Да такіх думак мяне падштурхнула размова з этнографам, доктарам гістарычных навук, прафесарам кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ірынай Калачовай. Тэматыка яе шматгадовых даследаванняў — захаванне традыцый, нематэрыяльнай спадчыны. Ірына Іванаўна таксама вывучае пытанні, звязаныя з трансляцыяй традыцыйных каштоўнасцяў, іх вербалізацыяй, візуалізацыяй і данясеннем да сучаснага пакалення. У Год жанчыны яна вырашыла не толькі абагуліць навуковы вопыт, але і нагадаць сучасніцам, што за сёлетнім «каранаваннем» стаяць і здабыткі папярэдніц, тыя рысы, асаблівасці характару і паводзін, якія перадаюцца стагоддзямі. Так з’явілася кніга «Традыцыйны код беларускі».

«Працаваць не любіш — чалавекам не будзеш»
«Народны этычны стандарт, тыя патрабаванні, якія ставіліся перад асобай у мінулым, застаюцца актуальнымі і сёння», — дзеліцца сваімі назіраннямі Ірына Калачова. Так, у выхаванні ўпор рабіўся на працавітасць. Казалі: «Працаваць не любіш — чалавекам не будзеш». Дзяцей прывучалі да гэтага з малых гадоў. Дзяўчынкі раслі, ахінутыя матчыным клопатам і апекай, пераймалі не толькі неабходныя навыкі, але і мадэлі паводзін. А гэта найперш увага і павага да слова, да старэйшых. Калі дзяўчынка вучылася ткаць як маці, як і тая ў свой час ад бабулі — гэта не простая перадача, гэта сувязь пакаленняў, уключанасць, код, разуменне, што і ты далей будзеш працягваць тое, што было раней. Таму і вышыўкі, арнаменты, колеравая гама мелі сімвалічнае значэнне.
У дашлюбны перыяд дзяўчына спасцігала ўсе сямейныя абрады. А якім багатым быў рэпертуар беларускіх жанчын! Услед за маці ці бабулямі дзяўчынкі спявалі калыханкі сваім лялькам ці малодшым брацікам і сястрычкам, расказвалі казкі. Перадаваліся песні, паданні, замовы, загадкі. Калі жанчыны працавалі талакой, яны заўсёды спявалі.

Свае песні былі да кожнага каляндарнага ці сельскагаспадарчага цыклу, яны маглі адрознівацца нават на зажынках і ў канцы жніва. Ірына Калачова падмячае, што і ў гэтым была геніяльнасць. Спалучэнне прыгажосці спеваў і працоўнай дзейнасці, паэтызацыя цяжкай нялёгкай манатоннай справы — ці не сакрэт таго, чаму беларускую жанчыну не палохалі ніякія цяжкасці. «Беларуская дзяўчына была і эстэтычна падрыхтавана да жыцця, — заўважае Ірына Іванаўна. — Вялікая ўвага ўдзялялася знешняму вобразу. Па сутнасці, гэта фарміраванне ідэнтычнасці праз нацыянальны строй. Вы паглядзіце наколькі адметныя строі ў розных рэгіёнах, якое разуменне прыгажосці!.. Дзяўчаты ведалі, што апрануць у святочны дзень, што ў будні, асуджалі неахайнасць („што ў пасцелі, што ў касцеле“). Маладая ва ўбранстве — наогул цэлая планета». Складаны вясельны строй, абрады, абярэгі і нават забабоны — усё гэта ўнікальная сістэма перадачы каштоўнасцяў. Дзяўчына разумела пераход яе ў новы статус, яна настройвалася на новае жыццё.
«Любі Якава, ды не ўсякага»
У сям’і выпрацоўваліся ўяўленні, як выбудаваны свет, якія ёсць прадпісанні, нормы, забароны. І гэта была такая сістэма ўплыву, што дзяўчына сама ведала, якія прымаць рашэнні, каб не нарабіць памылак. Унутраныя ўстаноўкі на захаванне чысціні, жаночай цнатлівасці, жаданне належаць каханаму — адзін з кодаў, які перадаваўся ў беларусак.
Прадстаўнікі старэйшага пакалення згадваюць, што бацькі спрыялі выхаду дзяўчат «у свет». Вячоркі ператвараліся не толькі ў забаўкі моладзі ці «агледзіны нявест», тут фарміраваліся, як сёння кажуць, камунікатыўныя навыкі, у тым ліку і ўзаемадзеянне з супрацьлеглым полам. Адрозная рыса беларускіх жанчын — паважлівыя адносіны да сябе і да мужчыны. Так, этнограф Доўнар-Запольскі пісаў, што на вячорках, калі дзяўчыну запрашаў хлопец, які ёй не падабаўся ці меў фізічныя недахопы, яна не магла яму адмовіць, абразіць, была ветлівай, карэктнай.

Ірына Іванаўна згадала, як падчас уласнага вяселля яе вучыла маці, казала, што маладая павінна збірацца не ў сваёй хаце, а ў суседзяў, ці сваякоў. Што, калі світа маладога ідзе выкупляць, нявеста можа толькі здалёк назіраць за гэтым дзействам. Здзівіла яе, і як на другі дзень вяселля, калі яна была ў хаце мужа, сват забараніў ёй схадзіць да бацькоў за неабходнымі рэчамі: маўляў, яна ўжо аддана ў другі дом, калі што трэба, лепш папрасіць іншых гэта прынесці. Быў савецкі час, іншае выхаванне, здавалася, якія могуць быць забабоны. Але разам з такімі няпісанымі правіламі перадавалася адчуванне, што шлюб двух людзей — гэта не будзённая з’ява, а сапраўднае таінства.
* * *
На жаль, сёння былыя формы перадачы каштоўнасцяў паміж пакаленнямі парушаюцца, на фарміраванне асобы вялікі ўплыў аказвае інтэрнэт. Я пацікавілася ў Ірыны Іванаўны, ці можна з гэтым нешта рабіць. Для перадачы традыцыйных ведаў і арыенціраў ужо выкарыстоўваюцца сучасныя інструменты. Напрыклад, Беларуская праваслаўная царква, Дабрачынны фонд падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» гэта робяць з дапамогай сацыяльнай рэкламы. «Сёння моладзь гаворыць коратка, „мовай гаджэтаў“. Слоган, які закладаецца ў рэкламе, якраз падыходзіць, каб падстроіцца пад сучаснае пакаленне — ён кароткі, ёмісты, мэтавы. Гэта таксама пэўнае кадзіраванне, стварэнне сацыяльных сэнсаў», — адзначае Ірына Калачова. Сацыяльныя тэхналогіі трэба выкарыстоўваць не толькі для стварэння біг-бордаў, кароткіх відэаролікаў, але і пры рабоце ў тым жа TіkTok. Пра эфектыўнасць і запатрабаванасць такога інструменту можна меркаваць па рабоце розных міністэрстваў і ведамстваў: так даносяцца правілы бяспекі, робіцца брэндынг тэрыторый, нават прасоўваецца запатрабаванасць у якасных беларускіх таварах. А сёлета мы бачым, як сацыяльныя тэхналогіі працуюць на праслаўленне жанчыны, сям’і, традыцыйных каштоўнасцяў.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ