Top.Mail.Ru
0

На рэспубліканскім конкурсе «Курсант года» будучыя афіцэры прадэманстравалі свае найлепшыя якасці

Не сапернікі, а аднадумцы

Мерапрыемства, прымеркаванае да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, праходзіла ў Мінску 26 і 27 лістапада. Яго ўдзельнікі па максімуме прадэманстравалі свае веды, навыкі баявой падрыхтоўкі, творчыя здольнасці і гатоўнасць прадстаўляць свае навучальныя ўстановы.

Конкурс аб’яднаў курсантаў устаноў вышэйшай адукацыі, якія актыўна праяўлялі сябе ў вучобе, творчасці, спорце, валанцёрскай дзейнасці і патрыятычным выхаванні моладзі. Яго арганізатарам выступіў Цэнтральны камітэт ГА «БРСМ» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, а таксама пры садзейнічанні РДГА «ДТСААФ» і БФСТ «Дынама».

Вялікая школа жыцця

Першы дзень конкурсу пачаўся з ускладання кветак да манумента Перамогі. Пасля гэтага на базе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС адбылося ўрачыстае адкрыццё, а затым курсанты перайшлі да асноўных выпрабаванняў на вучэбных пляцоўках.

Удзельнікам трэба было паказаць узровень страявой падрыхтоўкі, выканаць стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава, а таксама здаць нарматыў па чаўночным бегу 10×10. Асобным этапам стала тэарэтычнае тэсціраванне з 30 пытанняў. Яны датычыліся дзяржаўнага парадку, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, асноў бяспекі жыццядзейнасці і страявога ўстава.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў, намеснік начальніка Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, начальнік Інстытута тэорыі і практыкі бяспекі жыццядзейнасці, палкоўнік унутранай службы Мікалай ДЗЯЛЕНДЗІК падкрэсліў, што значэнне конкурсу выходзіць далёка за межы спаборніцтва:

— Гэта вялікая школа жыцця, якая дазволіць вам сфарміравацца як будучым афіцэрам, як будучым абаронцам Айчыны, як людзям, здольным быць на перадавой.


Паводле слоў Мікалая Дзялендзіка, кожнае выпрабаванне дае курсантам магчымасць удасканаліць навыкі, неабходныя для будучай службы і выканання ўскладзеных на іх абавязкаў. Ён пажадаў удзельнікам конкурсу прадэманстраваць найлепшыя якасці і дасягнуць высокіх вынікаў, падкрэсліўшы, што атрыманыя ў ходзе спаборніцтваў уменні дапамогуць ім з мужнасцю, гонарам і годнасцю выконваць прафесійны абавязак.

Першы сакратар ЦК ГА «БРСМ», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір ПАЎЛОЎСКІ звярнуў увагу на аб’яднальную ролю конкурсу:

— Пад эгідай БРСМ ён праводзіцца на рэспубліканскім узроўні трэці раз і па-сапраўднаму згуртоўвае ўсіх удзельнікаў. Так, сёння вы прадстаўляеце розныя ўстановы адукацыі, свае калектывы, але самая галоўная задача, якую мы ставім, — каб ужо ў фінале, на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання, вы былі адзіным цэлым, каб гэтыя цудоўныя спаборніцтвы вы пранеслі праз усё жыццё.

Уладзімір Паўлоўскі таксама патлумачыў, чаму конкурс пачаўся менавіта на плошчы Перамогі:

— Гэта месца нагадвае пра подзвіг папярэдніх пакаленняў і сімвалізуе сувязь паміж гераічным мінулым краіны і сучаснай моладдзю. І сёння гэта месца стала сведкам таго, што ўсе хлопцы і дзяўчаты, якія стаяць перада мной, з’яўляюцца годнымі прадстаўнікамі моладзі Рэспублікі Беларусь, якія шануюць вялікі подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. І вы ўжо сёння гатовыя не проста гаварыць, а сваімі справамі, сваімі кампетэнцыямі, якія вы атрымалі ў сваіх установах адукацыі, паказваць прыклад і матываваць моладзь, якая пакуль яшчэ думае, паступаць у вашу навучальную ўстанову ці не.

Імкненне да перамогі

Для ўдзельнікаў конкурс стаў вынікам працяглай і мэтанакіраванай падрыхтоўкі. Курсант Інстытута пагранічнай службы Вячаслаў ХОМІЧ расказаў пра свой вопыт падрыхтоўкі да гэтага конкурсу:

— «Курсант года» насамрэч мае для мяне асаблівы сэнс. Разлічваю я, вядома, выключна на перамогу ў гэтым спаборніцтве, як, зрэшты, і кожны курсант, якому выпаў гонар удзельнічаць у ім.

Вячаслаў — курсант трэцяга года навучання. Па яго словах, падрыхтоўка праходзіла штодня. Таксама курсант адзначыў, што ўдзел у конкурсе стаў для яго магчымасцю паказаць уласныя здольнасці і кампетэнцыі, назапашаныя падчас вучобы ў інстытуце. Ён таксама звярнуўся да тых, хто планаваў паспрабаваць свае сілы ў конкурсе ў наступным годзе:

— Не трэба баяцца праяўляць сябе. І самае галоўнае — не перажывайце.

Сваім вопытам падрыхтоўкі падзялілася і курсант Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандра САЗОНАВА. У праграму навучальных збораў, у якіх яна ўдзельнічала, уваходзілі заняткі з выкладчыкамі, вывучэнне розных тэм, агнявая і страявая падрыхтоўка. Для яе конкурс меў не толькі прафесійнае, але і творчае значэнне:

— Гэта магчымасць паказаць, што курсанты — таксама творчыя людзі. Мы можам паспяваць не толькі служыць, але і займацца мастацкай дзейнасцю, развіваць сябе ў гэтым кірунку.

Выбар прафесійнага шляху, паводле слоў курсанткі, быў звязаны з павагай да людзей у форме і жаданнем дапамагаць іншым:

— Мне заўсёды падабаўся гэты кірунак. Я з вялікай павагай стаўлюся да формы і людзей, якія яе носяць. Мне заўсёды падабалася ідэя дапамогі іншым людзям. Я зразумела, што таксама хачу такім чынам дапамагаць людзям.

Аляксандра Сазонава вучыцца на апошнім курсе і павінна скончыць Акадэмію МУС у 2027 годзе. Звяртаючыся да будучых удзельнікаў конкурсу, яна таксама пажадала ім не баяцца і верыць у сябе.

Творчы падыход

Другі дзень спаборніцтва быў прысвечаны рэпетыцыі і фіналу творчага конкурсу. Удзельнікі прадставілі журы візітныя карткі «Мой факультэт» — сцэнічныя выступленні працягласцю да пяці хвілін. У іх трэба было раскрыць гісторыю дзейнасці свайго факультэта і асабісты ўдзел у яго жыцці. Творчыя нумары ацэньваліся па дзесяцібальнай шкале. Журы ўлічвала адпаведнасць тэматыцы, культуру паводзін, арыгінальнасць і артыстызм.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў адбылася 27 лістапада. Найлепшыя ўдзельнікі атрымалі дыпломы, кубкі, медалі і каштоўныя прызы. Кожнаму канкурсанту ўручылі сертыфікат удзельніка праекта і падарункі. Паводле традыцыі, пераможца таксама ўдастоіўся падзякі Савета Бяспекі і магчымасці наведаць парад Маскоўскага ваеннага гарнізона.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю