У адным з матэрыялаў, які пабачыў свет на старонках нашай газеты, мы разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ абмяркоўвалі неабходнасць умелага выкарыстання прапаганды, абапіраючыся на вопыт часоў Савецкага Саюза.
Аднак, разумеючы, што наша аўдыторыя разнастайная — і прадстаўнікі пакалення, якое вырасла ў СССР, і маладыя людзі з абсалютна новымі поглядамі на жыццё, карэспандэнт «Звязды» вырашыла спытаць ва ўрача пра адрозненні мыслення ў розных пакаленняў з медыцынскага пункту гледжання.
— Доктар Гумен, на ваш погляд, ці атрымалі мы ў спадчыну ад Савецкага Саюза тып мыслення? У маладога пакалення, як я, напрыклад, свае звычкі, погляды па многіх пытаннях...
— Спачатку хачу адзначыць, што Беларусь сёння — не Савецкі Саюз. Пра гэта сведчыць адзін важны факт: беларусы ў адрозненне ад Савецкага Саюза імкнуцца спачатку ўдасканальваць сябе і паляпшаць сваю краіну, перш чым кудысьці ісці і прасоўваць сваю ідэалогію. Менавіта таму да нас іншыя дзяржавы самі звяртаюцца для наладжвання адносін у эканоміцы і любых іншых сферах.
У нашай краіне, хачу нагадаць, дзейнічае аднабаковы бязвізавы рэжым для амаль усіх краін Еўропы. У Беларусь за мінулы год здзейснена 7,4 мільёна паездак. Вось вам і лічбы...
З часоў Савецкага Саюза ў Беларусі захавалася добрая сістэма кіраўніцтва. Большасць людзей, якія займаюць кіруючыя пасады, — людзі, якія хадзілі ў звычайны дзіцячы садок, вучыліся разам з усімі ў адной школе, жылі ў суседніх кватэрах і менавіта сваёй працай вылучыліся. Яны разумеюць свой народ і ведаюць, як, умоўна кажучы, закручваецца гайка. У гэтым наша перавага.
Хоць цяпер сапраўды мяняецца пакаленне. І яно ўжо разважае па-новаму. Тое, як думаюць вашы бабулі і дзядулі, я называю «рэтра-мысленнем». Калі мы будзем думаць гэтаксама, як і нашы папярэднікі, грамадства перастане развівацца, а разам з тым і краіна.
— Але пытанне нумар адзін: ці павінны мы быць падобнымі на нашых продкаў, або яны — на нас?
— Вядома, апошняе. Вяртацца назад — справа, якая тармозіць працэс. Хоць папярэдняе пакаленне заўсёды імкнецца наступнае падагнаць пад сябе, але не таму, што так правільна, а таму, што так зручней.
Я як урач магу запэўніць: прасцей сказаць: «Я так раблю, таму што так рабіў мой дзед», чым прыдумаць штосьці сваё. Мозгу для стварэння ўнікальных рэчаў трэба расходаваць энергію, ствараць новыя нервовыя сувязі. Мы ўжо гаварылі, што цэнтральны орган нервовай сістэмы энергазахавальны.
У сувязі з гэтым вылучаецца два тыпы мыслення: хуткае і павольнае. Першае амаль не патрабуе разумовай энергіі і валявога кантролю. Другое ў сваю чаргу ўключаецца для вырашэння складаных задач і патрабуе канцэнтрацыі ўвагі, намаганняў і расходу кагнітыўнай энергіі. Акрамя таго, існуе прынцып, зыходзячы з якога, калі ў мозг дзіцяці ўкараняць няправільную або састарэлую інфармацыю, яе ў выніку мы і атрымаем.
Старамоднымі называюць не толькі тых людзей, якія апранаюцца адрозна ад таго, што мы ў большасці сваёй прывыклі бачыць, але і тых, хто мысленнем не можа адаптавацца да сучаснасці. Паколькі я разбіраюся ў рабоце мозгу, ужо прасачыў такую заканамернасць: калі чалавек не можа прапанаваць нешта новае, ён заўсёды спрабуе вярнуцца назад. І, як вынік, топчацца на адным месцы.
— А ці існуе свабоднае мысленне?
— Залежыць ад эвалюцыі мозгу чалавека. Рашэнне, якое, здаецца, прымаецца асабіста намі, насамрэч такім не з’яўляецца. Дакладней, яно залежыць ад мноства фактараў. Напрыклад, якую салату выбраць на абед у сталовай, нам падказвае арганізм. Калі ўзровень цукру нізкі, возьмем найбольш каларыйны варыянт. Калі высокі, возьмем штосьці лёгкае.
Ад таго, ці будзем трэніраваць мозг і якой колькасцю інфармацыі валодаць, залежыць, ці зможам апярэджваць інстынкты і тое, што робіць эвалюцыя ў нашым галаўным мозгу. Чым больш опцый у нашай галаве, тым вышэй верагоднасць, што мы абяром для сябе найлепшы варыянт. Пры гэтым чалавек усё роўна можа памыліцца.
Пакуль што ў нашым мозгу тармазныя сістэмы вельмі дрэнна працуюць. Гэта адзін з недахопаў або кагнітыўных скажэнняў. Мы ведаем, што цыгарэты — зло, але многія кураць. Мы ведаем, што красці дрэнна, але некаторых гэта не спыняе.
І такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат. Свабода мыслення пачынаецца з дзяцінства. Вядома, калі мы дзіця вучым, што за яго ўжо ўсё прыдумана, мозг у далейшым будзе вельмі складана навучыць, і крэатыву ад гэтага чалавека чакаць асабліва не варта. Педагогі сёння нават рэкамендуюць даваць магчымасць выбару дзіцяці, каб у маленькага чалавека з’яўлялася разуменне, што думаць трэба самому, а не шаблонна. А калі выбару няма, у такім грамадстве даволі проста стварыць рэвалюцыю, таму што любая інфармацыя ўспрымаецца за чыстую манету.
У некаторых краінах людзі дзеляцца на «сваіх» і «не сваіх», згодна з прыналежнасцю да палітычнай партыі, напрыклад. Зыходзячы з гэтага, вырашаецца лёс чалавека, яго кар’ера. Хоць на самай справе, напрыклад, навукоўцы, якія працуюць у NASA, маюць кожны свой тып мыслення, рэлігію, звычаі, колер скуры. Умовы працы вызначае выключна кантракт, а не ідэі, якімі людзі кіруюцца. Самае галоўнае — якую карысць прынясуць гэтыя супрацоўнікі. Падзяляючы людзей на «сваіх» і «чужых» па тыпе мыслення, мы пазбаўляемся велізарнай колькасці таленавітых людзей.
— А якая роля папярэдняга пакалення і яго мыслення для нас сёння?
— Усё, што мы маем цяпер, створана рукамі папярэдняга пакалення. Яны — трывалая аснова, ад якой цяперашняе пакаленне можа ўпэўнена адштурхнуцца на шляху да новых этапаў развіцця. Калі грамадства затармазілася ў развіцці і не можа стварыць нічога новага, трэба, на маю думку, не перашкаджаць развівацца новаму пакаленню.
— Як вы лічыце, як новаму пакаленню варта адносіцца да тэорый і меркаванняў, якія ўзніклі пэўны час таму?
— Хачу прывесці прыклад, абапіраючыся на сваю дзейнасць. Калі б мяне спыталі: «Чаму ваш пацыент не папраўляецца?», я не стаў бы адказваць: «Я лячу так, як сказаў вялікі Гіпакрат». Калі жыў Гіпакрат?
Знаходзячыся на дадзеным этапе развіцця, калі тэхналогіі ступілі далёка наперад, мы гэта ўлічваем.
Вопыт з мінулага, які з’яўляецца класікай, вядома, застаецца. Многія даўнія адкрыцці з’яўляюцца базай для нас, каб ад гэтага адштурхоўвацца і рабіць новыя высновы, больш удасканаленыя. Таму ведаць, што было раней, заўсёды трэба. Як мінімум, каб не прыдумляць нанова веласіпед, што ўжо існуе.
— Існуе меркаванне, што да старэйшага пакалення трэба прыслухоўвацца...
— Паважаць абавязкова. А наконт мыслення... Атрыманую інфармацыю лепш заўсёды фільтраваць.
Што датычыцца сварак і непаразуменняў, якія здараюцца не толькі паміж моладдзю і старэйшым пакаленнем, — яны часта не маюць пад сабой сур’ёзнай прычыны, але зацягваюцца надоўга...
Я як урач тлумачу гэта існаваннем амігдалы — структуры лімфавай сістэмы мозгу, якая адказвае за распазнаванне пагрозы, фарміраванне рэакцыі страху і запуск ахоўных рэакцый.
Амігдала не падзяляе рэальную небяспеку (напрыклад, нападзенне драпежніка) і сацыяльную (крытыку або крык). Яна спрацоўвае за долі секунды, яшчэ да таго, як вы паспяваеце ўсвядоміць сутнасць прэтэнзіі суразмоўцы.
Рэзкія словы, тон або папрокі могуць счытвацца як прамая небяспека і запускаць рэакцыю выжывання. Пры гэтым эмоцыі цалкам выцясняюць логіку і самакантроль.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ