Top.Mail.Ru
0

Сучасныя сховішчы забяспечваюць харчовую ўстойлівасць і павышаюць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі

Біз­нес за­се­каў

Сельская гаспадарка — сезонная галіна па азначэнні, што ўносіць свае асаблівасці ў аграрную эканоміку, але не з'яўляецца непераадольнай праблемай. Рытмічнасць аб'ёмаў паставак на рынкі збыту можна забяспечыць за кошт сховішчаў, што дае магчымасць рэалізоўваць прадукцыю ў перыяды найбольш спрыяльнай кан'юнктуры з пункту гледжання попыту і цаны. Эканоміка ўскладняецца, але становіцца больш устойлівай і эфектыўнай. Захоўванне, фактычна, ужо стала адным з тэхналагічных перадзелаў, які забяспечваецца высокаэфектыўнымі сучаснымі аб'ектамі. Якой сёння складваецца эканоміка захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі? Наколькі такі від дзейнасці з'яўляецца перспектыўным у нашых эканамічных рэаліях? Пра гэта пагаварылі з начальнікам упраўлення актыўных банкаўскіх аперацый Банка развіцця Алай КУЗНЯЦОВАЙ.

— Якая сітуацыя ў сегменце захоўвання агародніны і як яна суадносіцца з задачамі харчовай бяспекі і павышэння эфектыўнасці галіны?

— Развіццё сегмента захоўвання вызначана кіраўніком дзяржавы як адзін з прыярытэтаў аграрнай палітыкі. Задача, пастаўленая Прэзідэнтам, зводзіцца да трох узаемазвязаных патрабаванняў: гарантаваць поўнае самазабеспячэнне пладовай прадукцыяй уласнай вытворчасці, стварыць для гэтага неабходную складскую інфраструктуру і нарасціць аб’ёмы паставак на экспарт.

Выкананне задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы, патрабуе не проста пакрыцця дэфіцыту, але і стварэння запасу трываласці праз нарошчванне магутнасцяў працяглага захоўвання. Да 2030 года ў Беларусі плануецца павялічыць аб’ём вытворчасці пладоў і ягад да 265 тысяч тон. Таксама да згаданай даты запланавана пабудаваць і мадэрнізаваць сховішчы агульнай ёмістасцю 133 тысячы тон, што дазволіць закладваць на міжсезонне больш за 50 % вырашчанага ўраджаю.

Гэта дасць магчымасць не толькі забяспечыць поўны спажывецкі кошык унутры краіны, але і сфарміраваць салідны экспартны патэнцыял.

— Якая эканоміка захоўвання? Якія інструменты падтрымкі прымяняюцца? Наколькі акупляюцца аб’екты?

— Захоўванне — не проста «склад», гэта высокатэхналагічны працэс. Сучасныя аб’екты з рэгуляваным газавым асяроддзем дазваляюць павялічыць тэрміны захоўвання без страты якасці да 8-12 месяцаў. Эканоміка такіх праектаў грунтуецца на зніжэнні страт ураджаю і магчымасці рэалізоўваць прадукцыю ў міжсезонне па больш выгадных цэнах. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі з улікам затрат на захоўванне можа дасягаць 20 %.

Што датычыцца акупнасці, то тэрміны напрамую залежаць ад тыпу аб’екта і рэгіёна.

Для стварэння такіх аб’ектаў Банк развіцця выкарыстоўвае шырокі спектр інструментаў. Напрыклад, з 2025 года мы запусцілі конкурсныя адборы інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве і мадэрнізацыі пладасховішчаў. Пераможцам такіх конкурсаў даступныя крэдыты Банка развіцця і аказанне дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе бюджэтных трансфертаў на кампенсацыю часткі панесеных затрат на рэалізацыю праекта.

  • Фінансаванне даецца на суму не больш за 100 % ад кошту капітальных затрат з ПДВ па праекце. Тэрмін крэдытавання — не больш як 15 гадоў, а гадавая працэнтная стаўка — на ўзроўні стаўкі рэфінансавання Нацбанка. Пры гэтым ініцыятарам праектаў даступная адтэрміноўка пагашэння асноўнага доўгу — не пазней за адзін год пасля ўводу пладасховішча ў эксплуатацыю. Прадугледжана таксама растэрміноўка па выплаце працэнтаў: у памеры 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацбанка на тэрмін да выхаду на праектныя магутнасці, але не пазней за адзін год пасля ўводу пладасховішча ў эксплуатацыю.

Па выніках двух завершаных конкурсных адбораў было падтрымана сем праектаў у трох рэгіёнах Беларусі агульнай магутнасцю аднаразовага захоўвання 13,5 тысячы тон, на стварэнне якіх будзе накіравана 55 мільёнаў рублёў. Пераможца першага такога конкурсу — ТАА «АРНІКА-Агра» — паспеў ужо рэалізаваць інвестпраект і стварыць паблізу Магілёва сучаснае пладасховішча. Менавіта тут інавацыі сустракаюцца з важнай дзяржаўнай задачай — забяспечваць беларусаў свежай айчыннай агароднінай і садавіной круглы год.

Увод першых чатырох абноўленых камер агульнай умяшчальнасцю 1000 тон адбыўся ў кастрычніку 2026 года. Апроч відавочнага эканамічнага эфекту праект мае высокую сацыяльную значнасць. ТАА «АРНІКА-Агра» традыцыйна ўваходзіць у пералік суб’ектаў, якія фарміруюць дзяржаўныя стабілізацыйныя фонды. Запуск інавацыйных магутнасцяў гарантуе бесперабойныя пастаўкі свежай айчыннай садавіны ў гандлёвыя сеткі, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і ва ўстановы сацыяльнай сферы на працягу ўсяго міжсезоння, што садзейнічае стрымліванню і стабілізацыі цэн на прадукты харчавання.

Пад яблыневыя сады ў ТАА «АРНІКА-Агра» адведзена звыш 200 гектараў, а ўраджайнасць дасягае ўражальных 80 тон з гектара. Для эфектыўнага збору пладоў на прадпрыемстве прымяняюцца аўтаматызаваныя платформы, якія дазваляюць работнікам збіраць да дзвюх з паловай тоны яблыкаў за дзень. Аднак вырасціць і сабраць багаты ўраджай — толькі палова справы. Раней пры стандартным ахаладжэнні яблыкі захоўвалі свае ўласцівасці не больш за месяц, а выкарыстанне традыцыйных халадзільных камер з тэмпературай ад 0 да +5 °C і высокай вільготнасцю дазваляла падаўжаць гэты тэрмін максімум да красавіка.

Тэхналагічнае рашэнне, рэалізаванае пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця, кардынальна мяняе падыход да захоўвання садавіны. За масіўнымі герметычнымі дзвярыма новага пладасховішча ўраджай апускаюць у біяхімічны анабіёз. У мадэрнізаваных ізаляваных памяшканнях устаноўлена спецыяльнае абсталяванне для кантролю і рэгулявання газавага складу паветра. Унутры герметычнай камеры канцэнтрацыя кіслароду штучна зніжаецца да 1-3 %, а ўтрыманне вуглякіслага газу павялічваецца да 5 %. У спалучэнні з пяціметровай вышынёй складзіравання ў спецкантэйнеры ў пяць-шэсць ярусаў і строгім кантролем вільготнасці на ўзроўні 90-95 % у сховішчы ствараюцца ўнікальныя ўмовы: абменныя працэсы ў пладах шматразова запавольваюцца, спыняецца актыўная выпрацоўка этылену, і яблыкі літаральна «засынаюць». У такім стане садавіна цалкам захоўвае свой сакавіты смак, хруст і вітамінавы склад на працягу 

12 месяцаў — да наступнага збору ўраджаю.

«АРНІКА-Агра» не мае намеру спыняцца на дасягнутым: у планах на 2027 год намечана пераабсталяванне сістэмай рэгуляванага газавага асяроддзя яшчэ чатырох камер, а на 2028-ы — наступнай чацвёркі. Паэтапнае пашырэнне магутнасцяў дасць магчымасць значна нарасціць аб’ёмы працяглага захоўвання садавіны і замацаваць пазіцыі беларускага вытворцы на ўнутраным рынку.

Чарговы конкурсны адбор інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве і мадэрнізацыі пладасховішчаў праходзіць і цяпер. Прыём конкурсных прапаноў завершыцца 15 снежня бягучага года.

— Ці запатрабаваныя паслугі адказнага захоўвання і ці акупляюцца яны пры рыначных умовах?

— Попыт пацвярджаецца інфраструктурай: у сістэме стабфондаў задзейнічана 205 сховішчаў і 265 халадзільных камер, атэстацыя працягваецца. Паслуга акупляецца, паколькі аграрыі зацікаўленыя ў продажы прадукцыі ў міжсезонне, а не адразу пасля збору ўраджаю.

Банк развіцця фінансуе не толькі захоўванне, але і сумежную інфраструктуру ў рамках інвестыцыйнага крэдытавання, напрыклад, цяпліцы, што павялічвае ўстойлівасць усяго ланцужка паставак і робіць сегмент прывабным для інвестыцый. Адзін з нядаўна завершаных такіх праектаў — узвядзенне энергазберагальных цяпліц — рэалізаваны з фінансаваннем Банка развіцця ў агракамбінаце «Ждановічы». Новы цяплічны комплекс займае плошчу 7,2 гектара і пабудаваны паблізу вёскі Табары Мінскага раёна. Рэалізацыя праекта накіравана на імпартазамяшчэнне і павышэнне збалансаванасці попыту і прапановы на айчынную плодаагароднінную прадукцыю ў міжсезонны перыяд.

У склад сельскагаспадарчага комплексу 

ўваходзяць тры агароднінныя цяпліцы, расадна-агародніннае і ірыгацыйнае аддзяленні, злучальныя калідоры, а таксама неабходная інжынерная і транспартная інфраструктура.

Комплекс дазволіць нарасціць вытворчасць таматаў да 4,6 тысячы тон штогод. Для іх вырошчвання тут прадугледжана прымяненне сучасных тэхналагічных рашэнняў: сістэмы кропельнага паліву з паўторным выкарыстаннем дрэнажу пажыўнага раствору, выпарныя ахаладжэнне і даўвільгатненне паветра, падкормкі раслін вуглякіслым газам і асіміляцыйнае асвятленне. Выкарыстанне гэтых тэхналогій стварае ўмовы для круглагадовага вырошчвання агародніннай прадукцыі і рацыянальнага расходавання рэсурсаў.

— Наколькі неабходна ўдасканальваць планаванне і прагназаванне спажывання ў міжсезонне?

— Банк развіцця як фінансавы інстытут непасрэдна не займаецца прагназаваннем ураджаю, але мы актыўна ўдзельнічаем у ланцужку стварэння кошту. Мы лічым, што неабходна ствараць сучасныя магутнасці для працяглага захоўвання, каб пераносіць лішкі на наступны перыяд, і стымуляваць экспарт лішкаў у суседнія рэгіёны. Банк развіцця гатовы і ў далейшым фінансаваць праекты, якія павышаюць гнуткасць і ўстойлівасць аграпрамысловага комплексу.

У тэму

Закладка ў стабфонды завершана

Аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам забяспечана стапрацэнтная закладка плодаагародніннай прадукцыі ў стабілізацыйныя фонды ў адпаведнасці з устаноўленымі аб’ёмамі дзяржаўнага заказу. 

Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік аддзела спажывецкага рынку ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Наталля ЧАРАПОВІЧ.

Да яблыкаў і «баршчовага набору» — агуркі і памідоры

«На гэты момант у нас ужо стапрацэнтная гатоўнасць. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў № 399 устаноўлены аб’ёмы плодаагародніннай прадукцыі, якая пастаўляецца ў рамках дзяржаўнага заказу. На міжсезонны перыяд 2026–2027 гадоў у дачыненні да „баршчовага набору“ і яблыкаў гэты аб’ём склаў 149,9 тысячы тон, ці 95 % да ўзроўню аб’ёмаў мінулага міжсезоннага перыяду», — сказала Наталля Чараповіч.

Бульбы ў стабфонды закладзена 59,6 тысячы тон, капусты белакачаннай — 22,6 тысячы тон, буракоў — 10 тысяч тон, морквы — 15,6 тысячы тон, цыбулі рэпчатай — 15,2 тысячы тон, яблыкаў — 27 тысяч тон. «У цэлым аб’ёмы суадносныя з узроўнем мінулага года, чагосьці заклалі больш, чагосьці менш. Яблыкаў заклалі 103 % да ўзроўню мінулага года», — адзначыла прадстаўнік МАРГ.

У рамках дзяржзаказу ў пералік плодаагародніннай прадукцыі, якая закладваецца ў стабфонды, упершыню дабаўлены агуркі і памідоры. «Летась у нас назіралася разбалансіроўка попыту і прапановы па гэтай прадукцыі. Каб пазбегнуць такіх сітуацый у будучым, было прынята рашэнне аб уключэнні агуркоў і таматаў у дзяржаўны заказ. Гэта мера накіравана на гарантаванае забеспячэнне насельніцтва гэтай прадукцыяй у міжсезонны перыяд. Мяркуецца паставіць 9533 тоны агуркоў даўгаплодных, сярэдняплодных, таматаў чырвоных, за выключэннем вішнепадобных, кактэйльных і таматаў на галінцы — 6050 тон. Гэта звязана з ураджайнасцю гэтай прадукцыі, з масавымі сартамі, якія вырошчваюцца цяплічнымі гаспадаркамі», — адзначыла Наталля Чараповіч.

Цэны не павінны перавышаць...

На плодаагароднінную прадукцыю ў рамках дзяржзаказу ўстаноўлены гранічныя максімальныя рознічныя цэны: на агуркі — 9,16 рубля за 1 кг, на таматы — 10,36 рубля, на бульбу — 1,11 рубля, буракі — 1,23 рубля, моркву — 1,41 рубля, капусту — 1,7 рубля, цыбулю — 1,77 рубля, а таксама на яблыкі свежыя.

На міжсезонны перыяд зніжаны гранічныя рознічныя цэны на свежыя яблыкі — яны не могуць перавышаць 3,71 рубля за 1 кг (раней 4,8 рубля за 1 кг). «З прычыны высокага ўраджаю яблыкаў 2026 года, асабліва калі параўноўваць з узроўнем мінулага года, у тым ліку і ў прыватных падворках, цяпер назіраецца залішняе прапанаванне гэтай прадукцыі. У сувязі з гэтым і былі зніжаны гранічныя максімальныя рознічныя цэны на яблыкі за кілаграм прадукцыі. Калі кан’юнктура рынку будзе складвацца такім чынам, што спатрэбіцца яшчэ зніжэнне, вядома, будуць уносіцца адпаведныя прапановы», — пракаменціравала прадстаўнік МАРГ.

Гутарыў Уладзімір ВАЛЧКОЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю