Ва Урыцкай сярэдняй школе Гомельскага раёна шукаюць спосабы, як зацікавіць школьнікаў гісторыяй і па-новаму ўбачыць падзеі мінулага.
Мясцовыя педагогі і вучні прапануюць ў цікавым фармаце дапоўніць навучальны матэрыял інтэрактыўнымі картамі, архіўнымі фотаздымкамі і дакументамі, а ваенную тэхніку прадставіць у трохмерных мадэлях. Лічбавы рэсурс, прысвечаны легендарнай аперацыі «Баграціён», стварылі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ягор Цітоў і вучаніца Анастасія Цітавец. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці «Патрыёт. BY» іх работа заняла першае месца і цяпер будзе прадстаўлена ў рэспубліканскім фінале.
Штучны інтэлект у дапамогу
Праект Урыцкай сярэдняй школы прымеркаваны да 82-й гадавіны вызвалення Беларусі і ў храналагічным парадку перадае ход стратэгічнай наступальнай аперацыі, якая працягвалася з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года, калі савецкія войскі канчаткова вызвалілі тэрыторыю Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Фактычна з дапамогай сучасных тэхналогій мы стварылі лічбавы даведнік з максімальна разгорнутай інфармацыяй пра легендарную вызваленчую аперацыю, — расказвае Ягор Цітоў.

Сайт праводзіць карыстальніка праз ход ваенных дзеянняў і дэталёва паказвае супрацьстаянне Чырвонай Арміі і нямецкай групы армій «Цэнтр». Чым далей пераходзіш ад раздзела да раздзела, тым больш падрабязнасцяў даведваешся пра канкрэтныя этапы аперацыі.
— Мы стварылі некалькі віртуальных карт, якія адлюстроўваюць перамяшчэнне войск і ход наступлення па днях і месяцах. Акрамя таго, распрацавалі лічбавы музей ваеннай тэхнікі. Гэта не проста выявы, а трохмерныя мадэлі, якія можна разглядаць з розных бакоў, — дадае педагог.
Ад ідэі да рэалізацыі
Важная магчымасць сайта — інтэрактыўны памочнік. Гэта, як удакладняе навуковы кіраўнік, не звычайны чат-бот з загадзя падрыхтаванымі адказамі, а нейрасетка, навучаная на матэрыялах пра Другую сусветную вайну. Карыстальнік можа задаць ёй пытанне і атрымаць разгорнуты адказ.
Над лічбавым рэсурсам Ягор Цітоў і 11-класніца Анастасія Цітавец працавалі цалкам самастойна. Навуковы кіраўнік адказваў за праграмаванне і, дарэчы, пры стварэнні сайта не выкарыстоўваў гатовых шаблонаў ці старонніх «рухавікоў». Анастасія займалася вывучэннем тэмы, пошукам інфармацыі і падрыхтоўкай матэрыялаў.

— Спачатку прыдумалі ідэю, сабралі інфармацыю, статыстычныя звесткі, архіўныя фотаздымкі і дакументы, прадумалі структуру раздзелаў, каб карыстальніку было зразумела, што, дзе і ў якой паслядоўнасці знаходзіцца. Затым пачалося ўласна праграмаванне. Трэба было падабраць колеры і шрыфты, распрацаваць агульны візуальны стыль, каб усе элементы «сябравалі» паміж сабой. Мы стварылі таксама ўласныя выявы, бо не хацелася выкарыстоўваць чужыя аўтарскія матэрыялы, — узгадваюць Ягор Аляксандравіч і Анастасія.
Вучаніца паспяхова абараніла праект на конкурсе — не разгубілася і адказала на ўсе пытанні журы. Падчас прэзентацыі праекта дзяўчына дасканала расказала, як працуе рэсурс, як былі створаны тэматычныя блокі і рэалізаваны яго інтэрактыўныя функцыі.
— І гэта было вельмі важна, бо журы найперш цікавіў тэхнічны бок работы, — гаворыць Анастасія.

Пры падрыхтоўцы рэсурсу аўтары асабліва грунтоўна працавалі з гістарычнымі крыніцамі.
— Звярталіся да розных архіваў, правераных рэсурсаў, у тым ліку да матэрыялаў электроннай бібліятэкі. Пасля супастаўлялі звесткі і ўказвалі выкарыстаныя крыніцы, — тлумачыць Ягор Цітоў. — Мая задача як навуковага кіраўніка — навучыць працаваць з крыніцамі, растлумачыць вучню, што ўсё неабходна пераправяраць, асабліва калі гаворка ідзе пра гістарычныя падзеі. Інтэрактыўны памочнік на сайце дазваляе хутчэй знаходзіць і сістэматызаваць інфармацыю, але трэба ўмець ацэньваць яе крытычна. Важна, што наш рэсурс разлічаны ў тым ліку і для выкарыстання на ўроках гісторыі. Ён мае як камп’ютарную, так і мабільную версіі. На мой погляд, гэта дапамагае школьнікам адначасова вывучаць ваенную гісторыю і атрымліваць практычныя навыкі працы з сучаснымі тэхналогіямі.
Дарэчы, у конкурсе «Патрыёт. BY» каманда Урыцкай сярэдняй школы з уласнай лічбавай распрацоўкай удзельнічала летась і таксама была вылучана як адна з найлепшых. Ягор Цітоў і вучаніца Ангеліна Прадзеіна стварылі сайт «Першая сусветная на землях Беларусі». Іх праект дапамог Гомельскай вобласці заняць другое каманднае месца ў рэспубліканскім фінале, а сама работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Галоўнае — зацікавіць
— Сучасных дзяцей цяжка зацікавіць вывучэннем гісторыі, асабліва калі перад імі вялікія аб’ёмы тэксту. Ім хочацца больш яркай, візуальна выразнай інфармацыі, каб націснуў, паглядзеў, вывучыў... Таму мы пастараліся падаць матэрыял так, каб яго хацелася разглядаць, — кажа Ягор Цітоў.
Як падзяліўся кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, работа над такімі дастаткова складанымі лічбавымі праектамі дае магчымасць асвойваць новыя кампетэнцыі, расці і вучням, і педагогам. Сёння Ягор Аляксандравіч натхняе вучняў займацца лічбавымі ваенна-патрыятычнымі праектамі, ён вельмі рады, што працуе ў Гомельскім раёне і менавіта ва Урыцкай сярэдняй школе.

— Сам я з Гомеля. Вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на геаграфічным факультэце. У 2019 годзе па размеркаванні прыйшоў працаваць ва Урыцкую сярэднюю школу. Спачатку быў педагогам-арганізатарам, затым год служыў у арміі, пасля вярнуўся і ўжо другі год як я з’яўляюся кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. За гэты год нашы навыкі працы з лічбавымі інструментамі значна пашырыліся, працаваць над праектам для конкурсу было яшчэ цікавей.
Сёння ў школе ёсць ужо тры лічбавыя музейныя рэсурсы: пра Першую сусветную вайну, пра вайну ў Афганістане і пра аперацыю «Баграціён».
— У будучым хацелася б распрацаваць падобны лічбавы праект пра вайну 1812 года і яе ход на тэрыторыі Беларусі, — дзеліцца планамі Ягор Цітоў. — Увогуле лічу, што для школьнікаў удзел у такіх праектах — добрая магчымасць паспрабаваць сябе ў розных кірунках дзейнасці, а таксама навучыцца выкарыстоўваць сучасныя лічбавыя тэхналогіі як інструмент, які дапамагае ўвасабляць у жыццё важныя і карысныя ідэі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота з архіва герояў публікацыі