Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў сустрэчу з губернатарам Омскай вобласці

23.11.2026 | 11:16

Працоўны тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стартаваў з саюзнага парадку дня. У панядзелак кіраўнік дзяржавы прыняў у Палацы Незалежнасці губернатара Омскай вобласці Расіі Віталя Хацэнку, які з 22 па 24 лістапада наведвае нашу краіну з рабочым візітам. Падчас перагавораў з беларускім лідарам бакі намецілі канкрэтныя шляхі развіцця далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.


«Аб’ёмы тавараабароту зусім не адлюстроўваюць нашы магчымасці»

Кіраўнік дзяржавы цёпла сустрэў расійскага госця ў Палацы Незалежнасці. Звяртаючыся да губернатара Омскай вобласці, Прэзідэнт падкрэсліў: «Прыемна бачыць геаграфічна далёкага, але заўсёды блізкага нам чалавека, суседа можна сказаць, і прадстаўнікоў вашага краю». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэты край у свой час развіваўся не без дапамогі беларусаў. 

«Мне прыемна сёння канстатаваць, што пасля блізкіх геаграфічна да вас Кітая і Казахстана мы нарэшце вырваліся на лідзіруючыя пазіцыі і займаем трэцяе месца ў тавараабароце з вашым краем, з вашай вобласцю. Але я павінен сказаць, што аб’ёмы тавараабароту зусім не адлюстроўваюць нашы магчымасці, — адзначыў беларускі лідар. — Таму нам трэба ў гэтым кірунку рухацца. Думаю, што нам трэба прымаць і пэўныя адміністрацыйныя рашэнні для таго, каб нашы краіны сталі бліжэйшымі і ў плане гандлю». 

Па словах Прэзідэнта, кіраўніку Омскай вобласці выдатна вядомыя нашы магчымасці па ключавых кірунках. «Я яшчэ раз хачу падкрэсліць, што Беларусь — гэта машынабудаўнічая краіна, дзе вельмі добра развіты такія кірункі, як сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка. Гэта наша перспектыва. Думаю, мы ў чымсьці падобныя з вамі, таму ў гэтым плане мы можам супрацоўнічаць са стварэннем сумесных прадпрыемстваў», — перакананы кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць стварэння мультыбрэндавых цэнтраў. Сёння ў расійскім рэгіёне функцыянуюць два такія цэнтры па продажы і сэрвісным абслугоўванні беларускай тэхнікі. «Мы выдатна разумеем, што паставіць тэхніку — гэта адно, нават калі яна будзе якасная, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Якая б яна ні была якасная, вузлы і агрэгаты з часам выходзяць са строю. Каб даўжэй яна служыла, яе трэба абслугоўваць і, натуральна, замяніць гэтыя вузлы і агрэгаты. Мы ствараем такія комплексныя цэнтры, дзе можна будзе і прадаць, і абслужыць тэхніку практычна ўсіх кампаній, якая вырабляецца тут. І з прыватнай формай уласнасці, і з дзяржаўнай». 


«Мы можам прапанаваць вам адрамантаваць і вырабіць добрыя трамваі»

Беларускі лідар заўважыў, што ў Омскай вобласці рэалізуецца праграма па развіцці пасажырскага транспарту. Беларусь можа прапанаваць не толькі аўтобусы, але і трамваі. «Як бы мы ні імкнуліся купіць уласны аўтамабіль, усё ж такі прыстойная частка насельніцтва перамяшчаецца на пасажырскім транспарце. Мы можам прапанаваць вам адрамантаваць і вырабіць добрыя трамваі. Мы ў Беларусі задумаліся аб тым, каб гэту лінейку развіваць, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — І трамвай ёсць трамвай. Можа, і не трэба будзе столькі чыгуначных цягнікоў, асабліва ў нас пры развіцці рэгіёнаў вакол Мінска. Мы сёння выносім і будаўніцтва, і іншыя кірункі дзейнасці вытворчасці за межы Мінска, каб не перанасяліць яго». 

Кіраўнік дзяржавы ў гэтай сувязі заклікаў развіваць гарады-спадарожнікі. «Але паміж імі павінны быць надзейныя зносіны. Гэта неабавязкова чыгуначныя саставы», — заўважыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім нядаўнім наведванні прадпрыемства «Белкамунмаш». Па словах Прэзідэнта, там могуць рабіць трамваі, сучлененыя ў некалькі секцый. «Я даручыў, каб мы ў метро паспрабавалі такі цягнік-трамвай. Таму вопыт у нас пэўны ёсць, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Паглядзіце, калі ён вам будзе выгадны, трэба пабываць на гэтым прадпрыемстве. Не толькі на гэтым. Яны з МАЗам актыўна працуюць. Мы гатовыя вам у гэтым плане аказаць садзейнічанне і дапамагчы ў будаўніцтве адпаведнай інфраструктуры і вытворчасці». 

Акрамя таго, беларускі бок гатовы аказваць адпаведныя паслугі і ў мадэрнізацыі лагістычных цэнтраў у Сібіры, у тым ліку аэрапортаў. «Ведаю, што вы вельмі актыўна ў Расіі, Прэзідэнт мне расказваў, мадэрнізуеце лагістычныя цэнтры, у тым ліку аэрапорты. Нядаўна ў Геленджыку мы аказвалі адпаведныя паслугі, нядрэнны атрымаўся аэрапорт. Гатовыя, калі вам будзе гэта выгадна, у вас працаваць», — адзначыў Прэзідэнт.


«Ёсць вельмі шмат кірункаў і ніш, дзе нам трэба ўпірацца і працаваць»

Гаворачы аб супрацоўніцтве ў АПК, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на ўзаемадзеянне паміж «Гомельагракамплектам» і Омскім НДІ. Гаворка ідзе аб рэалізацыі імпартазамяшчальных праектаў у сферы жывёлагадоўлі, што, па словах Аляксандра Лукашэнкі, можа стаць прарывам для нашых краін: «Паглядзім, які гэта дасць эфект. Трэба аператыўна, не зацягваючы, праверыць гэты варыянт. Калі ён будзе запатрабаваны, гэта для нас будзе прарыў. Мы тады зможам сказаць «дзякуй» заходнім і іншым партнёрам (упэўнены, што так і будзе). Валакіты тут не павінна быць».

Прэзідэнт лічыць, што Беларусі і Расіі варта пазбягаць стварэння канкурыруючых вытворчасцяў на агульным рынку. «Думаю, калі Беларусь можа забяспечыць патрэбы рынку Расіі па нейкіх кірунках, трэба выкарыстоўваць гэта. Калі мы можам выкарыстоўваць расійскі тавар у дастатковай колькасці — ну і не трэба ствараць вытворчасць (у нас у краіне. — „Зв.“). Трэба падумаць над гэтым, каб абараніць агульны рынак Расіі і Беларусі», — заклікаў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы згадаў аб планах па стварэнні ў Расіі прадпрыемства па вытворчасці шын, у тым ліку звышбуйнагабарытных. У Беларусі такая вытворчасць паспяхова асвоена, а прадукцыя карыстаецца попытам. Беларускі лідар яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што не варта ствараць канкурыруючыя прадпрыемствы на агульным рынку. «Гэта зусім нікуды не варта», — катэгарычна адзначыў ён.

У гэтым сэнсе Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад савецкую эканоміку і засяродзіў увагу на тым, што не варта адмаўляцца ад мінулага вопыту. «Бурыць нічога нельга, трэба працаваць па-кітайску. Як мне Сі Цзіньпін нядаўна сказаў: „Наш поспех заключаецца ў тым, што мы папярэдні вопыт не бурылі, мы яго не знішчалі. Мы яго ўдасканальвалі і рухаліся наперад“. Так, у вялікай ступені гэта адпавядае беларускаму курсу развіцця, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У расіян, вядома, і магчымасцяў, і кірункаў больш. Уцягнутасць Расіі ў вырашэнне сусветных праблем велізарная, таму гэта таксама рэсурсы. Але там, дзе можна сваім найбліжэйшым саюзнікам ствараць умовы для развіцця з карысцю для самой Расіі, гэта трэба рабіць».

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь са свайго боку гатова да выгаднага супрацоўніцтва па любых кірунках. «Словам, кірункаў для супрацоўніцтва вельмі шмат. Вы іх добра ведаеце. Калі мы нешта зможам зрабіць, як я часта расійскім губернатарам гавару: калі ласка, мы гатовыя ў гэтым кірунку працаваць 24/7. Гэта для нас выгадна. Хоць гэта наш асноўны рынак (расійскі. — „Зв.“) і мы дастаткова прасунутыя на ім, але ёсць вельмі шмат кірункаў і ніш, дзе нам трэба ўпірацца і працаваць. Мы гатовыя ў гэтым кірунку дзейнічаць», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


«Беларусь — гэта больш, чым важны знешні партнёр»

У сваю чаргу губернатар Омскай вобласці Расіі Віталь Хацэнка падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы і цёплы прыём, падкрэсліўшы, што ўсе члены дэлегацыі ў нашай краіне адчуваюць сябе як дома і імкнуцца прыязджаць сюды не радзей як два разы на год.

Віталь Хацэнка нагадаў, што ў мінулы раз сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам у сакавіку 2024 года. На сённяшні дзень практычна ўсе дамоўленасці, дасягнутыя тады, выкананы. Губернатар Омскай вобласці канстатаваў, што адносіны паміж бакамі мацнеюць: «Для Омскай вобласці, як і для ўсёй нашай краіны, Беларусь — гэта больш, чым важны знешні (гандлёвы. — „Зв.“) партнёр. Гэта блізкая і дружалюбная краіна, з якой нас звязваюць давер і вопыт сумеснай работы».

Віталь Хацэнка таксама паведаміў, што прыехаў гэтым разам з вялікай дэлегацыяй: у яе складзе 60 чалавек, уключаючы кіраўнікоў 30 кампаній са сферы нафтахіміі, машынабудавання, АПК. «У нас вельмі падобная эканоміка. Калі глядзець долю і структуру прамысловасці і сельскай гаспадаркі, мы вельмі падобныя з Беларуссю», — заявіў губернатар Омскай вобласці.

Ён таксама адзначыў, што беларусы ўнеслі значны ўклад у развіццё сібірскай зямлі. А цяперашні старшыня Заканадаўчага сходу Омскай вобласці Аляксандр Арцёмаў мае беларускія карані — яго продкі родам з Вілейкі Мінскай вобласці. «У нас таксама ёсць сібірская Вілейка, таму ўсё вельмі ўзаемазвязана», — дадаў Віталь Хацэнка.

Паводле слоў госця, паміж кіраўніцтвам Омскай вобласці і ўрадам Беларусі выбудаваныя добрыя і даверныя адносіны, што таксама спрыяе зладжанай і эфектыўнай рабоце: «У нас вельмі добрыя адносіны з Аляксандрам Генрыхавічам Турчыным (Прэм’ер-міністрам Беларусі. — „Зв.“). Вы прызначылі Мінскую вобласць куратарам па ўзаемадзеянні з намі. І вось з Аляксандрам Генрыхавічам мы шчыльна пасябравалі, працуем. Зараз з Аляксеем Іванавічам Кушнарэнкам (старшынёй Мінскага аблвыканкама. — „Зв.“) працягваем». 


***

24 лістапада адбудуцца бізнес-форум «Беларусь — Омская вобласць» і пасяджэнне Сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Омскай вобласці Расійскай Федэрацыі, затым дэлегацыя наведае прамысловыя прадпрыемствы ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга» і ААТ «Мінскі трактарны завод». Увечары госці пабываюць у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», затым азнаёмяцца з вопытам будаўніцтва комплексу Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Лічбы і факты

Омская вобласць — даўні гандлёвы партнёр Беларусі. У 2025 годзе тавараабарот склаў 130 мільёнаў долараў. У студзені — верасні 2026 года тавараабарот склаўся ў памеры 112,1 мільёна долараў (113,8 % да паказчыка аналагічнага перыяду 2025 года), экспарт — 75,2 мільёна долараў (130,4 %), імпарт — 36,9 мільёна долараў (90,3 %), сальда дадатнае — 38,3 мільёна долараў. 

Аснову экспарту склалі газы нафтавыя і вуглевадароды газападобныя, спецыфічныя тавары, сыры і тварог, матэрыялы кордныя для шын, верхняе адзенне жаночае тэкстыльнае, цукар, шыны, вылічальныя машыны для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі, машыны і прылады для пад'ёму, перамяшчэння, пагрузкі/разгрузкі, машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур.

Імпартаваліся пераважна насенне рапсу, хлеб і мучныя кандытарскія вырабы, фенолы, феноласпірты, шакалад і іншыя гатовыя харчовыя прадукты, якія змяшчаюць какаву, вуглевадароды ацыклічныя і цыклічныя, шыны, каўчук сінтэтычны, кетоны і хіноны, іх вытворныя, палімеры прапілену.

У Омскай вобласці дзейнічаюць 2 мультыбрэндавыя цэнтры па продажы і сэрвісным абслугоўванні беларускай тэхнікі: ТАА «Холдынг ВэлКом» і АТ «База Агракамплект». Працуюць фірменныя крамы СП ЗАТ «Мілавіца» (2) і СТАА «Белвест» (3).

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА



Даслоўна

«Мяжы для ўзаемадзеяння няма»

У размове з журналістамі губернатар Омскай вобласці Расіі Віталь Хацэнка адзначыў важнасць прамых авіязносін паміж Мінскам і Омскам. «Калі гаварыць пра новыя кірункі (супрацоўніцтва. — „Зв.“), то акрамя нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ёсць яшчэ і бюджэт Саюзнай дзяржавы, на які можна абапірацца. І мы прапануем субсідзіраваць прамыя авіярэйсы», — падзяліўся губернатар. 

Віталь Хацэнка мяркуе, што адным з напрамкаў маглі б стаць прамыя авіязносіны паміж Омскам і Мінскам. «Галоўнае, каб людзі кантактавалі, — перакананы кіраўнік расійскага рэгіёна. — Усё грунтуецца на чалавечых кантактах. Таму гэта вельмі важна — менавіта прамыя авіязносіны».

Губернатар таксама расказаў аб планах стварэння ў Омску аддзялення пасольства Беларусі ў Расіі. «Я вельмі ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тое, што наша прапанова па стварэнні консульскага падраздзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у Омску прынята і будзе рэалізавана. Прэзідэнт даў згоду і адпаведныя даручэнні, — адзначыў Віталь Хацэнка. — Добрая навіна, будзем і ў гэтым кірунку таксама рухацца».

У ліку кірункаў супрацоўніцтва Беларусі і Омскай вобласці Віталь Хацэнка назваў машынабудаванне: «Адзін з праектаў, пра якія сказаў і Прэзідэнт Беларусі, — гэта беларускае абсталяванне для даільных залаў, жывёлагадоўчых ферм і нашы омскія „мазгі“ (праграмнае забеспячэнне). Па сутнасці, атрымліваецца гатовы тавар як для нашых рынкаў — расійскага і беларускага, так і для рынкаў за межамі дзвюх нашых краін». 

Наступны кірунак супрацоўніцтва — сельская гаспадарка. «Мы праводзім выпрабаванні омскай селекцыі ў Беларусі і беларускай селекцыі ў Омску. Як бульбы, так і збожжавых, алейных культур», — заўважыў губернатар Омскай вобласці.

«Мы пагаварылі і пра крэатыўную індустрыю, такую як кінематограф. Мы прапанавалі таксама бюджэт Саюзнай дзяржавы накіроўваць на стварэнне сумесных кінафільмаў, — заявіў Віталь Хацэнка. — У планах зняць сумесны фільм, выкарыстоўваючы магутнасці кінастудыі „Беларусьфільм“ і омскага „12 канала“. Тут, мне здаецца, можа атрымацца цікавае ўзаемадзеянне».

Ён таксама пазначыў такія сферы, як культура, спорт і турызм, падрабязна спыніўшыся на турыстычным кірунку ўзаемадзеяння. «Мы ведаем, што ў Беларусі добрыя санаторыі, цудоўныя гісторыя, культура, прырода. І нам у Сібіры ёсць што паказаць», — перакананы кіраўнік расійскага рэгіёна.

«Калі гаварыць пра канкрэтныя праекты ўзаемадзеяння, омскі бізнес стварыў буйную вытворчасць тэхнічнага вугляроду на тэрыторыі Беларусі — „Омск Карбон Магілёў“. Нашы нафтахімічныя прадпрыемствы вельмі шчыльна кааперыруюцца ў пастаўках рознай наменклатуры тавараў, — падкрэсліў Віталь Хацэнка. — Мы бачым, што мяжы для ўзаемадзеяння няма, яно практычна бязмежнае па пастаўках тавараў, стварэнні новых відаў прамысловай прадукцыі».

Ён таксама адзначыў, што Омскую вобласць можна назваць свайго роду тэрыторыяй мегапраектаў. Адзін з іх — «Паўночны абход». «Гэта 70 кіламетраў, па сутнасці, магістральнай дарогі з некалькімі маставымі пераходамі цераз вялікую сібірскую раку Іртыш, цераз раку Ом. Дваццаць розных пуцеправодаў, тысячы працуючых чалавек. І мы запрашаем беларускія студэнцкія атрады паўдзельнічаць у гэтай будоўлі», — заявіў губернатар.

Віталь Хацэнка таксама звярнуў увагу, што ў бліжэйшы час будзе пачата будоўля новага аэрапортавага комплексу «Омск-Фёдараўка»: «Таксама хацелі б разгледзець і гатовыя, каб беларускія будаўнічыя кампаніі паўдзельнічалі ў конкурсе. Тым больш мы ведаем, што ў Беларусі ёсць моцныя будаўнічыя кампаніі — як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Тут мы таксама чакаем беларускія студэнцкія атрады».


У тэму

«Надасць дадатковы імпульс далейшаму павелічэнню тавараабароту»

Якія пытанні абмяркоўваў Віктар Каранкевіч з губернатарам Омскай вобласці

Пасля перагавораў з беларускім лідарам губернатар Омскай вобласці Расіі Віталь Хацэнка адправіўся ў Дом урада. Тут адбылася сустрэча кіраўніка расійскага рэгіёна з намеснікам Прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам. Бакі абмеркавалі супрацоўніцтва па многіх важнейшых кірунках, у тым ліку і па пасажырскім транспарце.

Як адзначыў Віктар Каранкевіч, наша краіна прапануе Омскай вобласці мадэрнізацыю трамвайных вагонаў, якая ўключае ў сябе выкананне капітальна-аднаўленчага рамонту калясак і ўстаноўку на іх новых трамвайных вагонаў беларускай вытворчасці. 

«Гатовыя разглядаць і іншыя кірункі супрацоўніцтва ў сферы гарадскога электрычнага транспарту, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер. — Ведаю, што для Омскай вобласці з’яўляецца актуальным пытанне абнаўлення парку пасажырскай тэхнікі. Разлічваем, што пастаўка ў бліжэйшы час закантрактаванай партыі з 24 аўтобусаў стане пачаткам будучай сістэмнай работы».

Намеснік Прэм’ер-міністра дадаў, што акрамя грузавой і камунальнай тэхнікі, Беларусь валодае значным патэнцыялам і ў галіне вытворчасці пажарных і аварыйна-выратавальных машын па поўным цыкле. «Пажснаб» — сучаснае беларускае прадпрыемства, якое выконвае распрацоўку і серыйны выпуск пажарнай тэхнікі з 2002 года. Якасць тэхнікі пацверджана яе пастаўкамі шырокаму колу спажыўцоў у Расіі, у тым ліку МНС.

Віктар Каранкевіч адзначыў, што візіт губернатара сведчыць аб высокім узроўні ўзаемнай цікавасці да супрацоўніцтва, а таксама наяўнасці комплексу пытанняў да абмеркавання. «У ходзе вашай сённяшняй сустрэчы з кіраўніком дзяржавы былі абазначаны прыярытэтныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва. Хацеў бы запэўніць, што з боку ўрада Беларусі будуць прыняты вычарпальныя меры па іх рэалізацыі», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Частка актуальных задач таксама была пастаўлена падчас сустрэчы губернатара з Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным падчас XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Адзін з вынікаў — правядзенне бізнес-форуму і пасяджэння Сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве. 

«Беларускі бок разлічвае, што гэтыя мерапрыемствы дазволяць нарасціць узаемныя сувязі паміж дзелавымі коламі і надаць дадатковы імпульс далейшаму павелічэнню тавараабароту, які традыцыйна дэманструе рост», — рэзюмаваў Віктар Каранкевіч.

Віталь Хацэнка ў сваю чаргу адзначыў, што партнёрства з Беларуссю мае даўнюю гісторыю. Краіна — у тройцы вядучых знешнегандлёвых партнёраў расійскага рэгіёна. «Будзем і далей рабіць так, каб наш тавараабарот быў яшчэ больш значным. Дарэчы, сёння мы плануем падпісаць новы план на бліжэйшыя тры гады ў рамках пасяджэння Сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве», — звярнуў увагу ён.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю