Дэлегат УНС, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Ігар БУРМІСТРАЎ:
— Больш за 4 тысячы дэлегатаў з усёй Беларусі ўпершыню сабраліся ў Мінску на Усебеларускі народны сход у кастрычніку 1996 года, каб вызначыць стратэгію развіцця краіны. Тады прагучаў ключавы пасыл Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс».
З таго часу пачаўся шлях, які прывёў УНС да статусу найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя. І мяне як дэлегата VІІ УНС гэта шмат да чаго абавязвае, бо я прадстаўляю сваіх землякоў на такім высокім узроўні.
Пяцігодка толькі стартавала, але ўжо бачна: Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады трымаецца на трох апорах: моцнай эканоміцы, моцных рэгіёнах і чалавеку працы. Усе яны ўвасоблены ў Наваполацку.
Наваполацкі нафтахімічны комплекс і іншыя прамысловыя прадпрыемствы горада працуюць на эканоміку вобласці і краіны. Наш універсітэт рыхтуе інжынерныя кадры, якія тут і прымяняюць свае веды. Мы ствараем умовы, каб людзі бачылі ў родным горадзе перспектыву: новыя вытворчасці, сучасную сацыяльную інфраструктуру, камфортнае асяроддзе, дастойныя зарплаты. Калі рэгіён самадастатковы, моладзь застаецца ў ім.
У гэтым і ёсць сутнасць палітыкі моцных рэгіёнаў — яна робіць эканоміку ўстойлівай, а жыццё паўсюдна ў Беларусі камфортным для насельніцтва.
Наваполацк — малады горад, яго будучыню вызначаюць студэнты і маладыя работнікі прадпрыемстваў. Хацелася б, каб моладзь смялей напрацоўвала заслугі і аўтарытэт, каб у будучыні яе прадстаўнікі таксама станавіліся дэлегатамі УНС, а голас маладых новапалачан гучаў больш упэўнена.
30 гадоў існавання УНС пацвердзілі, што Беларусь моцная адзінствам і пераемнасцю пакаленняў. У 1996-м сход сыграў вядучую ролю ў фарміраванні прэзідэнцкай вертыкалі і размежаванні паўнамоцтваў. Цяпер кіраўнік дзяржавы гаворыць аб дэцэнтралізацыі, прыярытэце ініцыятыў на месцах. Стаяць задачы па развіцці мясцовай улады.
Святлана ЯКАЎЛЕВА