Top.Mail.Ru

Як ашуканцы ў інтэрнэце карыстаюцца сезонам распродажаў

У пастцы «чорнай пятніцы»

Час маштабных лістападаўскіх скідак традыцыйна выклікае небывалы пакупніцкі ажыятаж. Але штурм віртуальных прылаўкаў у пошуках прывабных бонусаў — гэта залатая жыла і для кіберзлачынцаў.

Занадта танна — значыць, падазрона

Сучасны рынак электроннай камерцыі прапануе масу магчымасцяў як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў. Асабліва ў пачатку пераднавагодняга сезона пакупак, падчас якога і стартуе маса штогадовых маштабных распродажаў. Пад гэты ажыятаж адаптуюць свае метады і аферысты. Што ж хаваецца за прыгожымі рэкламнымі банерамі і фэйкавымі акцыямі? Адны ствараюць фальшывыя інтэрнэт-рэсурсы, старонкі папулярных магазінаў, другія — прапануюць карыстальнікам тавары па немагчыма нізкіх цэнах, трэція — абяцаюць кэшбэк і падарункі.

Па даных спецыялістаў, злачынцы задзейнічаюць нямала псіхалагічных хітрасцяў, каб прымусіць чалавека разлучыцца з яго назапашваннямі. Першым і найболей распаўсюджаным метадам з’яўляецца стварэнне штучнага ажыятажу. Напрыклад, псеўдапрадавец аўтарытэтна заяўляе, што грандыёзная скідка дзейнічае выключна на працягу сённяшняга дня, ці на складзе засталося ўсяго два патрэбныя памеры або камплекты. Баючыся ўпусціць унікальную магчымасць, пакупнік спешна пераводзіць грошы, і акаўнт прадаўца знікае.

Давярай, але правярай

Асаблівую трывогу выклікаюць магазіны, якія вядуць сваю дзейнасць праз папулярныя сацыяльныя сеткі, такія як Іnstagram і TіkTok. Не варта падманвацца прыгожай карцінкай і тысячамі падпісчыкаў. Рознічны гандаль праз гэтыя платформы ў нашай краіне не адпавядае ўстаноўленым нормам і правілам інтэрнэт-гандлю.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, легальны інтэрнэт-магазін абавязаны мець рэгістрацыю ў Гандлёвым рэестры Беларусі, уласны сайт у даменных зонах. BY або. БЕЛ, а таксама ў адкрытым доступе публікаваць поўную інфармацыю аб прадаўцу. Гэта і ўліковы нумар плацельшчыка (УНП), і юрыдычны адрас кампаніі, а таксама дакладныя рэгістрацыйныя даныя. У міліцыі папярэджваюць: у спешцы распазнаць «фальшыўку» ўдаецца далёка не кожнаму пакупніку, таму беларусам трэба захоўваць асцярожнасць і пільнасць.

Але ашуканцы выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі і як інструмент выключна для прыцягнення аўдыторыі. Варта патэнцыйнай ахвяры праявіць цікавасць, стасункі неадкладна пераводзяцца ў асабістыя паведамленні або іншыя месенджары.

Насцярожыць павінна і тое, што такія «прадаўцы» просяць перавесці поўную перадаплату на банкаўскую карту фізічнай асобы. Праваахоўнікі падкрэсліваюць: такія патрабаванні павінны стаць падставай для спынення дыялогу, нават калі аплаціць пакупку прапануецца праз сістэму АРІП.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю