Top.Mail.Ru

Чаму тэлебачанне застаецца запатрабаваным

19.11.2026 | 13:00

Ва ўмовах імклівага развіцця сацыяльных сетак і інтэрнэт-платформ тэлебачанню даводзіцца трансфарміравацца. Аднак, нягледзячы на высокую канкурэнцыю ў інфармацыйнай прасторы, яно застаецца адной з галоўных крыніц праверанай інфармацыі і якаснай аналітыкі для мільёнаў гледачоў. Напярэдадні Сусветнага дня тэлебачання (21 лістапада) эксперты і прадстаўнікі медыясферы агучылі актуальныя даныя тэлебачання ў нашай краіне, а таксама абмеркавалі інтэграцыю штучнага інтэлекту, лічбавых сэрвісаў і новых інтэрактыўных фарматаў у эфірную сетку.


Канкурэнцыя за галоўны рэсурс

— Яшчэ нядаўна тэлебачанне было практычна безальтэрнатыўнай крыніцай відэаінфармацыі, а сёння глядач выбірае паміж тэлеканаламі, інтэрнэт-платформамі, анлайн-кінатэатрамі, відэахостынгамі і сацыяльнымі сеткамі. Пры гэтым змяняецца не толькі крыніца кантэнту, але і сама мадэль спажыўца. Глядач становіцца больш патрабавальным, самастойным і мабільным. Ён сам вырашае, што, калі і на якой прыладзе глядзець. Я не стала б успрымаць гэта як пагрозу традыцыйнаму тэлебачанню. Гэта проста новы этап развіцця галіны, які адкрывае новыя магчымасці, — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «МедыяВымяральнік» Вікторыя ГУРЫНОВІЧ. — Незалежна ад таго, дзе знаходзіцца чалавек і глядзіць відэа, галоўным рэсурсам медыярынку застаецца ўвага аўдыторыі. Менавіта за яго ідзе канкурэнцыя. І каб выйграваць, тэлебачанню патрэбна добра ведаць свайго гледача.

У гэтым тэлеканалам і рэкламадаўцам дапамагаюць медыявымярэнні. Дарэчы, як падзялілася спікер, адзін з галоўных кірункаў правядзення медыявымярэнняў на канец 2026-2027 гадоў — пашырэнне тэлевізійнай панэлі (групы людзей, выбранай для даследавання) і ўключэння ў яе і сельскаганасельніцтва. «З 1 студзеня наступнага года панэль будзе працаваць у 700 домагаспадарках (з якіх 150 — знаходзяцца ў сельскай мясцовасці). Гэта дасць больш поўную карціну таго, што глядзяць у нашай краіне», — сказала Вікторыя Гурыновіч. Што да свежых лічбаў, то за 10 месяцаў 2026 года тэлебачанне ахапіла 99 % гарадскога насельніцтва краіны. Традыцыйна, тэлебачанне лічыцца медыя для старэйшага пакалення, аднак за 10 месяцаў яго паглядзелі 97,7 % гарадскіх жыхароў ва ўзросце 18–34 гады. Хоць моладзь па-іншаму спажывае тэлевізійны кантэнт, праводзіць каля экрана менш часу, але кантакт з гэтай аўдыторыяй захоўваецца. Для старэйшага пакалення тэлебачанне па-ранейшаму застаецца важнай часткай паўсядзённага жыцця. Найбольш інтэнсіўна глядзяць тэлевізар людзі 65+ (іх сярэдні рэйтынг 25 %, амаль у 5 разоў вышэйшы, чым паказчык у аўдыторыі ад 18 да 34 гадоў). І спецыяліст адзначыла, што тэлепрагляд мае і ярка выяўленую сезонную дынаміку. Летам ён зніжаецца, а восенню пачынае аднаўляцца.

Важны не толькі рэйтынг

Лічбы медыявымярэнняў дазваляюць самім тэлевізіёншчыкам не проста ўбачыць рэакцыю гледачоў, але і скласці важныя прагнозы на будучыню: ацаніць праграмную сетку, уплыў рэакцыі гледачоў на новыя праекты, выбраць самыя запатрабаваныя фарматы. Усёй галіне ён дае аналітычную аснову для рашэнняў адносна не толькі таго, што было паказана, але і якім будзе тэлевізійны прадукт заўтра. Аднак, як адзначылі спецыялісты, моцнае тэлебачанне — гэта не толькі модныя студыі і добрая карцінка, а ўменне адчуваць настрой у грамадстве і адпавядаць запытам аўдыторыі.

— У наш час тэлебачанне пастаянна змагаецца з тэлефонам. Таму наша задача — даваць больш інфармацыі і выйграваць за кошт таго, што мы маем у кожнай лакацыі, дзе працуем, свайго журналіста. А чалавек заўсёды здольны перадаць настрой любой падзеі, прычым вырашаюць першыя секунды, ці застанецца ўвага гледача ў вас, — падзяліўся намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» Алег ШАПЕЛЬ. — Угадваць патрэбы аўдыторыі (густы якой фарміруюць блогі, падкасты і г. д.) даволі няпроста. На нашым тэлеканале мы пачалі выходзіць на маладзёжную аўдыторыю. У нас з’явіліся забаўляльныя праграмы, мы запусцілі рэаліці-шоу, і гэта з першых выпускаў дало свае вынікі. Людзі прыходзяць і застаюцца. Але такое, вядома, не сфарміруецца за тыдзень ці за месяц. Тут патрэбны доўгі час для выбудоўвання даверлівых узаемаадносін з гледачом.

Падтрымала калегу і намеснік галоўнага дырэктара Галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Першы інфармацыйны» Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Вікторыя СЯНКЕВІЧ, дадаўшы, што, акрамя прысутнасці ў інтэрнэт-прасторы, вельмі важна будаваць канструктыўны дыялог са сваёй аўдыторыяй.

— Мы імкнёмся «пранікнуць» у тэлефоны і захапіць за секунды ўвагу гледача любога ўзросту. Бо і моладзь прыйдзе на выбарчыя ўчасткі і ў 2030-м, і ў 2035 годзе, і нам жыць у краіне, курс якой будзе выбіраць моладзь. Таму, безумоўна, нам хочацца размаўляць з ёю канструктыўна, а не ўкідамі і фэйкамі, якія распаўсюджваюцца нашмат хутчэй, чым праўда.
Алена ДРАПКО
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю