Top.Mail.Ru

Аб чым Прэзідэнт гаварыў з членамі Савета дырэктараў МТРК «Мір»

У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу ў Палацы Незалежнасці з членамі Савета дырэктараў Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір». Сустрэча з беларускім лідарам адбылася напярэдадні пасяджэння Савета дырэктараў тэлерадыёкампаніі. На сустрэчы былі абмеркаваны пытанні інфармацыйнай палітыкі.


Прэзідэнт цёпла вітаў членаў Савета дырэктараў у Палацы Незалежнасці. У ліку ўдзельнікаў сустрэчы — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, паўнамоцны прадстаўнік Беларусі ў МТРК «Мір», член Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета МТРК «Мір» Уладзімір Пярцоў; намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі — прэс-сакратар Прэзідэнта Расіі і старшыня Савета дырэктараў МТРК «Мір» Дзмітрый Пяскоў; старшыня ЗАТ «Міждзяржаўная тэлекампанія «Мір» Радзік Батыршын.

Акрамя таго, у сустрэчы ўзялі ўдзел кіраўнікі нацыянальных прадстаўніцтваў і філіялаў МТРК «Мір» з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Таджыкістана, а таксама дырэктар Паўночна-Каўказскага філіяла тэлерадыёкампаніі і кіраўнік яе прадстаўніцтва ў Кабардзіна-Балкарыі.


«Узровень людзей, якія глядзяць і аналізуюць вашы перадачы, вельмі высокі»

Звяртаючыся да членаў Савета дырэктараў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Сустрэча з журналістамі заўсёды хвалюючая, і да яе па-асабліваму рыхтуюцца мае калегі ў тым ліку. Вельмі разлічваю на тое, што ў душы вы лічыце Мінск не чужым горадам. Прынамсі, вы павінны разумець, што калегі нашы прыехалі ў сваю родную рэспубліку, у свой родны Мінск. Гэтым мы, напэўна, ад усіх іншых і адрозніваемся ў свеце — сваёй добразычлівасцю і гасціннасцю. Таму вы прыехалі да сябе дадому». 


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аўдыторыя тэлеканала — больш за 180 мільёнаў чалавек, і дадаў, што не кожная кампанія можа такім пахваліцца. «Можа, ёсць і больш буйныя кампаніі... Але ўзровень людзей, якія глядзяць і аналізуюць вашы перадачы, вельмі высокі. Я сябе, прабачце за нясціпласць, таксама прылічваю да гэтага ўзроўню. І скажу шчыра, што не бывае таго дня, каб я некалькі разоў не націснуў кнопку і не ўключыў, як мінімум, навіны. Але ў асноўным тэлевізійны канал гляджу», — падзяліўся беларускі лідар. 

Прэзідэнт сказаў, што яму заўсёды цікава даведацца, як справы ў сяброў і братоў у іншых краінах, з якімі некалі жылі ў адной дзяржаве — Савецкім Саюзе. «А што там у Таджыкістане? А што ў Кыргызстане, Казахстане? Як там нашы сябры, блізкія, родныя браты жывуць? Я ўжо не гавару пра Расію. У нас у Беларусі глядзяць практычна ўсе расійскія каналы», — звярнуў увагу ён.


«Стабільнасць для дзяржавы — найважнейшы фактар»

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што цяпер нярэдка гавораць аб тым, быццам моладзь амаль не глядзіць тэлевізар. «Апошнія даследаванні, якія мы праводзілі, сведчаць, што ў нас тэлевізар людзі глядзяць вельмі сур’ёзна. Бачу, што ў Беларусі тэлевізар вельмі паважна людзі ўспрымаюць, не адмаўляючыся ад інтэрнэту. Абсалютна. Але калі інтэрнэт у Беларусі дэструктыўную ролю адыгрывае, мы не задумваючыся прымаем адпаведныя меры. Не задумваючыся, што б там ні верашчалі з усіх бакоў, мы прымаем адпаведныя меры, таму што стабільнасць для дзяржавы — найважнейшы фактар, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы гэта перажылі ў 2020 годзе і не хочам, каб гэта паўтарылася. Тады пад ударам, перш за ўсё, апынуліся нашы журналісты». 


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вайна пакуль вядзецца ў медыяпрасторы і ён спадзяецца, што гэтыя сутыкненні ўсё ж не перарастуць у рэальныя. «Я падводжу вас да таго, што сёння ў свеце вельмі неспакойна. Сёння ў свеце мы ваюем, але пакуль ваюем на інфармацыйным полі, у сродках масавай інфармацыі. І я часта гавару: дзякуй богу, што гэта пакуль у сродках масавай інфармацыі і не выліваецца ў нейкія канфлікты, як ва Украіне сёння адбываюцца падзеі. Таму пакуль ваюем у СМІ, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Можа быць, добра скончыцца гэта вайна — неяк яна сыдзе на спад. І калі мы толькі паваюем у СМІ, то гэта яшчэ больш-менш памяркоўна. Але вам, журналістам, дастаецца». 


«Для нас гэта важная „зброя“ для абароны нашай агульнай прасторы»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць развіцця тэлерадыёкампаніі па ўсіх кірунках (тэлебачанне, радыёвяшчанне, работа ў інтэрнэце) і падкрэсліў, што спыняцца нельга. «На якім бы ўзроўні мы ні знаходзіліся, усё роўна трэба развівацца, — арыентаваў беларускі лідар. — У якім кірунку развівацца, вы вызначайце самі, уносьце прапановы. Вы ведаеце, што кіраўнікі дзяржаў у СНД выдатна разумеюць, што цяпер вялікі цяжар на вас: вайна ідзе, як я сказаў, на полі інфармацыйным. Мы будзем у гэтым плане вашы разумныя ініцыятывы заўсёды падтрымліваць». 


Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сёння тэлеканал «Мір» глядзяць усе кіраўнікі дзяржаў — членаў СНД. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што МТРК «Мір» стваралася пасля распаду СССР. «Гэта правільна было зроблена — каб захаваць адзіную інфармацыйную прастору. І ён (тэлеканал. — „Зв.“) такім аб’яднальным інструментам як тады выступаў, так і цяпер, развіваючыся, выступае такім аб’яднальным інструментам і пляцоўкай для дыялогу ў інфармацыйнай прасторы. Гэта адзін з вядучых еўразійскіх каналаў. Я рады, што такі канал існуе, і беларусы будуць рабіць усё для таго, каб ён развіваўся. Для нас гэта важная „зброя“ для абароны нашай агульнай (інфармацыйнай. — „Зв.“) прасторы», — рэзюмаваў беларускі лідар. 

МТРК «Мір» створана ў 1992 годзе ў мэтах захавання агульнай інфармацыйнай прасторы і садзейнічання міжнароднаму абмену інфармацыяй у СНД. Сёння МТРК «Мір» — гэта тэлеканалы «Мір», «Мір 24», радыёканал «Мір», інфармацыйна-аналітычны інтэрнэт-партал MIR24.TV, а таксама шматфункцыянальная спадарожнікавая сістэма «Мір-Тэлепорт».


Узор адказнай журналістыкі

Падчас сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі — прэс-сакратар Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, старшыня Савета дырэктараў МТРК «Мір» Дзмітрый Пяскоў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за сустрэчу і сказаў, што яны заўсёды рады прыязджаць на цудоўную беларускую зямлю і ў Мінск, адчуваючы сябе як дома. Ён дадаў, што гэта датычыцца абсалютна ўсіх. І што для яго асабіста, і для калег вялікі гонар быць прынятымі кіраўніком беларускай дзяржавы. 

Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што ўвесь час свайго існавання — 34 гады — «Мір» дэманструе ўзор адказнай журналістыкі, і гэта адзін з фактараў, які дазволіў кампаніі развівацца і стаць буйным мультымедыйным холдынгам. 


Старшыня Савета дырэктараў МТРК «Мір» выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі за ўвагу да тэлеканала і ўзгадаў канал навін «Мір 24», які запатрабаваны ў гледача, асабліва ў сучасным неспакойным свеце «Спадзяёмся, што мы апраўдваем усе чаканні нашых лідараў, таму што менавіта нашы лідары задаюць тон», — рэзюмаваў Дзмітрый Пяскоў.


Даслоўна

У размове з журналістамі старшыня закрытага акцыянернага таварыства «Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія «Мір» Радзік Батыршын расказаў, што на сустрэчы ў Прэзідэнта з членамі Савета дырэктараў МТРК «Мір» пра тэлерадыёкампанію гаварылі як пра агульны здабытак усёй Садружнасці Незалежных дзяржаў. Ён таксама дадаў, што цяперашняе мерапрыемства стала другой сустрэчай членаў Савета дырэктараў МТРК «Мір» з Прэзідэнтам Беларусі, папярэдняя была 20 гадоў таму. 

Журналісты ўзгадалі агучаную падчас сустрэчы параду беларускага лідара актыўна развівацца далей і словы аб гатоўнасці беларускага боку падтрымаць любую слушную прапанову і пацікавіліся ў Радзіка Батыршына, якія ініцыятывы плануюцца да рэалізацыі. Кіраўнік медыяхолдынга найперш палічыў патрэбным заўважыць, што дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта беларускае прадстаўніцтва МТРК, нягледзячы на невялікі штат, рыхтуе вялікую колькасць якаснага і разнастайнага кантэнту. 


«Калі казаць пра перспектывы развіцця, то ва ўмовах, калі маладыя гледачы сыходзяць у сацыяльныя сеткі і Інтэрнэт, неабходна дзейнічаць у іншых фарматах. Гэта рылсы, вертыкальныя відэа, падкасты... Лепш, калі такі кантэнт будзем рабіць мы, прафесійныя журналісты, чым яны (маладыя гледачы. — „Зв.“) будуць глядзець кантэнт, які нельга аднесці да пазнавальнага або канструктыўнага, — сказаў Радзік Батыршын. — Гэта, мабыць, асноўная стратэгічная мэта».


Яшчэ адным напрамкам развіцця МТРК «Мір» ён назваў выкарыстанне штучнага інтэлекту ў распрацоўцы кантэнту. «Мы ў СНД досыць позна сталі выкарыстоўваць штучны інтэлект у нашай дзейнасці. Просты прыклад: навошта набіраць субцітры ўручную? Для гэтага ёсць штучны інтэлект, які можа зрабіць гэта хутчэй», — адзначыў старшыня МТРК «Мір». Па яго словах, гэтыя два кірункі — найбольш яркія.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю