Top.Mail.Ru
0

Беларускія сарты і гібрыды не саступаюць замежным, перакананыя вучоныя-аграрыі

Што пасеем?

Пастаўленыя кіраўніком дзяржавы ў пачатку сезона задачы па атрыманні валавога збору збожжа выкананы, заўважыў першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Эрома Урбан. Ужо намалочана звыш 11 мільёнаў тон збожжа. Па некаторых культурах наогул дасягнуты рэкордныя вынікі за ўсю гісторыю іх вырошчвання. Так, сёлета атрымана 1 млн 493 тысячы тон алейнага семя рапсу, ураджайнасць склала 31 ц/га (для параўнання: летась яна была 20,9 ц/га, а ў найбольш спрыяльны 2024 год дасягала 24,8 ц/га). Вялікую ролю ў атрыманні такіх вынікаў сёлета і наогул у развіцці аграпрамысловага комплексу адыгрываюць вучоныя. І гэта датычыцца не толькі распрацоўкі высокапрадукцыйных сартоў і тэхналогій.

«Разумная» ніва

Сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання супрацоўнікі НПЦ па земляробстве займаліся актуалізацыяй структуры пасяўных плошчаў. Значна былі павялічаны плошчы, занятыя пад азімыя культуры, якія хутчэй уступаюць у вегетацыю і добра паказваюць сябе, нягледзячы на капрызы надвор’я. Павялічыліся пасевы азімых пшаніцы і ячменю. Сёлета рапс пасеяны на плошчы больш чым 500 тысяч га. Вучонымі праведзена актуалізацыя тэхналагічных рэгламентаў вырошчвання па ўсіх культурах, была арганізавана вучоба аграрыяў па іх выкананні. На пастаяннай аснове спецыялісты цэнтра выязджалі ва ўсе рэгіёны краіны, ацэньвалі стан пасеваў. Распрацоўваліся аператыўныя мерапрыемствы па доглядзе раслін у адпаведных умовах надвор’я.

Асноўны кірунак работы цэнтра — селекцыя, тут яна вядзецца па 36 відах сельскагаспадарчых культур. Створана сістэма сартоў, якія вылучаюцца прадукцыйнасцю, устойлівасцю да хвароб, адаптыўнасцю да нашага клімату. Сёння сарты, выведзеныя беларускімі навукоўцамі, займаюць больш за 70 % пасяўных плошчаў краіны, а такія культуры, як азімае жыта, пшаніца, кармавы ячмень, авёс — больш 90 %.


Актыўна вядзецца работа з гаспадаркамі Расійскай Федэрацыі, асабліва запатрабаваны беларускія культуры ў Бранскай, Смаленскай, Белгарадскай, Курскай абласцях. Наогул, у суседзяў яны займаюць больш за мільён гектараў, вырошчваюцца ў 37 рэгіёнах, нават на Дальнім Усходзе і Сахаліне. У рэестр Расійскай Федэрацыі ўключаны 85 беларускіх сартоў.

На беларускіх палях вырошчваецца больш за 170 сартоў селекцыі НПЦ па земляробстве. «Буслік» ужо вырошчваецца, «Блогер» пакуль выпрабоўваецца

За два гады больш за паўсотню сартоў селекцыі цэнтра па земляробстве ўключаны ў дзяржрэестр. Гэта збожжавыя, зернебабовыя культуры, рапс, лён, кукуруза, шматгадовыя травы. Пры гэтым вучоныя трымаюць высокую планку — сарты, якія падаюцца на дзяржвыпрабоўванне, павінны забяспечыць ураджайнасць не менш як 100 цэнтнераў з гектара ў збожжавых культур, у рапсу і зернебабовых — не менш як 60.

За 2026 год дзяржрэестр папоўніўся на 25 сартоў, 

75 праходзяць выпрабоўванне. Вучоныя ўжо пачынаюць падводзіць вынікі і спадзяюцца, што не менш 12-15 новых сартоў, для якіх сёлета заканчваюцца «іспыты», у наступным годзе будуць уключаны ў рэестр і пачнуць выкарыстоўвацца на палях краіны.

Сярод навінак, якія ў найбліжэйшыя часы будуць запатрабаваны аграрыямі, — сорт пшаніцы «Айлін». Ён паказваў ураджайнасць больш за 130 ц/га, устойлівы да палягання, хвароб, мае высокую зімастойкасць. Гэты сорт сёння актыўна размнажаюць, каб у найбліжэйшыя гады забяспечыць аграрыяў.

Актыўна вядзецца селекцыя яравой пшаніцы. У дзяржрэестры ўжо прадстаўлена каля дзясятка сартоў беларускай селекцыі, якія вылучаюцца якасцю збожжа. Так, навінка гэтага года — сорт «Карта» — выводзіўся селекцыянерамі як імпартазамяшчальны на замену замежным сартам цвёрдай пшаніцы. 

Па ўтрыманні бялку, клейкавіны, амінакіслот ён падыходзіць для вытворчасці хлебабулачных і макаронных вырабаў без дабаўлення сартоў-паляпшальнікаў.


Нашы вучоныя сочаць і за сусветнымі тэндэнцыямі. Сёння набываюць папулярнасць культуры з антацыянам (пігментам, які надае насычаны колер). Сорт азімай пшаніцы «Стэфа» з фіялетавай афарбоўкай зярнят вылучаецца павышаным утрыманнем антыаксідантаў, можа выкарыстоўвацца пры вырабе прадуктаў функцыянальнага харчавання.

Актыўна вядзецца селекцыйны працэс піваварнага ячменю. Новыя сарты «Салдат», «Подзвіг» па ўсіх паказальніках якасці адпавядаюць еўрапейскім стандартам, і сёння запатрабаваны ў прамысловасці. Сарты новай фармацыі кармавога ячменю «Дэпутат», «Блогер», «Лідар» у дзяржвыпрабаванні паказалі ўраджайнасць звыш 90 ц/га. 

Вясной першыя партыі насення для размнажэння гэтых навінак будуць рэалізаваныя элітгаспадаркам. Разгорнута селекцыя азімага ячменю. Першы сорт «Буслік», які быў раяніраваны ў 2022 годзе, ужо займае ў краіне больш 100 тысяч га, актыўна вядзецца яго размнажэнне. 

Але вучоныя разумеюць, што трэба рухацца далей — ужо 14 новых сартоў праходзяць дзяржвыпрабоўванне. Акрамя таго, распачаты новы кірунак. Калі раней азімы ячмень выкарыстоўваўся як кармавая культура, сёлета арганізавана селекцыя сартоў азімага ячменю для піваварэння. Завяршаецца «праверка» «Світанку». Гэты азімы сорт па якасці і падыходзе для вырабу піва не саступае яравым.

Каб вырашыць праблему з вытворчасцю якасных, збалансаваных кармоў для жывёлагадоўлі з высокім утрыманнем бялку, вядзецца селекцыйны працэс па гароху і люпіну. Вучоныя ўзяліся за селекцыю новага віду — люпіну белага. Сорт «Грэк», у гэтым годзе ўключаны у рэестр, здольны фарміраваць ураджай да 50 ц/га, утрыманне бялку ў ім да 40 %.

Свае гібрыды бліжэй да поля

Вучоныя ўжо дасягнулі выдатных вынікаў у селекцыі сартоў рапсу, у апошнія гады стаўка робіцца і на гібрыды. Такая работа — адказ на сур’ёзную інтэрвенцыю замежных гібрыдаў гэтай культуры. Сёлета ўжо перададзена на выпрабоўванне 5 гібрыдаў азімага і яравога рапсу. У селекцыйным працэсе знаходзіцца каля 2,5 тысячы гібрыдных камбінацый, з якіх выбіраюцца найлепшыя. Праз год-два селекцыянеры плануюць атрымаць новыя высокапрадукцыйныя культуры.

Нягледзячы на тое, што айчынныя сарты жыта пераважаюць на беларускіх палях, назіраецца актыўнае «пранікненне» на нашу тэрыторыю заходніх гібрыдаў. У адказ супрацоўнікі цэнтра прапануюць аграрыям уласныя распрацоўкі. Да гібрыда «Белгі» ў 2026 годзе дадаўся новы — «Рызона». Апошні мае ўраджайнасць больш за 110 ц/га, вылучаецца высокай зімастойкасцю, устойлівасцю да палягання і хвароб. Яго насенне будзе налета рэалізавана ў гаспадаркі для далейшага размнажэння.


Больш мільёна гектараў у Беларусі занята пад кукурузу. Новыя айчынныя культуры па прадукцыйнасці, адаптыўнасці і якасці не саступаюць і нават пераўзыходзяць заходнія аналагі. Штогод вучоныя праводзяць выпрабавальныя дэманстрацыйныя пасевы на полі № 1 ААТ «Александрыйскае». Летась там высявалася 5 сартоў яравой пшаніцы — 3 айчыннай селекцыі і 2 замежнай. Нашы сарты паказалі сябе лепш па якасці і ўраджайнасці. Сёлета на прэзідэнцкім полі вывучаліся гібрыды кукурузы — 3 айчыннай і 2 замежнай селекцый. І нашы пераўзышлі па ўтрыманні сухога рэчыва, па ўраджайнасці зялёнай масы і па паказальніках важных пры стварэнні кармоў.

Цэнтр узмацніў селекцыю гібрыдаў цукровых буракоў. Так, гібрыд «Краса», які на дзяржвыпрабоўванні паказаў ураджайнасць больш за 60 ц/га, меў цукровасць больш за 17 %. Паколькі наш клімат не дазваляе атрымаць якаснае насенне гэтай культуры, вучоныя актыўна супрацоўнічаюць з калегамі з Расійскай Федэрацыі. Суседзі дапамагаюць у насенняводстве, вядзецца і сумесная селекцыя.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю