Top.Mail.Ru

У Гродзенскім аблвыканкаме прадставілі новага памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці

У панядзелак на гэтую пасаду кіраўнік дзяржавы прызначыў Дзмітрыя Гарадзецкага. Нагадаем, да гэтага ён займаў пасаду першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама, курыраваў ключавыя пытанні эканомікі і аграпрамысловага комплексу рэгіёна. У мінулым таксама кіраваў галоўным фінансавым упраўленнем аблвыканкама, адміністрацыяй Ленінскага раёна Брэста і Жабінкаўскім райвыканкамам.



Прымаючы кадравае рашэнне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што новы памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці павінен стаць трывалай падтрымкай для мясцовых улад у пытаннях развіцця АПК і перапрацоўчай галіны. Сярод ключавых задач — захаванне высокіх тэмпаў росту сацыяльна-эканамічных паказчыкаў у рэгіёне і паляпшэнне дабрабыту жыхароў ва ўсіх раёнах.

Учора Дзмітрыя Гарадзецкага прадставіў актыву вобласці намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Матусевіч. Гаворачы аб задачах, якія стаяць перад новым памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Гродзенскай вобласці, ён нагадаў, што іх паставіў Аляксандр Лукашэнка і ў час наведвання Смаргонскага раёна, і ў першую чаргу яны тычацца навядзення парадку на зямлі і развіцця аграпрамысловага комплексу.

— Зразумела, Дзмітрый Гарадзецкі, будучы першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама, вырашаў вельмі шырокае кола пытанняў, у тым ліку ў сельскагаспадарчай галіне. І хоць Гродзенская вобласць сама паказвае высокую культуру земляробства і выдатную ўраджайнасць, але варта адзначыць, што культура земляробства ў многіх раёнах і сярэдняя ўраджайнасць могуць быць вышэйшыя. Таму перадавы вопыт брэсцкіх калег тут дакладна спатрэбіцца.

Сярод прыярытэтных кірункаў — кадравая палітыка і прыцягненне інвестыцый.

— На сённяшнім этапе не так шмат буйных інвестпраектаў у рэгіёне, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — У апошнія гады вобласць актыўна развівалася за кошт маштабных праектаў кампаніі «Кранашпан» (цяпер — «Ультрадэкор») і групы кампаній «Садружнасць». Побач узводзілася Беларуская АЭС у Астраўцы. Цяпер такіх буйных праектаў у вобласці няма. У перспектыве гэта можа адбіцца на дынаміцы развіцця рэгіянальнай эканомікі. Каб гэтага не здарылася, трэба актыўна шукаць новыя пункты росту, і гэта адна з ключавых задач.

Дзмітрый Матусевіч і і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў падзякавалі за работу ў рэгіёне на пасадзе памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці Канстанціна Бурака. У панядзелак кіраўнік дзяржавы даў згоду на яго прызначэнне на пасаду першага намесніка генеральнага сакратара СНД.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю