Top.Mail.Ru

«Еўропа — наш дом. І мы гэтыя праблемы павінны вырашыць самі, каб навесці парадак»

17.11.2026 | 12:55

Прэзідэнт Беларусі даў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point


У аўторак Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю грамадска-палітычнаму часопісу Le Point. У якасці інтэрв’юера выступіла карэспандэнт часопіса, пісьменніца Ан Ніва, дачка французскага славіста і перакладчыка Жоржа Ніва, які доўгія гады займаўся папулярызацыяй і даследаваннем рускай літаратуры. У ходзе размовы, якая доўжылася прыблізна паўтары гадзіны, беларускі лідар адказаў на пытанні аб канфлікце ва Украіне, перспектывах яго ўрэгулявання, фарміравання новай структуры бяспекі ў Еўропе, аб ходзе перагаворнага працэсу і пазіцыях бакоў. Размова таксама ішла аб гуманітарнай місіі, якую выконвае Беларусь. Яшчэ адна тэма інтэрв’ю — унутрыпалітычная абстаноўка ў Беларусі, адносіны з краінамі Еўрасаюза і санкцыйная палітыка, якая праводзіцца імі. 

«Гэта прагрэс для будучыні Еўропы»

Адной з тэм інтэрв’ю стаў канфлікт ва Украіне і перспектывы яго ўрэгулявання. Журналіст пацікавілася меркаваннем кіраўніка дзяржавы, ці неабходна прадстаўнікам краін Еўропы знаходзіцца за сталом перагавораў. Аляксандр Лукашэнка станоўча паставіўся да іх удзелу ў гэтым працэсе, адзначыўшы, аднак, што перагаворы вярнуліся да пачатковага этапу ў тым ліку па віне еўрапейскага боку.



«Гэта першы крок. Вы, менавіта вы (кіраўніцтва краін Еўропы. — „Зв.“) і Украіна, вінаватыя ў тым, што фактычна перакрэсленыя ўсе перагаворныя раўнды і пазіцыі, якія былі да гэтага. Зноў пачалі па-новаму разглядаць гэта — старыя пытанні па-новаму. Таму зноў трэба прыцірацца, зноў трэба рабіць першыя крокі. Няхай будуць гэтыя першыя крокі ў выглядзе гуманітарных нейкіх акцый, абмену загінулымі і абмену палоннымі — трэба далей, далей ісці, — перакананы беларускі лідар. — І добра, што еўрапейцы ўдзельнічаюць у гэтых перагаворах». 

Раней у Абу-Дабі адбыўся раўнд перагавораў паміж дэлегацыямі Расіі, Украіны і ЗША. «Еўрапейцы ў курсе гэтых перагавораў. Таму тое, што еўрапейцы прымаюць удзел, — гэта вельмі важна. Расія ж наогул не была схільная да таго, каб еўрапейцы прымалі ўдзел. Цяпер пагадзілася? Пагадзілася. Бачыце, ёсць рух, і перагаворны працэс на гэтым заснаваны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Першага раўнда мала. Другі раўнд і ўдзел еўрапейцаў — гэта прагрэс. І не толькі ў тым, каб спыніць незразумела якую вайну вас (Еўропы. — „Зв.“) з Расіяй. Але гэта прагрэс для будучыні Еўропы. У гэтых адносінах трэба рухацца».

«Калі вы хочаце выключыць са структуры будучай бяспекі Расію, гэта ні да чаго не прывядзе»

Яшчэ адно пытанне, якое было адрасаванае беларускаму лідару, — чаму, на яго думку, Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу дагэтуль, нягледзячы на намаганні, не ўдалося вырашыць канфлікт паміж Расіяй і Украінай.



«Гэта складанае пытанне, і не ўсё залежыць ад Трампа, па-першае. А па-другое, павінен сказаць, што амерыканскі бок думаў, што гэта пытанне можна вырашыць наскокам і мімаходзь. Гэта не памылка. Гэта недаацэнка сітуацыі. Цяпер яны больш гэта разумеюць, чым раней, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Але ў амерыканцаў, вы ж разумееце, куча праблем, якія трэба вырашаць, і якія яны паспяхова ствараюць самі для сябе». 


Як падкрэсліў Прэзідэнт, пытанні выбудоўвання новай архітэктуры бяспекі на еўрапейскім кантыненце павінны перш за ўсё вырашацца ўнутры самой Еўропы. І гэтая структура немагчымая без удзелу Расіі. «Ну што вы ўсё: Амерыка, Амерыка, і я, і вы, і Трамп... Еўропа — наш дом. І мы гэтыя праблемы павінны вырашыць самі, каб навесці парадак, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — А потым ужо амерыканцы і хтосьці іншыя. Гэта пазіцыя вашага Прэзідэнта (гаворка — пра Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. — „Зв.“), калі вы пра яе не ведаеце. Мы павінны разабрацца ў сваім доме. Калі хтосьці нам дапамагае ў гэтым — дзякуй. Мы будзем прымаць такую дапамогу і падтрымку». 

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на неабходнасць удзелу Расіі ў выбудоўванні архітэктуры бяспекі ў Еўропы. «Не забывайце, што ў гэтым доме ў нас велізарная Расія. І калі вы хочаце выключыць са структуры будучай бяспекі Расію, гэта ні да чаго не прывядзе», — канстатаваў беларускі лідар. 



«Час ідзе. Свет змяніўся. Ну, значыць, і нам трэба адпавядаць часу. Трэба памяняць структуру? Добра, давайце дамовімся. Вось адзін бок хоча памяняць, а іншы не хоча. А ў выніку перагавораў мы, можа, зразумеем, што дзесьці трэба штосьці даналадзіць, нешта памяняць. Не трэба з парога ўсё гэта адмаўляць, што нельга мяняць. Так у палітыцы, дыпламатыі не бывае», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

Падрабязнасці інтэрв’ю французскаму выданню — у адным з бліжэйшых нумароў «Звязды». 

Грамадска-палітычны штотыднёвы часопіс Le Point заснаваны ў 1972 годзе. Яго тыраж складае каля 280 тысяч асобнікаў. Інтэрнэт-рэсурсы і мабільны дадатак часопіса наведваюць каля 7,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў у месяц. Мэтавая аўдыторыя Le Point — палітычныя і бізнес-колы, якія валодаюць важкім патэнцыялам для фарміравання дзяржаўнага парадку дня і прыняцця стратэгічных рашэнняў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю