Top.Mail.Ru

Вывучаючы насельнікаў рэк і азёр Беларусі, іхтыёлагі адкрываюць для сябе і нас дзівосны свет, пра які мы шмат чаго яшчэ не ведаем

25.11.2026 | 10:18
Як і чаму мяняецца відавы склад рыб у вадаёмах Беларусі? Якія інвазійныя віды ўяўляюць небяспеку для нашай іхтыяфаўны? Што застаецца таямніцай у падводным царстве для навукоўцаў? Які міф аб рыбнай лоўлі самы ўстойлівы?

Размаўляем пра гэта з загадчыцай лабараторыі іхтыялогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдатам біялагічных навук, дацэнтам Аленай Гайдучэнка.

Сярод чужародных відаў рыб ёсць сапраўдныя бандыты

— Алена Сяргееўна, як і чаму ў вадаёмы Беларусі трапляюць чужародныя прадстаўнікі іхтыяфаўны?

— У сярэдзіне XІX стагоддзя грузапасажырскія судны пачалі хадзіць па Прыпяці, Дняпры, Сожы. Тады ў Беларусь завезлі бычкоў. Але ў той час гэта не было праблемай. А вось у пачатку XX стагоддзя змянілі натуральны рэжым рачнога сцёку, каб зрабіць яго зручнейшым для гаспадарчай дзейнасці, пабудавалі каскад вадасховішчаў на Дняпры і тым самым прыкметна змянілі ўмовы ў рацэ: з’явіліся шырокія акваторыі са стаялай вадой, дзе стала цяплей. Гэта паслужыла трыгерам для чужародных відаў з Чорнага мора: яны змаглі спакойна паднімацца ў Днепр, Прыпяць, адаптаваліся там і рухаліся далей. Сёння нам вядома 18 чужародных відаў — тых, якія раней не існавалі ў вадаёмах Беларусі. З іх тры інвазійныя, то-бок такіх чужародных, якія ўяўляюць небяспеку, наносяць шкоду мясцовай іхтыяфаўне.

— Раскажыце пра гэтых траіх, калі ласка, падрабязней.

— Гэта ратан-галавешка, амерыканскі сомік і бычок-пясочнік. Ратан-галавешка хоць і наносіць шкоду, але ўбудаваўся ў нашу экасістэму: на яго могуць нападаць акунь, шчупак, судак. І бычка-пясочніка могуць есці нашыя драпежнікі. А вось амерыканскі сомік — гэта абсалютны бандыт. З-за шыпоў у грудных і ў спінным плаўніках ні адна рыба не можа яго атакаваць. Ён распраўляецца нават са шчупакамі: калі яго заглынаюць, сомік выпроствае шыпы, і шчупак гіне. У Еўропу з ЗША сомік патрапіў у якасці дэкаратыўнай рыбкі. А адтуль яго завезлі ў вадаёмы Маларыцкага раёна. Навукоўцы зараз хочуць увесці спецыяльны тэрмін — хуліганская інтрадукцыя, гэта значыць свядомае незаконнае засяленне чужародных відаў. Зразумела, такія дзеянні павінны карацца.

— Ці мяняецца колькасць традыцыйных для беларускіх вадаёмаў рыб? Па якіх прычынах гэта адбываецца?

— Адна з асноўных прычын, якая ўплывае на відавы склад рыб у воднай сістэме Беларусі — пацяпленне клімату. З павышэннем тэмпературы вады адбываецца памяншэнне растворанага кіслароду. З-за гэтага і адбываюцца заморы рыб. Ёсць рыба, для нерасту якой патрэбна халодная вада. А зімы ў нас становяцца сярэднееўрапейскімі. І калі глядзець на далёкі гарызонт, то можна зрабіць несуцяшальны прагноз: віды рыб, прыстасаваныя да пасялення ў халодных хуткацечных водах, будуць паступова знікаць, а замяняць іх будуць больш цеплалюбівыя панта-каспійскія віды. Спыніць гэты працэс немагчыма. Аднак ёсць спосабы яго запаволіць, і мы іх выкарыстоўваем. Напрыклад, некалькі гадоў запар на рыбагадавальніку «Скок» праводзім мерапрыемствы па штучным апладненні кумжы (рыба сямейства ласасёвых): даём ёй падрасці і выпускаем у Вілію. І ўжо адзначаем павелічэнне яе колькасці.

— Ці можна прывесці прыклады рыбы, якая даўно не фіксавалася ў вадаёмах Беларусі?

— Зніклі з нашых рэк асятры, бялуга, сяўруга, выразуб.

Злавіў — адпусці

— Часам чытаеш аб тым, якіх велізарных самоў, шчупакоў вылоўліваюць рыбакі ў вадаёмах Беларусі. Як правіла, яны фатаграфуюць свае трафеі, паказваюць памеры, вагу і адпускаюць.... Так і трэба рабіць?

— Я вельмі падтрымліваю тактыку «злавіў — адпусці». Ва ўсіх цывілізаваных краінах прытрымліваюцца менавіта гэтага правіла. Там ужо рэдка ловяць рыбу выключна дзеля ежы, як правіла, гэта робіцца дзеля задавальнення. Ёсць меркаванне — старыя трафейныя асобіны не маюць ніякай карысці ў рэпрадуктыўных адносінах. Але гэта не так: усе рыбы нерастуюць, і ва ўсіх ёсць ікра. Таму лепш і такіх асобін не нішчыць.

— Алена Сяргееўна, як на рыбу ўплывае багацце прыкормак, араматызатараў, атрактантаў, якія выкарыстоўваюць для рыбнай лоўлі сучасныя рыбакі?

— Гэта вельмі актуальнае пытанне. Водная сістэма функцыянуе па сваіх законах. Калі мы выгрузім у ваду адно вядро прыкорму, экасістэма справіцца, ачысціцца. А калі кожны з умоўна 300 рыбакоў на Вілейскім вадасховішчы ў выхадныя расходуе столькі ж за дзень? Мы забруджваем водную экасістэму і пакуль не ведаем, як яна рэагуе на гэта. Праблема яшчэ ў тым, што сёння прадаецца мноства прыкормак, склад якіх нам, у прынцыпе, невядомы. Пакуль мы не праводзілі падобных даследаванняў у адкрытай вадзе, але ў перспектыве сумесна з біяхімікамі плануем.

— Ці ёсць праблема рыбнага саліцёра ў Беларусі?

— Ёсць. Паразітаў і інфекцый ніхто не адмяняў. Уся рачная і азёрная рыба патрабуе абавязковай дбайнай тэрмічнай апрацоўкі, а пры засолцы — дастаткова канцэнтраванага раствору і працяглага часу «вытрымкі», прасушвання. Калі гэтыя правілы выконваюцца, няма нічога страшнага ў тым, каб часам і з’есці нешта са свайго ўлову, нават калі вы рыбачыце ў горадзе.

— Асабіста вы ловіце рыбу толькі «па абавязку службы»?

— Не, для душы таксама. Для мяне рыбалка — гэта мастацтва, і, безумоўна, адзін з найлепшых відаў рэлаксу. На пару з супрацоўніцай нашай лабараторыі асвоілі рыбную лоўлю на херабуну (перакладаецца як «вялікі карась»), пакуль не вельмі распаўсюджаную ў Беларусі. Там адмысловая адчувальная снасць з двума кручкамі на павадку. Важна сядзець, не рухаючыся, роўна дыхаць. Вельмі медытатыўная тэхніка, выдатна падыходзіць для псіхалагічнай «разгрузкі». Спачатку калегі з нас пасмейваліся, а потым убачылі, што мы заўсёды з уловам, і перасталі. Яшчэ мне падабаецца лавіць на ўльтралайтавы спінінг. Рыбалка са спінінгам — выдатны спорт. За вечар можна спакойна нахадзіць 10 тысяч крокаў.

— Па вашых назіраннях, жанчын, якія захапляюцца рыбалкай, становіцца больш?

— Так. Я рэгулярна бачу каля вадаёмаў прадстаўніц прыгожага полу з выдатнымі снасцямі, у добрай экіпіроўцы.

— Які міф аб рыбнай лоўлі, на ваш погляд, самы ўстойлівы?

— Самы небяспечны міф — думаць, што прыедзеш на рыбалку, пасмажыш шашлыкоў, вып’еш, сядзеш на беразе і наловіш рыбы. Як спецыяліст часта сустракаюся з відавочным парушэннем тэхнікі бяспекі, ведаю пра няшчасныя выпадкі на рыбалцы з-за нецвярозага стану рыбаловаў-аматараў і магу запэўніць: рыбалка і алкаголь — рэчы несумяшчальныя.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота з архіва Алены ГАЙДУЧЭНКА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю