Top.Mail.Ru
0

У выхадныя будзе халаднавата, аднак, згадзіцеся, ужо адна думка пра іх набліжэнне сагравае

12.11.2026 | 18:27
Глыбокая восень

У адрозненні ад адносна мяккага і лагоднага кастрычніка ў лістападзе восень паступова ўводзіць умовы надвор’я ў традыцыйныя рамкі: туманы, дажджы і першыя замаразкі, не кажучы пра імклівае скарачэнне светлавога дня. А ў сераду жыхары Гродна ўбачылі ўжо і сапраўдную зіму — у абласным цэнтры выпаў першы снег, які лёг на тратуары, газоны і прыпаркаваныя машыны.

Непагодлівыя заходнія цыклоны прынеслі на гэтым тыдні ў большасць раёнаў краіны не толькі ападкі, але і сагрэтыя Гальфстрымам паветраныя масы. Але ўмоўны ўсплёск цяпла абазначыўся ненадоўга. Як і папярэджваў Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, у выхадныя дні ўслед за франтальнымі раздзеламі распаўсюдзяцца высокі ціск і паветра арктычнага паходжання.

У суботу месцамі па краіне невялікія ападкі (дождж, мокры снег). На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 °C, днём будзе 0 — плюс 6 °C.

У нядзелю пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу — ад 0 да мінус 5 °C, днём — плюс 1–7 °C.

У тэму

Цішэй едзеш — далей будзеш

Восень і зіма заўсёды рыхтуюць асаблівыя выпрабаванні для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Дрэнная бачнасць і кепскія ўмовы надвор’я патрабуюць павышанай увагі ад вадзіцеляў і пешаходаў. Таму важна памятаць аб мерах бяспекі, каб захаваць здароўе і жыцці. Правілы паводзін на дарозе добра вядомыя, аднак нагадаць іх ніколі не будзе лішнім.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вадзіцеляў выбіраць стрыманы стыль ваджэння і бяспечную скорасць, улічваючы бачнасць і стан праезнай часткі. Трымайцеся строга сваёй паласы, захоўвайце бяспечную дыстанцыю і бакавы інтэрвал, пазбягайце рэзкіх манёўраў — непатрэбных перастраенняў, апярэджанняў і абгонаў.

Неабходна ўважліва сачыць за дарожнымі знакамі, разметкай і сігналамі іншых удзельнікаў руху, нельга карыстацца тэлефонам і адцягваць увагу ад кіравання.

Усе пасажыры ў аўто абавязкова павінны быць прымацаваны рамянямі бяспекі, а дзеці — перавозіцца ў спецыяльных утрымліваючых устройствах.

Пры ападках і ў тумане трэба ўключыць блізкае святло, пярэднія і заднія процітуманыя фары пры іх наяўнасці. А далёкае святло не варта выкарыстоўваць, каб пазбегнуць самаасляплення. Яно адбіваецца ад кропель туману і пагаршае агляд. Кроплі вады ў паветры адлюстроўваюць святло і перад аўтамабілем атрымліваецца воблака, якое свеціцца і пагаршае бачнасць.

У тумане, у сырое і пахмурнае надвор’е пагаршаецца бачнасць і стан праезнай часткі, скажаецца ўспрыманне адлегласцей. Таму арыентуйцеся не на прывычную скорасць, а на адлегласць, на якой вы сапраўды бачыце дарогу і можаце бяспечна спыніцца.

Павялічвайце дыстанцыю да ідучых наперадзе транспартных сродкаў. Помніце, што па абочыне за горадам могуць перамяшчацца пешаходы і веласіпедысты, якія абавязаны абазначыць сябе ў цемры святлоадбівальнымі элементамі і адзеннем павышанай бачнасці.

Пры крытычным пагаршэнні бачнасці неабходна спыніцца ў бяспечным месцы. Прычым паркаваць транспартныя сродкі трэба як мага далей ад праезнай часткі, у абавязковым парадку ўключаць аварыйную сігналізацыю, стаяначныя агні, а пры выхадзе з транспартнага сродку вадзіцелям надзяваць камізэльку павышанай бачнасці.

Звычайнай з’явай на дарогах у гэту пару становіцца галалёдзіца. Яна можа прывесці да ўскладнення руху транспарту, павелічэння выпадкаў ДТЗ, а таксама траўмаў пешаходаў. Акрамя таго, ёсць рызыка пашкоджання і абрыву ліній сувязі і электраперадачы. Таму і МНС таксама заклікае ўдзельнікаў дарожнага руху быць вельмі асцярожнымі і ўлічваць умовы надвор’я.

Пешаходам неабходна пераходзіць дарогу толькі ва ўстаноўленых месцах, пераканаўшыся, што вадзіцелі іх бачаць і прапускаюць. Варта насіць адзенне павышанай бачнасці і выкарыстоўваць у цемнаце святлоадбівальныя элементы.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю