Top.Mail.Ru

Чым здольныя прывабіць наведвальнікаў аграэкасядзібы

19.11.2026 | 11:47
Мінчанін Дзяніс ГУРЫН у 2015 годзе набыў зямельны ўчастак у вёсцы Павулле Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, на беразе возера Павульскае. Пабудаваў на ім двухпавярховы каркасны дом з усімі выгодамі, лазню, гараж. Хутка гэты ўтульны куток стаў любімым месцам адпачынку не толькі для яго сям’і. Сюды імкнуліся трапіць сябры і знаёмыя са сталіцы. Гэта навяло на думку, што арганізацыя для гараджан камфортнага і насычанага адпачынку, пры гэтым у непасрэднай блізкасці да прыроды, можа стаць цікавым бізнес-праектам.

«Рашаючым аргументам стала істотная дзяржаўная падтрымка»

Як дзелавы чалавек, Дзяніс Гурын вывучыў юрыдычную і эканамічную падаплёку пытання і прыняў рашэнне аб развіцці дзейнасці ў бок аграэкатурызму. Узяўся за арганізацыю аграсядзібы «Павульская гасціннасць». Побач са сваім домам распачаў будаўніцтва гасцявога.

— Бадай што рашаючым аргументам стала істотная дзяржаўная падтрымка, а менавіта магчымасць ільготнага крэдытавання на будаўніцтва пад 5 % гадавых, — аргументуе прадпрымальнік. — У планах — узвядзенне вялікага дома люксавага ўзроўню, дзе адначасова можна будзе размясціць да 20 чалавек. І каб падлога з падагрэвам, кандыцыянеры, сучасныя санвузлы, мэбля...

Звычайнай вясковай хаты для спрактыкаваных у замежных падарожжах турыстаў сёння ўжо недастаткова, лічыць ён:

— Многія хочуць люкса і ў вёсцы. Гасцям павінна быць камфортна, эстэтычна прыемна, як у лепшай гасцініцы. Разам з тым за межамі дома яны змогуць атрымліваць асалоду ад блізкасці да прыроды, прыгожых краявідаў і насычанага адпачынку.

Па назіраннях Дзяніса Гурына, проста шашлыком, які б смачны ён ні быў, наведвальнікаў да сябе не завабіш. Сёння ў трэндзе — запыт на зацішак і адначасова актыўны адпачынак, які дае прыемную фізічную нагрузку і насычае эмоцыямі. Таму прадпрымальнік вырашыў скарыстаць патэнцыял блізкасці возера Павульскае — арганізоўвае катанне на катэры, гідрацыкле, сапбордах, асвойвае вэйкбордынг.



«Кружыць» гасцей у віхуры прапаноў

Першых гасцей у аграсядзібе «Павульская гасціннасць» прымалі гэтым летам падчас VІ фестывалю экстрэмальных відаў спорту «Экстрым-Прарыў». Ён набывае ўсё большую папулярнасць, збіраючы аматараў сілавога экстрыму, эндура, ралі, трофі-рэйдаў, драйвовай музыкі з усёй Беларусі і замежных сяброў.

— Разам з тым гэтыя асілкі сентыментальна любаваліся прыгожымі мясцінамі Ушаччыны, — успамінае Дзяніс Гурын. — Асобным пунктам праграмы іх пражывання ў маёй сядзібе было прыгатаванне сапраўдных дранікаў. Бульбу капалі на маім агародзе, самі чысцілі, дралі на тарцы, смажылі, а потым усе разам елі дранікі. Такі вось нацыянальны каларыт.

У найбліжэйшых планах гаспадара — завяршэнне будоўлі. У перспектыве ён мае намер супрацоўнічаць з турыстычным цэнтрам Ушацкага раёна. Тут па запыце гатовыя дапамагчы з арганізацыяй майстар-класаў па традыцыйных рамёствах, абрадаў, свят і экскурсій. А паглядзець на Ушаччыне ёсць што: мемарыяльны комплекс «Прарыў», сядзібу-музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі. Недалёка і да Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

На Віцебшчыне на гэты момант дзейнічае каля 200 аграэкасядзіб. У кожным куточку паўночнага рэгіёна ёсць свае славутасці, адметнасці, цікавыя турыстычныя маршруты — варта толькі актыўна раскручваць іх.



На думку Дзяніса Гурына, турызм у Беларусі не да канца наладжаны, але гэта вельмі перспектыўны кірунак дзейнасці, які істотна падтрымлівае дзяржава:

— У грамадстве сфарміраваны запыт на актыўны насычаны адпачынак у спалучэнні з высокім сэрвісам і нашымі славутымі якасцямі — чысцінёй, прыгажосцю, бяспечнасцю. А які ў нас непаўторны вясковы вайб!

Тым, хто абраў аграэкатурызм сваім шляхам, трэба толькі варушыцца, быць гатовымі задавальняць запыты гасцей, «кружыць» іх у віхуры прапаноў, раіць прадпрымальнік:

— Стварыце ім камфортныя ўмовы пражывання, падайце смачныя стравы па звыклых і арыгінальных рэцэптах, запрасіце на розныя актыўнасці, забаўляльныя праграмы, прапануйце ежу для розуму і душы. І ці пацягне беларусаў пасля гэтага на турэцкія пляжы? Душу адаграе толькі сваё, роднае.

Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота з асабістага архіва 
Дзяніса ГУРЫНА



Майце на ўвазе 

Сёння ўступаюць у дзеянне асноўныя палажэнні Указа Прэзідэнта № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму». Ён зацвердзіў новае Палажэнне аб парадку аказання паслуг у сферы аграэкатурызму і абнавіў правілы дзейнасці аграсядзіб, падаткаабкладання, ільготнага крэдытавання і ўліку суб’ектаў. Нагадаем пра змяненні.

Максімальная колькасць жылых пакояў для гасцей у адной аграэкасядзібе павялічана з 10 да 15.

Сядзіба павінна аказваць не менш за два віды паслуг, і хоць бы адна з якіх павінна насіць традыцыйны ці профільны характар (краязнаўчыя экскурсіі, харчаванне з выкарыстаннем уласнай сельгаспрадукцыі, майстар-класы ці каляндарна-абрадавыя святы).

Для арганізацыі шумных свят ці абрадаў патрабуецца згода суседзяў.

Бестэрмінова падоўжана падтрымка ААТ «Белаграпрамбанк» з адменай лімітаў, тэрміны крэдытных дагавораў складаюць да 8 гадоў для сельгасарганізацый і да 10 гадоў для фізічных асоб.
У аддаленых рэгіёнах дзейнічае спецыяльны збор.

Раней выдадзеныя дазволы на ажыццяўленне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму захоўваюць сілу да 31 снежня 2026 года. Гаспадары сядзіб, што не адпавядаюць новым патрабаванням, павінны перааформіць дзейнасць або змяніць статус, напрыклад, здачу жылля ў кароткатэрміновую арэнду.

Дарэчы

Адпачынак у адзін клік

У Беларусі запускаюць стварэнне адзінага лічбавага рэестра аграэкасядзіб і спрашчаюць работу іх уладальнікаў. Адпаведную пастанову, накіраваную на рэалізацыю Указа Прэзідэнта № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму», падпісаў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Дакументам замацоўваецца парадак стварэння і вядзення інфармацыйнай базы ўсіх агра-экасядзіб і іх паслуг. Райвыканкамы павінны ў месячны тэрмін забяспечыць стварэнне асабістых кабінетаў для дзеючых сядзіб (больш за 1440) на дзяржаўнай лічбавай платформе «Разумны горад (рэгіён)», якая распрацоўваецца Мінсувязі.

Для турыстаў рэестр стане зручным і надзейным анлайн-каталогам, для ўладальнікаў сядзіб — пляцоўкай для іміджавага развіцця, а для дзяржавы — інструментам дакладнай аналітыкі галіны.
Яшчэ адна навацыя — афармленне дакументаў анлайн. Падаць заяву аб пачатку работы ў якасці аграэкасядзібы або аб прымяненні спецыяльнага збору фізічныя асобы змогуць дыстанцыйна — праз адзіны партал электронных паслуг. Пры гэтым захоўваецца магчымасць прывычнага папяровага фармату падачы дакументаў у райвыканкам.

Прадугледжаны і зразумелыя ўмовы льготнага крэдытавання. Вызначаны вычарпальны пералік дакументаў для атрымання льготнага крэдыту (пад 5 % гадавых) у ААТ «Белаграпрамбанк» на рэалізацыю праектаў у сферы аграэкатурызму. Гэты падыход мінімізуе часовыя выдаткі ўладальнікаў аграсядзіб на візіты ў банк, афармленне крэдыту стане больш простым і хуткім.

Таксама пастановай вызначаныя тыпавыя формы дагавораў на аказанне паслуг паміж суб’ектамі аграэкатурызму і аграэкатурыстамі або арганізацыямі, у тым ліку тураператарамі, парадак адміністрацыйнай працэдуры, звязанай з прыняццем рашэння аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, і работы раённых камісій для комплекснай ацэнкі дзейнасці аграэкасядзіб.

Пастанова ўступае ў сілу з 20 лістапада 2026 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю