёс склаўся б па-іншаму. 

«Сёння ў Гарадцы ёсць усё. Жывёлагадоўчыя памяшканні ёсць. Трошкі вось Сяргей (кіраўнік гаспадаркі Сяргей Сыса. — „Зв.“) абяцае ў будучым годзе дабудаваць. Шэфы ў вас добрыя, — звярнуў увагу Прэзідэнт, маючы на ўвазе кіраўніка „Магілёўаблгаза“. — Уваходзьце ў каляіну і пачынайце працаваць так, каб вы ні ад каго не былі залежныя. На сённяшні дзень я бачу, што вы можаце працаваць. Усё, што ў вас ўклалі, павінна быць з лішкам атрымана, з запасам. І з даўгамі трэба разлічыцца».

У Гарадцы і на аднайменным прадпрыемстве за год, які прайшоў з папярэдняга візіту Прэзідэнта, і крытыкі, якая прагучала тады, адбыліся значныя пазітыўныя змены — пры актыўным удзеле дзяржавы і падтрымцы, у тым ліку фінансавай, заўважыў беларускі лідар. Цяпер справа за самімі жыхарамі — трэба працаваць і паказваць вынік, ставіць задачу Аляксандр Лукашэнка. 

«Мая задача — каб у вас быў мір, спакой. Каб вашы дзеткі раслі, працавалі. Работы ўсім хопіць, дастаткова, — адзначыў Прэзідэнт. — Як вы заўсёды казалі: каб не было вайны...» 

Кіраўнік дзяржавы заклікаў людзей берагчы тое, што яны маюць. «Беражыце тое, што ёсць. Яшчэ раз паўтару: вы нікому нідзе не патрэбныя. Вось што ў нас ёсць — гэта наша. Глядзіце, каб вашым дзецям было дзе жыць і працаваць».

«Варыянт мы ім павінны прапанаваць»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў найбліжэйшы час у шэрагу раёнаў краіны трэба правесці пераўтварэнні, падобныя да тых, што ажыццявілі ў Гарадцы. Прычым рабіць гэта трэба хуткімі тэмпамі, бо гэта стане арыенцірам для маладога пакалення. 

«Чаму я спяшаюся (ажыццявіць планы па пераўтварэнні. — „Зв.“) дзесьці — у прамысловасці, у лесе, на вёсцы? Каб яны (моладзь. — „Зв.“) убачылі, як трэба. Каб не толькі тыцкалі ў гэтыя тэлефоны сядзелі. Як трэба. Гэта мы лічым як трэба. Калі ім не падабаецца, яны няхай гэтым шляхам не ідуць. Але варыянт мы ім павінны прапанаваць, — адзначыў беларускі лідар. — Каб наша пакаленне прапанавала моладзі, новаму пакаленню варыянт развіцця нашай краіны. І нават не развіцця, а руху наперад. Вось увесь сэнс». 


Аляксандр Лукашэнка цёпла і душэўна пагутарыў з жыхарамі аграгарадка, многіх з якіх ён ведае асабіста яшчэ па мінулай рабоце ў сельскай гаспадарцы. Людзі ў сваю чаргу дзякавалі свайму земляку, шчыра жадалі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Не абышлося і без сумеснага фота на памяць. 

На развітанне кіраўніку дзяржавы падарылі вышытую ікону і зборнік з успамінамі двух дзясяткаў мясцовых жыхароў, з якімі Прэзідэнт працаваў, узначальваючы сельгаспрадпрыемства «Гарадзец». Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у той жа дзень прачытаць гэту працу.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Шклоўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю