Top.Mail.Ru
0

Што рыхтуюць і гатуюць да PRODEXPO-2026?

Новыя рынкі, дзелавыя кантакты і ўсё самае смачнае з беларускай прадукцыі

З 17 па 20 лістапада ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры «БелЭкспа» пройдзе 32-я Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстаўка-кірмаш PRODEXPO-2026. Сёлета яна аб’яднае экспанентаў з сямі краін. Пры гэтым Кітай і Паўднёвая Карэя прадставяць сваю прадукцыю ўпершыню. Выстаўка стане пляцоўкай для прэзентацыі харчовай прадукцыі, пошуку новых партнёраў і абмеркавання перспектыў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Як расказаў загадчык сектара знешніх камунікацый Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» Андрэй САДОЎСКІ, сёлета сваю прадукцыю прадставяць больш за 70 айчынных вытворцаў. Асабліва шырока заявіць пра сябе Гродзеншчына — ад яе ўдзельнічаюць 13 кампаній. Будзе шмат і прадуктаў з Расіі — 13 рэгіёнаў прыедуць на харчовы форум.

Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ксенія МЯЛЕШКА ўдакладніла, што плошча айчыннай экспазіцыі складзе каля 1665 кв. м. На ёй будуць прадстаўлены прадпрыемствы ўсіх беларускіх рэгіёнаў і арганізацыі канцэрна «Белдзяржхарчпрам». Асобныя стэнды прысвецяць прадукцыі рыбнай галіны і беларускаму мёду.

— Сёлета ў выстаўцы ўдзельнічаюць больш за 160 экспанентаў, якія будуць прадстаўляць харчовую прадукцыю нашай краіны. Плошчы экспазіцыі значна большыя, чым летась, — падкрэсліла Ксенія Мялешка.

Ад гандлю да кааперацыі

Цэнтральнай падзеяй дзелавой праграмы стане форум «Кааперацыйнае ўзаемадзеянне ў рамках СНД», прымеркаваны да 35-годдзя ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

— Мы будзем абмяркоўваць не толькі рэалізацыю гандлёва-эканамічных адносін, такіх як узаемны гандаль, але і гандлёва-эканамічную кааперацыю, — расказала Ксенія Мялешка.

Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў аграрных міністэрстваў краін СНД, а таксама высокіх гасцей з Расійскай Федэрацыі і дзяржаў далёкага замежжа.

Асаблівую ўвагу сёлета ўдзеляць практычнай дзелавой аддачы выстаўкі. З 18 па 20 лістапада экспаненты змогуць правесці перагаворы з гандлёвымі сеткамі, дыстрыб’ютарамі і аптовымі кампаніямі з розных краін. Арганізатары разлічваюць, што такія сустрэчы дапамогуць беларускім вытворцам знайсці новых пакупнікоў і замацавацца на знешніх рынках.

— Сёлета мы робім новы кірунак для таго, каб прынесці карысць і эканамічны вынік нашым экспанентам і прадпрыемствам. Сумесна з «БелЭкспа» будуць арганізаваны бізнес-перагаворы з гандлёва-эканамічнымі партнёрамі, пакупнікамі і гандлёвымі сеткамі, размешчанымі ў краінах СНД, — адзначыла Ксенія Мялешка.

Намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак упраўлення каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Марыя ГАРБАТАВА таксама падкрэсліла, што галоўная мэта сёлетняга мерапрыемства — выхад на новыя рынкі і пошук партнёраў.

— Для прадпрыемстваў канцэрна «Белдзяржхарчпрам» PRODEXPO — гэта маштабнае мерапрыемства і галіновая платформа для абмену вопытам, дэманстрацыі навінак, вывучэння новых тэхналагічных рашэнняў, устанаўлення дзелавых кантактаў і наладжвання партнёрскіх сувязяў, — адзначыла Марыя Гарбатава.

Якасць, інавацыі і новыя смакі

Важнай часткай PRODEXPO-2026 стане Міжнародны дэгустацыйны конкурс якасці харчовай прадукцыі «PRODEXPO-2026: Традыцыі. Якасць. Інавацыі». Яго арганізуе сумесна з выставачным прадпрыемствам «БелЭкспа» пры афіцыйнай падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Як паведаміла начальнік цэнтра прафесійнага развіцця Навукова-практычнанага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Наталля МІРОНАВА, мэта конкурсу, які сёлета праводзіцца ўжо ў сёмы раз, — вызначыць найлепшыя ўзоры прадукцыі і найлепшых вытворцаў, выявіць новыя тэндэнцыі харчовай прамысловасці, а таксама садзейнічаць укараненню тэхналогій і павелічэнню экспартнага патэнцыялу айчыннай прадукцыі.

Сёлета на суд экспертаў прадставілі 344 узоры прадукцыі больш за 90 прадпрыемстваў. Найбольш шырока былі прадстаўлены малочная, мясная і хлебабулачная галіны. Ацэньваліся таксама кандытарскія і алейна-тлушчавыя вырабы, бульбапрадукты, харчовыя канцэнтраты, вінаробная прадукцыя, моцныя спіртныя напоі, піва і безалкагольныя напоі.

У параўнанні з 2025 годам колькасць удзельнікаў конкурсу павялічылася амаль на 19 %, а колькасць асноўных прадстаўленых узораў — амаль на 8 %.

— Гэты год знамянальны яшчэ і тым, што мы бачым устойлівае павышэнне якасці беларускай прадукцыі, — звярнула ўвагу Наталля Міронава.

— Стаўка на здаровае харчаванне — яшчэ адна з асноўных тэндэнцый развіцця айчыннага харчовага рынку. Мы бачым пашырэнне сегменту прадукцыі з высокім утрыманнем бялку і пратэіну, прадуктаў з паніжаным утрыманнем цукру. Гэта сёння ключавы трэнд, і вытворцы актыўна асвойваюць гэтую нішу, — расказала спецыяліст.

Акрамя таго, усё большую ролю ў канкурэнтаздольнасці набываюць упакоўка і дызайн: за іх афармленне асобныя ўдзельнікі атрымаюць спецыяльныя дыпломы. Экспертаў таксама парадавала прадукцыя рэгіянальных вытворцаў, асабліва ў хлебапякарнай галіне.

Паглядзець і пакаштаваць

Летась выстаўку наведалі больш за 14 тысяч чалавек. Сёлета арганізатары разлічваюць прыняць не менш гасцей. Як адзначыла Ксенія Мялешка, экспазіцыя будзе цікавая не толькі прафесійным удзельнікам рынку, але і звычайным наведвальнікам: яна дазволіць убачыць дасягненні беларускай харчовай прамысловасці і пазнаёміцца з прадукцыяй айчынных вытворцаў.

  • PRODEXPO-2026 пройдзе з 17 па 20 лістапада ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры «БелЭкспа» па адрасе: Мінск, вуліца Паўліны Мядзёлкі, 24.

  • Графік работы: 17–19 лістапада — з 10:00 да 18:00; 20 лістапада — з 10:00 да 16:00.

  • Уваход на выстаўку платны. Кошт звычайнага білета — 25 беларускіх рублёў, ільготнага — 15 рублёў.

Для зручнасці наведвальнікаў будуць арганізаваны аўтобусныя маршруты нумар 186С і нумар 912Э ад станцыі метро «Акадэмія навук», нумар 962Э ад станцыі метро «Пушкінская» і нумар 26д ад ДС «Усходняя» да прыпынку «Аляксандра Воінава».

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю