Звяртаючыся да членаў Прэзідыума УНС, беларускі лідар адзначыў: «Мы сабраліся напярэдадні найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі нашай краіны — пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. Для УНС гэты год, 2026-ы — юбілейны (гэтаму інстытуту спаўняецца 30 гадоў. — „Зв.“). На чарговым пасяджэнні УНС плануецца разгляд важных пытанняў. Таму сёння мы з вамі павінны зацвердзіць праект парадку дня гэтага пасяджэння».
Як і летась, на сходзе будзе традыцыйна абвешчана Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту, працягнуў беларускі лідар: «Мы таксама разгледзім кадравыя пытанні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Акрамя таго, упершыню на пасяджэнні УНС трэба будзе выбраць старшыню і членаў нашай Цэнтральнай выбарчай камісіі».
Яшчэ адным пытаннем парадку дня стане даклад Прэм’ер-міністра аб ходзе выканання ў бягучым годзе Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. «Я ведаю, што ад дэлегатаў паступілі пэўныя пытанні, якія датычацца рэалізацыі гэтай праграмы, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таксама хацелася б сёння абмеркаваць і пачуць, як рухаецца работа па падрыхтоўцы будучага пасяджэння УНС і як мы рыхтуемся да святкавання юбілею нашага сходу. Я прасіў бы вас, каб мы гэта зрабілі аператыўна, без усялякіх разглагольстваванняў. Пытанні больш чым зразумелыя».
Аляксандр Лукашэнка падзяліў пытанні на некалькі блокаў. Першы блок датычыўся прыняцця рашэння па парадку дня. Другі — блок кадравых пытанняў. Кіраўнік дзяржавы выказаў жаданне абмеркаваць з удзельнікамі пасяджэння рашэнні па кадрах. І трэці блок — даклад Прэм’ер-міністра. «Урад займаецца ўсімі асноўнымі пытаннямі будучага пасяджэння УНС, і Прэм’ер-міністр нас праінфармуе, як ідзе гэта падрыхтоўка», — падкрэсліў беларускі лідар.
***
Трэцяе пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу пройдзе ў Мінску 17-18 снежня 2026 года. Пасяджэнне УНС у канстытуцыйным статусе з 2024 года праходзіць штогод. Гэты год для УНС з’яўляецца юбілейным — спаўняецца 30 гадоў з даты правядзення першага сходу ў кастрычніку 1996 года.
Усебеларускі народны сход — найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы і які забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.
Назва Паслання Прэзідэнта — як у Канстытуцыі
Па выніках пасяджэння рашэннем Прэзідыума УНС зацверджаны парадак дня трэцяга пасяджэння VII УНС.
Намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец адзначыў, што першы дзень, 17 снежня, будзе цалкам прысвечаны Пасланню Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі народу Беларусі і парламенту. Менавіта так цяпер называецца гэты штогадовы зварот — як у Канстытуцыі. Раней ён традыцыйна называўся Пасланнем Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
У другі дзень, 18 снежня, плануецца заслухаць даклад Прэм’ер-міністра аб выкананні ў бягучым годзе Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026—2030 гады. Акрамя таго, на парадак дня будуць вынесены і кадравыя пытанні. «Прэзідэнту былі ўнесены прапановы аб выбранні і вызваленні суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. На галасаванне вынесуць пытанні аб вызваленні аднаго і выбранні аднаго суддзі КС, выбранні сямі і вызваленні ад пасад трох суддзяў ВС. «Вакантнымі яшчэ застаюцца адна пасада суддзі ВС і намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда», — дадаў намеснік старшыні УНС. Акрамя таго, па словах Аляксандра Косінца, кіраўніком дзяржавы былі ўнесены прапановы па кандыдатурах старшыні і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. «Нам неабходна будзе выбраць 12 членаў разам са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі», — паведаміў ён.
Намеснік Старшыні УНС звярнуў увагу на яшчэ адно вельмі важнае пытанне: паўнамоцтвы члена Прэзідыума УНС Юрыя Шулейкі як дэлегата ад выканаўчай галіны ўлады былі датэрмінова спыненыя 23 лістапада 2026 года. У адпаведнасці з Законам «Аб Усебеларускім народным сходзе» спыненне паўнамоцтваў дэлегата адбываецца аўтаматычна. Пры гэтым наяўнасць вакансіі члена Прэзідыума УНС не ўплывае на кворум пасяджэння Прэзідыума і на кворум прыняцця ім пастаноў і рашэнняў. Таму прынята рашэнне аб не замяшчэнні дадзенай вакансіі.

Даслоўна
«УНС пройдзе, як заўсёды, на высокім узроўні»
Па выніках пасяджэння Прэзідыума УНС намеснік Cтаршыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец паведаміў, што на сёння працягваецца вырашэнне арганізацыйных пытанняў правядзення трэцяга пасяджэння VII УНС і працэс ідзе досыць інтэнсіўна. У цэлым асноўныя пытанні вырашаны. «Мы гатовыя да правядзення трэцяга пасяджэння VII УНС. Упэўнены, што яно пройдзе, як заўсёды, на высокім узроўні», — падкрэсліў Аляксандр Косінец. Першы дзень, 17 снежня, будзе цалкам прысвечаны пасланню Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі народу Беларусі і парламенту. У другі дзень, 18 снежня, плануецца заслухаць даклад Прэм’ер-міністра аб выкананні ў гэтым годзе Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026—2030 гады, а таксама разгледзець кадравыя пытанні. Акрамя таго, у парадак уключаны пытанне аб зацвярджэнні каштарысу расходаў Усебеларускага народнага сходу на 2027 год.
Аляксандр Косінец падкрэсліў, што гэты год для УНС з’яўляецца юбілейным — спаўняецца 30 гадоў з даты правядзення першага сходу ў кастрычніку 1996-га. Да гэтай знамянальнай даты заснаваны юбілейны медаль, выдадзена кніга-фотаальбом, якая адлюстроўвае гісторыю краіны, ролю Прэзідэнта Беларусі І Усебеларускага народнага сходу ў развіцці дзяржавы.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА