З цэлым народам гутарку весці
Ацэньваючы падзеі апошняга дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя, не трэба забываць пра рэальную абстаноўку на тэрыторыі разбуранага Савецкага Саюза, часткай якога з’яўлялася Беларусь. Ва ўмовах калапсу цэнтральнай улады быў запушчаны «парад суверэнітэтаў», ініцыяваны ў 1990 годзе і завершаны 8 снежня 1991-га падпісаннем у Белавежскай пушчы заявы аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў і аб тым, што СССР «як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне».
У дачыненні да Рэспублікі Беларусь варта адзначыць, што краіна стала на суверэнны шлях развіцця, аднак захавала сістэму ўлады папярэдняй эпохі. У перыяд з 1990-га па 1994 гады парламентам Беларусі з’яўляўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, выбраны ў маі 1990 года як Вярхоўны Савет БССР і перайменаваны ў верасні 1991-га. Па сваёй сутнасці гэта быў аднапалатны пастаянна дзейны орган, які ўключаў 360 дэпутатаў, а краіна з’яўлялася парламенцкай рэспублікай.
Нацыянальныя палітычныя эліты абвясцілі курс на «свабодны рынак» і запусцілі працэсы прыватызацыі, якія знішчаюць нацыянальны суверэнітэт і здабытак і адкрываюць шлях да асабістага ўзбагачэння. Інтарэсы беларускага народа пры гэтым падмяняліся папулісцкімі лозунгамі і дэмагогіяй, адбывалася збядненне людзей, а краіна выстаўлялася на распродаж.
Па сутнасці, у гісторыі Беларусі з’явіўся перыяд безуладдзя і анархічнага бязмежжа, калі пад выглядам «рэвалюцыйных» змен рэалізоўваўся сцэнарый сучаснай каланізацыі і фарміравання кіраванай звонку нацыянальнай эліты. Тым больш што гэты варыянт вельмі паспяхова быў ажыццёўлены ў нашых суседзяў — у Літве, Латвіі і Эстоніі.
Аб складанасці палітычных працэсаў у дзяржаве можа сведчыць той факт, што Асноўны Закон нашай краіны — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята толькі 15 сакавіка 1994 года.
У адпаведнасці з ёй заканадаўча афармляўся інстытут Прэзідэнцтва, а Беларусь станавілася парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Аднак кожная з палітычных сіл прасоўвала ўласны парадак дня і сваё бачанне будучага развіцця краіны. На прэзідэнцкую пасаду прэтэндавалі шэсць кандыдатаў, якія прадстаўлялі розныя сацыяльныя групы. У краіне не было ні адзінства, ні рэальнага падыходу да пераадолення крызісных працэсаў, а дзяржава знаходзілася на краі бездані.
У прэзідэнцкіх выбарах 1994 года перамогу ў другім туры 10 ліпеня атрымаў Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 80,34 % галасоў пры яўцы 70,6 %. Інаўгурацыя адбылася 20 ліпеня. У тым жа 1994-м была зацверджана Праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі з крызісу.
Аднак напружанне ва ўнутрыпалітычнай сферы не зменшылася. Былі актыўна задзейнічаны парламенцкія рычагі для супрацьдзеяння рэформам, ініцыяваным новавыбраным Прэзідэнтам. Тым больш ва ўмовах парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі парламент адыгрываў вядучую ролю.
У гэтых умовах Аляксандр Лукашэнка ўпершыню напрамую звярнуўся да беларускага грамадства праз механізм рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся 14 мая 1995 года. На суд народа былі вынесены жыццёва важныя для краіны ініцыятывы: аб наданні рускай мове, нароўні з беларускай, статусу дзяржаўнай; аб змяненні дзяржаўнай сімволікі; аб падтрымцы дзеянняў Прэзідэнта, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй; аб неабходнасці ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі.
Беларусы падтрымалі кіраўніка дзяржавы. У галасаванні на рэспубліканскім рэферэндуме ўзялі ўдзел 64,8 % грамадзян, якія мелі на гэта права. За наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай прагаласавалі 83,3 % выбаршчыкаў, за ўстанаўленне новых Дзяржаўнага флага і Дзяржаўнага герба — 75,1 %. Дзеянні Прэзідэнта, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расіяй, падтрымалі 83,3 % грамадзян, а ўнясенне змяненняў у дзеючую Канстытуцыю — 77,7 %.
Кардынальныя змяненні без рэвалюцыі
Наступныя спробы прэзідэнцкай улады ўзяць грамадска-палітычную сітуацыю пад кантроль і вывесці краіну з крызісу наткнуліся на супраціўленне парламенцкай фракцыі Беларускага народнага фронту і дэпутатаў, якія далучыліся да яе. Дасягнуты ў 1994 годзе элітамі краіны кампраміс выліўся ў востры канстытуцыйны крызіс. Ішла рэальная вайна за будучыню краіны, дзе інтарэсы народа рэальна адстойваў Прэзідэнт, а шматлікія палітычныя групы ўплыву змагаліся за ўладу і ўласны дабрабыт.
У жніўні 1996 года Аляксандр Лукашэнка напрамую звярнуўся да беларускіх грамадзян, заявіўшы, што рознагалоссі парламента і Прэзідэнта павінен вырашыць народны рэферэндум. 9 кастрычніка на рэспубліканскай нарадзе працаўнікоў агракомплексу ён так вызначыў сваю праграму: «Беспаспяховыя спробы наладзіць канструктыўнае супрацоўніцтва з Вярхоўным Саветам... толькі ў выніку канстытуцыйнай рэформы мы зможам сысці нарэшце ад бясконцых бессэнсоўных палітычных баталій наверсе і засяродзіцца на праблемах, якія больш за ўсё хвалююць нашых людзей... Менавіта ў моцнай уладзе сёння выратаванне для нашай дзяржавы і эканомікі...»
Вярхоўны Савет ідэю падтрымаў, але пры гэтым дэпутаты вырашылі вынесці на народнае абмеркаванне пытанне аб скасаванні пасады Прэзідэнта і ператварэнні рэспублікі ў парламенцкую. Па сутнасці, менавіта форма сістэмы кіравання дзяржавай з’яўлялася краевугольным каменем супярэчнасцяў. Аляксандр
Лукашэнка прапанаваў мадэль прэзідэнцкай рэспублікі.
Такім чынам, на другі рэспубліканскі рэферэндум былі вынесены два праекты абноўленай Канстытуцыі. Пытанняў, ініцыяваных Прэзідэнтам, было чатыры: аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю (прапанаваных Прэзідэнтам); аб пераносе Дня Незалежнасці на 3 ліпеня; аб увядзенні свабоднай, без абмежаванняў, куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння; аб адмене смяротнага пакарання. Пытанняў, прапанаваных парламентам, тры: прыняцце Канстытуцыі з папраўкамі дэпутатаў (парламенцкая мадэль); прамыя выбары кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў улады; фінансаванне ўсіх галін улады галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту.
У выніку галасавання 24 лістапада 1996 года праект Канстытуцыі, прапанаваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам, падтрымалі 70,45 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, праект Вярхоўнага Савета — толькі 7,9 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.
За скупымі лічбамі статыстыкі складана зразумець значэнне гэтага выніку для будучыні краіны. Аднак менавіта гэта падзея стала сапраўды рэвалюцыйнай для нашай дзяржавы. Прычым кардынальныя змяненні былі дасягнуты без кровапраліцця і грамадзянскай вайны, што на прасторах былога Савецкага Саюза стала выключэннем з правілаў.

Крэдыт даверу для ўлады
Цяпер паспрабуем разабрацца ў сутнасці змяненняў, якія адбыліся, і далейшых пераўтварэнняў. Распад СССР стварыў умовы для самастойнага развіцця Беларусі, але не змяніў сістэму кіраўніцтва. Нават Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, перайменаваны ў парламент, не зведаў змяненняў ні па складзе, ні па ідэалогіі функцыянавання. Прадэклараванае стварэнне парламенцкай рэспублікі не стала ёю па сутнасці, паколькі сістэма адносін папярэдняй эпохі не была трансфарміравана.
Этап 1991–1996 гадоў трэба разглядаць як час станаўлення сучаснай дзяржаўнасці або пераходны перыяд. Рэферэндум 1996 года замацаваў прынцыпова новы сацыяльна-палітычны лад краіны — прэзідэнцкую рэспубліку — і стварыў умовы для карэннага і радыкальнага злому старой сістэмы кіравання. Змяніліся форма палітычнага праўлення, падыходы да ўласнасці на сродкі вытворчасці, да выбудоўвання ўладнай вертыкалі. І, самае галоўнае, усё гэта было ажыццёўлена шырокімі масамі насельніцтва праз народны рэферэндум. Улада атрымала крэдыт даверу ад народа, а грамадства кансалідавалася для сумеснай работы па выхадзе з крызісу і далейшым развіцці.
Прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам план па стабілізацыі абстаноўкі і выхаду з крызісу, дзякуючы новым прэзідэнцкім паўнамоцтвам і падтрымцы народа пачаў рэалізоўвацца. Асноўнымі прыярытэтамі вызначаліся: спыненне падзення вытворчасці і гіперінфляцыі, спыненне збяднення грамадзян; пераход да рыначнай эканомікі пад жорсткім дзяржаўным кантролем («дыктатура закону»); падтрымка рэальнага прадпрымальніцтва, вызваленне бізнесу ад «дзяржаўнага рэкету»; барацьба з карупцыяй; аднаўленне раўнапраўных, узаемавыгадных сувязяў з традыцыйнымі партнёрамі (у першую чаргу з Расіяй і краінамі былога СССР); захаванне дзяржаўных гарантый у сацыяльнай сферы; адрасная падтрымка ключавых прадпрыемстваў прамысловасці і аграпрамысловага комплексу незалежна ад форм уласнасці.
Падтрымка людзей — і ёсць дэмакратыя
На сваё здзіўленне, выявіў у Вікіпедыі, што падзеі 1995-1996 года ў Беларусі ацэньваюцца як «дзяржаўны пераварот», а рэферэндум 24 лістапада 1996-га з’яўляецца яго вынікам. Так і хочацца сказаць: «А пра што вы, паважаныя, кажаце?»
Згодна з артыкуламі 83 і 149 Канстытуцыі 1994 года, змяненні і дапаўненні Канстытуцыі маглі быць ажыццёўлены як Вярхоўным Саветам, так і шляхам правядзення рэспубліканскага рэферэндуму. У тым выпадку, калі Вярхоўны Савет прызначыў рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, то рашэнне, прынятае шляхам народнага галасавання, з’яўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» канчатковым. На падставе артыкула 77 Канстытуцыі яно можа быць адменена або зменена толькі шляхам рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана рэферэндумам.
Законны Прэзідэнт краіны вынес на ўсеагульнае абмеркаванне найважнейшыя для краіны палажэнні і атрымаў падтрымку беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнасці, якая зараджалася. Ён атрымаў бясспрэчную падтрымку ўсіх пластоў грамадства і выканаў узятыя на сябе абавязацельствы. І гэта «недэмакратычна»?
У найноўшай гісторыі Беларусі рэферэндумы праводзіліся яшчэ двойчы — у 2004 і 2022 гадах. У рамках першага на абмеркаванне грамадства было вынесена толькі адно пытанне: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні?»
Беларускі народ падтрымаў свайго лідара. «За» прагаласавала 79,42 % (5 548 477 чал.) ад колькасці грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. «Супраць» адабрэння вынесенага на рэферэндум пытання прагаласавала 9,9 % (691 917 чал.) ад колькасці грамадзян, унесеных у спісы для галасавання, 67 001 бюлетэнь прызнаны несапраўдным.
Рэферэндум 2022 года быў звязаны з унясеннем змяненняў у Канстытуцыю краіны. Сярод найбольш значных — павелічэнне ўзроставага цэнзу і цэнзу аселасці для ўдзельнікаў прэзідэнцкіх выбараў; замацаванне за Усебеларускім народным сходам статуса найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя; абмежаванне заканадаўчай функцыі
Прэзідэнта; павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу (парламента) да пяці гадоў; пашырэнне паўнамоцтваў Прэм’ер-міністра, павелічэнне яго ролі ў фарміраванні ўрада і ў бюджэтнай сферы; замацаванне ў Канстытуцыі палажэння, паводле якога «шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны».
Традыцыйна, пасля апублікавання праекта Канстытуцыі, прайшло адкрытае абмеркаванне яго палажэнняў на пляцоўцы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. Паступіла 8919 водгукаў і прапаноў ад грамадзян краіны. 99,25 % з іх падтрымалі праект змен. Нарэшце, 27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум.
У галасаванні ўзялі ўдзел 5 359 403 грамадзяніны (78,63 % ад колькасці грамадзян, унесеных у спісы). «За» выказаліся 4 440 830 грамадзян (82,86 % ад тых, хто прыняў удзел у галасаванні). «Супраць» прыняцця змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавала 684 946 удзельнікаў рэферэндуму (12,78 %), 4,36 % бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі. Прэзідэнта падтрымалі 65,16 % грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Сёння Рэспубліка Беларусь мае ўсе атрыбуты дзяржаўнасці, з’яўляецца самадастатковай, паспяхова развіваецца, будуе сацыяльна арыентаванае грамадства, а заходнія гора-даследчыкі ўпарта называюць гэта «татальнай дыктатурай». Мы, беларусы, сфарміравалі ўласную самабытную палітычную культуру, у аснове якой — чалавек і яго патрэбы. Мы не забіваем уласных лідараў і прэзідэнтаў, не дапускаем разгулу злачыннасці і шануем стабільнасць, знаходзім варыянты рашэнняў у самых складаных умовах, не адмаўляючыся ад нацыянальных інтарэсаў, захоўваючы гістарычныя каштоўнасці і вырашаючы самыя складаныя пытанні прамым галасаваннем.
Гэта і ёсць сапраўдная дэмакратыя, у аснове якой — традыцыя вырашаць самыя складаныя пытанні разам, усёй грамадой. На жаль, пра гэта даўно забыліся ў заходнім свеце, дзе палітычнае абяцанне не ёсць кіраўніцтва да дзеяння, а выключна перадвыбарчая прома-акцыя. Магчыма, імкненне да кансэнсусу і ўменне слухаць і чуць адно аднаго — тая ісціна, якую Беларусь можа прапанаваць у якасці адной з базісных асноў шматпалярнага свету, што фарміруецца на нашых вачах.
Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар