На дыстанцыі жыцця і творчасці
Адразу скажу, што ўсё не настолькі сумна, як можа здавацца скептыкам. Сама праграма сёлета была сфарміравана так, што гледачы мелі магчымасць убачыць вельмі разнапланавыя кінаработы і ў тым, што датычыцца імёнаў, і ў сэнсе тэм саміх фільмаў і іх рэжысёрскага ўвасаблення. Праўда, калі звярнуцца да вынікаў, то яны ўсё ж зніжаюць градус аптымізму, паколькі за адных радуешся, а за іншых крыўдна.
Так, сёлета з 14 фільмаў праграмы нацыянальнага конкурсу журы прысудзіла прыз за лепшы неігравы фільм нацыянальнага конкурсу фільму «Палескі запаведнік: жыццё пасля Чарнобыля» рэжысёра Ігара Бышнёва. І гэта радуе, бо і прафесіянала адзначылі, і тэма актуальная. Як і тое, што не абмінула міжнароднае журы ўвагай работы Настассі Муляровай «Надзея, наперад!» і Надзеі Габец «Вяртанне». Першаму фільму дастаўся Спецыяльны прыз журы нацыянальнага конкурсу, другі адзначылі Спецыяльным дыпломам журы «Памяць часу». Абодва годна прадстаўляюць гледачу адлюстраваныя ў іх актуальныя тэмы. «Надзея, наперад!» — гэта добрая спроба рэжысёра цікава і дынамічна падаць сваю гісторыю ў кадры, паказваючы гераіню ў розных лакацыях, дазваляючы не толькі пачуць яе думкі, але і адчуць атмасферу жыццёвых абставін, у якіх яна ўмее не страчваць веры, балансу і запалу рухацца далей. «Вяртанне» падымае тэму пошуку страчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны культурных каштоўнасцяў і падае яе праз аўтарскае расследаванне каманды сацыякультурнага тэлеканала «Беларусь 3».
Яшчэ Спецыяльным дыпломам журы «Голас, які чуваць» адзначылі кінастужку «Опціна Белай Русі» рэжысёра Антона Яфіменкі (аўтара, думаю, хтосьці згадае і па мінулым фестывалі). І на гэтым усё, хоць у праграме прысутнічалі і іншыя работы, пра якія варта згадаць.
Чаканні з агаворкамі
У прыватнасці, фільм «Маё прозвішча» Яніны Данілевіч (малады аператар, рэжысёр студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм») — прыклад таго, як спалучаны аўтарам у адзіны аповед тэма (шанаванне і захоўванне культурных і сямейных традыцый, пераемнасць пакаленняў) і яе ўвасабленне (у фільме прысутнічае і анімацыя, і дакументалістыка, выкарыстоўваецца сімвалізм, які як падкрэслівае галоўнае, так і дае гледачу прастору для роздумаў). Альбо звернемся да анімацыйных работ «Добрае стаўленне да музыкі» Алісы Лісок і «Мой звер» Аляксандры Татур. Апошняя, здавалася б, на простым сюжэце — як дзяўчынка ў летніку пасябравала з тыграм, — метафарычна і ярка ўвасабляе тэму чалавечых страхаў у перыяд сталення і выбудоўвання ўзаемаадносін з навакольным светам.
Гэтыя работы, здаецца, таксама вартыя большай увагі. Як і 7-хвілінны фільм 10-класніка Фёдара Фурса «Сумленне». Паказаўшы ў кадры гісторыю пра падлеткаў, якім выпадае выпрабаванне «лёгкімі грашыма», аўтар не проста звяртаецца да важнай тэмы, а паказвае аднаго з хлопцаў, перад якім паўстае складаны маральны выбар (страціць прыхільнасць кампаніі альбо пайсці за голасам сумлення), што робіць героя блізкім і сённяшнім школьнікам.
У юнага рэжысёра атрымалася і дынамічна паказаць сюжэт, і трапна падабраць акцёраў, і нават не змазаць фінал, пакінуўшы для гледача недасказанасць: ці склалася далейшае сяброўства маладых людзей...
Хочацца, каб такія творчыя пошукі былі неяк падтрыманы. Нішто так не акрыляе аўтараў, як вера іншых у іх.
Пра што хочацца гаварыць і разважаць, калі аналізаваць нацыянальны конкурс на сёлетнім «Лістападзе». Вядома, пра тое, куды рухаецца беларускі кінематограф, хто сёння стварае і будзе заўтра працягваць яго гісторыю? Безумоўна, здымаюцца фільмы як на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», так і на тэлебачанні. Аднак, часта выхад на экраны альбо ў эфір, асабліва для маладых, з’яўляецца адзіным бонусам заахвочвання для далейшай працы.
А на тым жа фестывалі, верагодна, творцы ўсё ж такі разлічваюць на атрыманне большай зваротнай рэакцыі, чым проста паказ. Ды і ладзіць у адным конкурсе на роўных спаборніцтвы вопытных майстроў і пачаткоўцаў таксама бачыцца не самай ўдалай ідэяй, бо якраз гэта і пазбаўляе магчымасці адзначыць на агульным фоне ўсіх, хто таго варты.
Дарэчы, сярод гледачоў якраз і былі пераважна школьнікі, што, лічу, добра. Бо калі выхоўваць юнага гледача паказамі беларускага кіно, то, як мінімум, ён будзе ведаць пра яго існаванне.
Алена ДРАПКО
0
Хто будзе здымаць кіно заўтра? І чаму важна падтрымліваць творчы запал на старце
20.11.2026 | 09:49
ММКФ «Лістапад» штогод ладзіць чаканыя спатканні аматарам кінамастацтва і рэжысёрам. І цяпер, калі паказы засталіся толькі ва ўспамінах, добра азірнуцца і прааналізаваць як убачанае, так і яго вынікі. У прыватнасці, хочацца спыніцца на праграме нацыянальнага конкурсу, паколькі яго прастора заклікана якраз даць уяўленне аб патэнцыяле нашага беларускага кіно.