Анжаліка АНІПЧАНКА з горада Іванава Брэсцкай вобласці выхоўвае шасцярых дачок. За нараджэнне і выхаванне дзяцей яна атрымала ордэн Маці. Гэта ўзнагарода стала важнай падзеяй для ўсёй вялікай сям’і.
— Для мяне атрыманне ордэна Маці — вельмі вялікі гонар. Калі даведалася пра ўзнагароджанне ім, адчула радасць, хваляванне і велізарную ўдзячнасць. Гэта асаблівае прызнанне не толькі майго мацярынства, але і ўсёй нашай сям’і, — лічыць Анжаліка.
«Жаночы батальён»
Толькі ўявіце — шэсць дзяўчынак!.. Старэйшай Аляксандры — 16 гадоў, Анастасіі — 11, Іванне — 7, Арыне — 5, Васілісе —
2,5 года, а самай малодшай Анжаліцы — усяго паўгода. Кожная з іх мае свае інтарэсы і захапленні. Аляксандра, напрыклад, пасля дзявятага класа паступіла ў Гродзенскі каледж эканомікі і кіравання. Анастасія вучыцца ў пятым класе і займаецца спевамі. Іванна ходзіць у другі клас, іграе на баяне і спявае ў хоры. Ужо праяўляюць розныя таленты і астатнія малыя.
Адно з захапленняў, якое аб’ядноўвае ўсіх сястрычак, — маляванне. Анжаліка Сяргееўна працуе візажыстам, таму, як яна мяркуе, цікавасць да творчасці і ўменне маляваць перадаліся і дзецям.
— Нярэдка мы збіраемся за круглым сталом, каб паказаць свае малюнкі. Абмяркоўваем работы кожнага дзіцяці, дзівімся здольнасцям, дзелімся ўражаннямі і падтрымліваем усіх у гэтым захапленні.
Дарэчы, прафесія візажыста з’явілася ў жыцці Анжалікі не адразу. Раней яна і не планавала гэтым займацца. Аднойчы знаёмыя папрасілі яе зрабіць макіяж, а пасля станоўча ацанілі вынік і параілі развівацца ў гэтым кірунку. Так хобі паступова ператварылася ў прафесію.
— Спачатку я проста фарбавала мам, бабуль, усіх, каго прыводзілі да мяне. Так вучылася і набіралася вопыту. Потым скончыла курсы візажыста і зразумела, што гэта сапраўды маё. Займаюся гэтай справай ужо каля пяці гадоў, і мне вельмі падабаецца мая прафесія. Нават падчас дэкрэтнага водпуску працягваю працаваць: раблю макіяж і прычоскі, — дзеліцца жанчына.
Рэальная і важная дапамога
Вялікую ролю ў жыцці гэтай сям’і адыгрывае падтрымка з боку блізкіх. Анжаліка падкрэслівае, што муж не проста дапамагае ў побыце, а падзяляе з ёй адказнасць за выхаванне дзяцей. Калі ён вольны ад работы, заўсёды знаходзіцца побач. Дапамагаюць і бацькі з абодвух бакоў: напрыклад, калі Анжаліка працуе, яны могуць забраць дзяцей і прыгледзець за імі.
— Муж — мая галоўная апора. Ён заўсёды побач, калі патрэбна дапамога. Таксама не магу не адзначыць падтрымку дзяржавы. Для нашай сям’і важныя льготы, звязаныя з дзіцячым садком і школай, у тым ліку падтрымка з падручнікамі і харчаваннем для дзяцей. Гэта не проста матэрыяльная дапамога, а яшчэ і ўвага, клопат, разуменне таго, што пра нас памятаюць і нас падтрымліваюць, — гаворыць Анжаліка.
Сапраўдныя каштоўнасці
У гэтай сям’і імкнуцца захоўваць традыцыі, якія дапамагаюць усім заставацца блізкімі. Разам адзначаюць святы і дні нараджэння, збіраюцца за агульным сталом, знаходзяць час для сумеснага адпачынку. Муж таксама клапоціцца пра тое, каб сямейны вольны час быў разнастайным: можа прапанаваць паездку ў парк або гандлёвы цэнтр, каб разам адпачыць ад штодзённых клопатаў.
Выхоўваючы дачок, бацькі імкнуцца прывіць ім дабрыню, павагу, сумленнасць, адказнасць і працавітасць. Асобнае месца займае любоў да сям’і, дзе чалавека заўсёды падтрымаюць і зразумеюць.
У кругласутачным рэжыме
Шматдзетнае мацярынства, прызнаецца Анжаліка, патрабуе вялікай адказнасці, але адначасова дорыць велізарнае шчасце. Ёй вельмі падабаецца назіраць за тым, як дочкі растуць, становяцца самастойнымі, клапоцяцца адна пра адну і дасягаюць поспехаў.
— Галоўны сакрэт, як знаходзіць час для ўсіх шасцярых дзяцей, — гэта любоў і цярпенне. Важна таксама правільна арганізаваць побыт. У мяне ёсць пэўны графік для паўсядзённых спраў. Але гэта не азначае, што можна размеркаваць па раскладзе любоў да дзяцей. Для іх я заўсёды адкрытая, — тлумачыць жанчына.
Пры гэтым Анжаліка лічыць важным не патрабаваць ад сябе немагчымага. У вялікай сям’і штодня хапае клопатаў, але не ўсё абавязкова зрабіць адразу.
— Часам думаеш: вось падлога яшчэ не памытая... Але не трэба з-за гэтага перажываць — прыбяру не сёння, дык заўтра. Калі засяродзіцца толькі на хатніх справах, можна страціць далікатную раўнавагу. Калі мама сярдзітая, то і тата будзе не ў настроі, і дзеці таксама. А мне хочацца, каб у нашай сям’і заўсёды былі мір, спакой і дабрыня. Усё паспець немагчыма, і гэта трэба проста прыняць. Найважнейшае для мяне — дабрабыт маёй сям’і, — падкрэслівае Анжаліка.
Жанчына прызнаецца, што галоўны сэнс яе жыцця — дзеці. Іх радасць і здароўе яна лічыць найвялікшай каштоўнасцю. А жанчынам, якія толькі пачынаюць шлях мацярынства, раіць не баяцца цяжкасцяў і не імкнуцца адпавядаць вобразу ідэальнай мамы.
— Давярайце сабе, цаніце кожную хвіліну побач з дзецьмі, бо яны растуць вельмі хутка.
Не бойцеся быць недасканалымі: вы ўжо добрая мама, калі любіце сваё дзіця і заўсёды знаходзіцеся побач, калі вы яму патрэбныя. Будзьце для дзяцей апорай і надзейным тылам. Глядзіш на іх, бачыш, як яны ўсміхаюцца, і думаеш: чаго яшчэ жадаць? Бо самае галоўнае — здароўе і ўсмешкі дзяцей.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота з асабістага архіва гераіні