Падзея гэта не застаецца незаўважанай і айчыннымі гурманамі, і самымі звычайнымі, хоць і распешчанымі багаццем прапановы, сучаснымі спажыўцамі. Заўсёды цікава, што новенькага можна пакаштаваць. Асабліва напярэдадні навагодніх застолляў, да якіх засталося зусім няшмат часу...
Сёлета ў рабоце аднаго з самых маштабных на постсавецкай прасторы форумаў прафесіяналаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці ўзялі ўдзел больш за 160 экспанентаў з 7 краін свету, а беларускую прадукцыю прадставілі 76 вытворцаў.

Гастранамічныя прэм’еры — фішка PRODEXPO, і нам таксама захацелася даведацца аб новых тэхналогіях і актуальных рашэннях для харчовага рынку. Дзеля справядлівасці адзначым (хоць гэта і не сціпла), што прымаючы бок (гэта значыць, наш любімы айчынны харчпрам) са сваімі дэгустацыямі і распрацоўкамі выглядаў ярчэй, цікавей і смачней, чым замежныя канкурэнты. Такім чынам, беларускія прадукты харчавання як сімвал якасці і смаку — не прапаганда, а дадзенасць. І гэта не можа не радаваць.
Ад інавацый да «добра забытага старога»
Але вернемся да таго, што падалося самым цікавым. Гродзенскія пекары, напрыклад, у ліку ўласных распрацовак (з акцэнтам на інавацыйны падыход да выпечкі) нечакана прадставілі пірог па дакладнай рэцэптуры XVI стагоддзя. І пірог гэты неверагодна смачны, хоць па сучасных мерках і вельмі каларыйны.
— Пірог дражджавы, з памадкай, цукатамі, міндальным арэхам, — распавядае начальнік аддзела маркетынгу Марыя Кавалеўская.
Калісьці такі пірог маглі дазволіць сабе толькі магнаты і багатая шляхта — састаў для сярэднявечча быў вельмі дарагім. Называўся пірог тады «Баба». Пазней, калі назва «перайшла» на бабку бульбяную, гэтая салодкая выпечка атрымала назву «Дзед», распавяла суразмоўца. Хутка пад Гродна, у Каробчыцах, адкрываецца праект «Стары горад», і пад яго харчовыя прадпрыемствы рэгіёна аднаўляюць дакладныя старадаўнія рэцэпты. Пірог — адзін з іх.
— А ў цэлым, культура харчавання змяняецца, — тлумачыць прадстаўніца прадпрыемства. — Так запатрабаваныя сёння маленькія боханы, лавашы і булачкі для гамбургераў і хот-догаў, прычым працяглы тэрмін захоўвання павінен дасягацца не за кошт кансервантаў у складзе, а з дапамогай сучасных тэхналогій і ўпакоўкі.

Упор на здаровае харчаванне — галоўны трэнд PRODEXPO-2026: выпечка па-новаму, каўбаса і сасіскі па-новаму, тушонка па-новаму, карысныя перакусы для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, дэсерты без цукру, пірожныя без мукі... Мала тлушчу і вугляводаў, шмат бялку плюс інавацыйныя тэхналогіі.
Бялок у прыярытэце
Вытворцы мясной прадукцыі, падаецца, спаборнічаюць адзін з адным у імкненні прапанаваць спажыўцу як мага больш бялку. І яшчэ адзін трэнд харчовых вытворчасцяў — максімальна вызваліць сучасную гаспадыню ад «стаяння каля пліты». Адзін з мясакамбінатаў, напрыклад, прадставіў лінейку высокабялковых прадуктаў з соусамі, адразу ў складзе — журавіны, хрэн, цытрынавы перац... Язык ў жэле, філе з агароднінай, сыравяленыя каўбаскі з рознымі дадатковымі смакамі. Адчыняй упакоўку і ўжывай з любым гарнірам: вось і вячэра для ўсёй сям’і. Лінейка яшчэ і скіравана на здаровае харчаванне.
А вось прадукцыя іншага мясакамбіната лінейкі «Фітнес» — то-бок, агульная тэндэнцыя відавочная.
— Тут вельмі добрае спалучэнне бялкоў і тлушчаў, — адзначае начальнік упраўлення па маркетынгу прадпрыемства. — Усяго 2,5 % тлушчу пры 15 г бялку, а бялок — гэта аднаўленне сіл і энергіі, стройнае падцягнутае цела і будаўнічы матэрыял для мышцаў. Мы стараемся, каб сёння да каўбасы, сасісак ставіліся як да здаровага прадукту. Ёсць у нас і цалкам гатовыя стравы (у кансервах): напрыклад, булгур з грыбамі і ялавічынай — здаровы абед або вячэра. Спрашчаем гаспадыням жыццё, а гатаванне карысных страў робім хутчэйшым.
Суразмоўніца распавядае, што прадукцыя прадпрыемства знаходзіць свайго спажыўца не толькі ў Беларусі, але і больш чым у 10 краінах свету. Кітайцы, напрыклад, вельмі любяць нашу традыцыйную ялавічную тушонку.
Дарэчы, пра тушонку: яе сучасная «іпастась» таксама была прадстаўлена ў экспазіцыі. Напрыклад, айчынная птушкафабрыка прывезла на выстаўку навінку з пазітыўнай назвай «Зарад бялку».
— Цяпер у модзе тэндэнцыя: маленькія порцыі і шмат бялку, — тлумачыць намеснік кіраўніка па камерцыйных пытаннях Аляксандр Лук’яненка. — У нас на 250 г прадукту — 45 г бялку.
Каровіна, казінае... Цяпер і кабылінае?

А вы калі-небудзь каштавалі кабылінае малако? Не? А яно выпускаецца ў нас у краіне.
І, дарэчы, вельмі смачнае. І калі верыць вытворцам — а чаму б ім і не паверыць? — неверагодна карыснае. Для сэрца, сасудаў, імунітэту, страўнікава-кішачнага тракту. Вырабляецца непадалёк ад Лагойска, на прыватным прадпрыемстве. І ўжо мае сваіх прыхільнікаў.
— Хочам, каб грамадзяне Беларусі больш даведаліся аб гэтым унікальным для здароўя чалавека прадукце, — кажа дырэктар па развіцці прадпрыемства Кірыл Каратчэня.
Кабылінае малако змяшчае лактаферын (адзін з фетышаў здаровага харчавання ў сучасным свеце), а таксама лізацым — ферменты бялковай прыроды, якія маюць ключавую ролю ў абароне арганізма ад бактэрыяльных інфекцый. Яны здольныя змагацца з многімі захворваннямі і аднаўляць імунітэт. Ёсць яны ў каровіным і казіным малаку, але ў найбольшых колькасцях — менавіта ў малаку кабыл, якое па складзе бліжэй за ўсё да малака жаночага.
Падагульнім: калі лічыць сучасную харчовую прамысловасць высокатэхналагічнай і навукаёмістай галіной — а яна такой і з’яўляецца — то на PRODEXPO-2026 айчынны харчпрам прадстаўлены годна. Так, сучасны чалавек не проста есць, а насычае арганізм неабходнымі для здароўя вітамінамі, макра- і мікраэлементамі.
Але ўсё ж такі пры гэтым хочацца, каб было яшчэ і смачна. І гэты аспект, дарэчы, таксама ўлічваюць беларускія вытворцы.
«Кожны беларус — гурман»
Сёлета на PRODEXPO была проста неверагодная колькасць беларускіх сыроў: ад традыцыйных да элітных, найскладанейшых у тэхналагічным плане. Удалося пакаштаваць нават свой «Эменталь»: раней яго выраблялі толькі заходнееўрапейскія сыраробы.
— Тэхналогія вельмі складаная, — тлумачыць галоўны тэхнолаг Наталля Кашчаева. — Яна злучае тэхналогіі вытворчасці сыроў «Маасдам» і «Пармезан».
Сыр «Эменталь» выспявае каля 60 сутак, і, у выніку, павінен набыць цвёрдую структуру і абавязкова — «вочкі» правільнай формы. Смак у яго — арэхавы, з ледзь улоўнай «салодкасцю».
— Тыя прадпрыемствы, што здольныя вырабіць сыр «Эменталь» — вельмі моцныя ў тэхналагічным плане, — падкрэслівае суразмоўніца. — І ў нас у Беларусі такія ёсць.
Яшчэ адна навінка — ярка-аранжавы сыр «Мімалет». Таксама еўрапейскі, таксама элітны. Дарэчы, мудрагелістыя гэтыя словы — не імя ўласнае прадукту, а назва, так бы мовіць, «сямейства»...
«Мімалет» — сыр французскі. Сёння ў Беларусі яго робяць не горш, чым «у лепшых дамах Парыжа». Яго візітная картка акрамя колеру — пэўны складаны малюнак «вочак».

Элітныя сыры — з белай і блакітнай цвіллю — таксама зробленыя ў Беларусі. Гатуюцца яны па-рознаму (нейкія — націраюцца марской соллю, іншыя — акунаюцца ў саляны раствор), але нязменна складана і высокатэхналагічна тэрміны іх выспявання — дзясяткі сутак.
— Ці ёсць у Беларусі гурманы, здольныя ацаніць гэтыя смакі? — пытаюся ў вядомага шэф-кухара Антона Каленіка.
— У нас шмат аматараў высокай кухні! І ўвогуле, практычна кожны беларус — гурман, — пераканана адказвае шэф.
Ён тлумачыць: такія сыры — не для бутэрбродаў у «ссабойку на працу» (для гэтага падыходзяць іншыя сыры, і яны таксама вырабляюцца ў вялікай колькасці і любімыя народам). А гэтыя — для вытанчаных салатаў, для сырнай талеркі, пад добрае чырвонае віно. І любы беларускі спажывец выдатна гэта разумее. Дарэчы, кухар растлумачыў: каб атрымліваць асалоду ад гэтых сыроў (тыпу Ракфор, Бры, Камамбер), выдатна падыходзяць дажджлівыя восеньскія вечары — за акном холадна, а дома цёпла, утульна і за сталом сабраліся блізкія людзі. Ці ж гэта не наша, цалкам беларуская гісторыя?..
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Фота БелТА
0
Што новага ад айчынных вытворцаў варта было пакаштаваць на дэгустацыях PRODEXPO-2026
20.11.2026 | 08:02
Выстаўка PRODEXPO — самая чаканая падзея года для вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання, напояў, сыравіны, інгрэдыентаў, абсталявання і тэхналогій для харчовай прамысловасці.