З надзейнай падтрымкай дзяржавы
У чым асаблівасці гэтай праграмы? У першую чаргу, яна прадугледжвае надзейную дзяржаўную фінансавую падтрымку. Калі па звыклых праграмах зберажэнні фарміруюцца за кошт сродкаў грамадзяніна або яго наймальніка, то па Указе № 367 да працэсу падключаецца і дзяржава.
Звычайна штомесяц з заробку кожнага працуючага грамадзяніна нашай краіны ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ўтрымліваецца 1 %. Але калі чалавек вырашае збіраць на «другую» пенсію, ён дадаткова заключае дамову з РУСП «Стравіта» — адзінай страхавой кампаніяй, упаўнаважанай ажыццяўляць гэты від страхавання, — і накіроўвае частку свайго заробку на адкрыты ў ёй імянны асабовы рахунак. Тарыф можна выбраць самому, у залежнасці ад таго, колькі працэнтаў — ад 1 % да 10 % — атрымаецца пераводзіць. Скарыстацца гэтымі грашыма можна будзе пасля выхаду на заслужаны адпачынак.
Пры гэтым работадаўца абавязаны падключыцца і выплачваць дадатковы ўзнос у такім жа памеры, калі быў выбраны тарыф ад 1 % да 3 %. Калі сам чалавек вырашыў плаціць больш, дадатковы ўзнос ад працадаўцы застанецца на ўзроўні 3 %. Але фінансавая нагрузка на прадпрыемства пры гэтым не расце: штомесячныя абавязковыя страхавыя ўзносы работадаўцы ў бюджэт ФСАН проста памяншаюцца (са звыклых 28 % да 25 %). На памеры будучай працоўнай пенсіі самога работніка гэта ніяк не адбіваецца.
Каму і чаму гэта выгадна?
Калі фінансавая сітуацыя ў работніка змянілася, ён мае права ў любы момант спыніць узносы з фіксаваннем назапашанага або паставіць іх на паўзу, каб пазней аднавіць. Акрамя таго, раз у год дазваляецца пераглядаць абраны тарыф у бок павелічэння ці памяншэння.
А вось забраць назапашаную суму да наступлення пенсіённага ўзросту не атрымаецца — выключэнне робіцца толькі пры ўстанаўленні работніку інваліднасці І або ІІ групы да дасягнення агульнага пенсіённага ўзросту. У астатніх выпадках грошы выплачваюцца строга пасля выхаду на пенсію. Але тэрмін атрымання гэтых сродкаў чалавек вызначае сам яшчэ пры падпісанні дагавора: прыбаўку можна атрымаць аднаразова або расцягнуць на 5, 10 гадоў.
Пры выбары максімальнага тарыфу «10+3» кожны месяц у «скарбонку» адпраўляецца 13 % ад налічанай зарплаты (10 % — ад работніка, 3 % — ад яго наймальніка). Дарэчы, на выніковы памер «другой» пенсіі ўплывае адразу некалькі фактараў: узровень заработнай платы і яе дынаміка, абраны працэнт адлічэнняў і перыяд выплат, працягласць удзелу ў праграме, а таксама стаўка рэфінансавання і інвестыцыйная палітыка страхоўшчыка.
У ФСАН падкрэсліваюць, што захаванасць сродкаў гарантаваная дзяржавай. Прадугледжаны і механізм атрымання ў спадчыну: калі ўдзельнік праграмы пойдзе з жыцця да наступлення пенсіённага ўзросту або не паспее атрымаць усю прыналежную яму суму, назапашаны капітал разам з налічаным даходам выплацяць яго спадчыннікам па законе. Прыемным бонусам становіцца і сацыяльны падатковы вылік — падатковая база змяншаецца на суму выплачаных страхавых узносаў. Узносы, якія работнік плаціць са свайго заробку, не абкладаюцца падаходным падаткам, як і самі будучыя страхавыя выплаты.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Дарэчы
Па статыстыцы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, на 30 верасня 2026 года «другую» пенсію ў Беларусі ўжо атрымліваюць каля 700 чалавек. Самая высокая штомесячная выплата — дадатковая да асноўнай пенсіі — на гэты момант дасягнула 931 рубля. Прычым жанчыны ўключаюцца ў праграму значна больш актыўна за мужчын — на іх прыпадае 71 % усіх заключаных дагавораў. Асноўны касцяк (81 %) складаюць людзі сталага ўзросту ад 38 да 57 гадоў, хоць спецыялісты раяць задумвацца аб назапашванні яшчэ на старце кар’еры ці хоць бы за 25-30 гадоў да заслужанага адпачынку.
Далучыцца да праграмы можа працуючы жыхар краіны, за якога наймальнік выплачвае абавязковыя страхавыя ўзносы на пенсіённае страхаванне. Абмежаванне дзейнічае толькі ўзроставае: да агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту (сёння гэта 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын) павінна заставацца не менш як тры гады.
0
У Беларусі ўжо каля 700 чалавек атрымліваюць «другую» пенсію
19.11.2026 | 13:00
Магчымасць самастойна ўплываць на памер свайго даходу ў старасці з’явілася ў жыхароў нашай краіны з 1 кастрычніка 2022 года, калі набыў сілу Указ Прэзідэнта № 367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі». І, паводле звестак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, за чатыры гады падобныя дагаворы заключылі ўжо амаль 95 тысяч беларусаў.